Артышок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Артышок

Артышо́к, карчо́к, карштук (Cynara) — род кветкавых расьлінаў сямейства астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх астравах. У культуры два блізкія віды — Артышок кардон, або гішпанскі (C. Cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. Scolymus). Як харчовыя, кармавыя і дэкаратыўныя расьліны вырошчваюць у Паўднёвай Эўропе, на поўдні Расеі, ва Ўкраіне. Галоўныя сучасныя вытворцы — Францыя, Італія, Гішпанія.

Шматгадовыя травяністыя расьліны. Сьцябло галінастае, прамое, вышыня 0,5—1 м. Лісьце буйное, лапасьцёвае або перыстарасьсечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыямэтрам да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі зь мясісітым кветаложам (маюць да 4% бялку, 7—15% вугляводаў (да 12% цукру), 3—11% вітаміну С, 0,4 мг% каратыну, вітаміны В1 (0,18 мг %) і В2, С — 5 мг %, правітамін А, інулін, мінэральныя і араматычныя рэчывы, 0,74 % клятчаткі, да 80% вады), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісьця і карані спажываюць вараныя і кансэрваваныя (далікатэсная страва). Сырыя артышокі (перад ужываньнем абдаюць кіпенем) выкарыстоўваюць у салатах. Суквецьці артышока зрэзваюць да поўнага іх раскрыцьця. Пасьля адварваньня ў салёнай вадзе іх можна есьці з алеяй або соўсам або падсмажваць у топленым або сьметанковым масьле і пасыпаць сухарамі або зелянінай. Выкарыстоўваюць таксама артышокі для прыгатаваньня розных соўсаў.

Магчыма, вядомы ў Міжземнамор’і ўжо ў антычнасьці. У 16 ст. пачалі пашырацца зь Італіі па ўсёй Эўропе, магчыма, тады ж упершыню стаў вядомы сярод магнатэрыі Польшчы і ВКЛ дзякуючы атачэньню Боны Сфорцы, але ніколі ня меў тут вялікай папулярнасьці.

Правілы спажываньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле правілаў этыкэту артышокі трэба есьці рукамі. З кветачкі адрываць адзін за адным ляпёсткі, абмокваць іх у соўс і есьці мякаць. Калі ўсе ляпёсткі зьедзены, відэльцам выцягнуць сярэдзіну і зьесьці. Частку, якую не ўжываюць, скласьці на край сваёй талеркі.

Артышок у мэдыцыне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артышок вядомы як стымулявальны і дыўрэтычны лекавы сродак; ужываюць пры дыябэце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціядзьдзе опіуму. Артышок карысны людзям сталага ўзросту і хворым атэрасклерозам, пакольку гліказыд цынарын, якім багата расьліна, зьніжае колькасьць халестырыну ў крові і мае жоўча- і мачагонныя якасьці.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»