Андрэй Мельнічэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Мельнічэнка
Андрэй Ігаравіч Мельнічэнка
Род дзейнасьці прадпрымальніцтва
Дата нараджэньня 8 сакавіка 1972 (52 гады таму)
Месца нараджэньня Гомель, Беларуская ССР
Месца вучобы
Занятак бізнэсмэн, прадпрымальнік, мэцэнат
Бацька Ігар Мельнічэнка
Жонка Аляксандра Мельнічэнка
Узнагароды
ордэн Аляксандра Неўскага Decoration "For Beneficence"
Дадаткова Акцыянэр ААТ «Эўрахім» (Масква), уласнасьць$ 15,5 млрд (2018)

Андрэ́й І́гаравіч Мельнічэ́нка (нарадзіўся 8 сакавіка 1972 году ў Гомлі) — буйны расейскі прадпрымальнік, найбагацейшы ўраджэнец Беларусі за мяжою ў 2011 годзе.

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і навукоўца-фізыка 8 сакавіка 1972 году ў Гомлі, дзе скончыў 9 клясаў школы №11. Браў удзел у школьных алімпіядах гораду, вобласьці й Беларусі па фізыцы. 10-ы й 11-ы клясы скончыў у фізыка-матэматычнай школе-інтэрнаце імя Андрэя Калмагорава пры Маскоўскім унівэрсытэце, пасьля якой з 1989 да 1992 году навучаўся на фізычным факультэце ўнівэрсытэту. У 1997 годзе атрымаў адукацыю па спэцыяльнасьці «Фінансы і крэдыт» у Расейскай эканамічнай акадэміі (Масква)[1].

У 2003 годзе пазнаёміўся, а ў верасьні 2005-га ажаніўся з сэрбскаю мадэльлю Аляксандраю Нікаліч. Жыве ў Маскве.

Прадпрымальніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1991 годзе адкрыў прадпрыемства «Спадарожнік» (па-расейску: «Спутник»), якое па чарзе займалася продажам паездак на адпачынак, службовага абсталяваньня ды валютным абменам на Кастрычніцкай плошчы Масквы[2]. У сакавіку 1993 году стаў сузаснавальнікам і першым старшынём (да 2004 году) банку «Маскоўскі дзелавы сьвет» (па-расейску: «Московский деловой мир»; Новасыбірск), а ў 1997-м — аднаасобным уласьнікам. У 2003 годзе прадаў палову акцыяў банку супольніку (з 1996 г.) Сяргею Папову. У сьнежні 2006 году абмяняў астатнюю палову на ўсе паі мінэральна-хімічнай кампаніі «Эўрахім» (Масква).

Таксама мае 50% паёў заснаванага ў 2001 годзе ААТ «Сыбірская вугальна-энэргетычная кампанія» (Масква)[3].

26 траўня 2009 году сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску[4].

На 2018 год меў 15,5 мільярду $ маёмасьці[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Лукашэнка распрадае заводы расейскім алігархам, але ніхто не купляе Эканоміка. Хартыя’97 (3 красавіка 2009). Праверана 24 красавіка 2011 г.
  2. ^ Беларус Мельнічэнка даў поўху ўсясьветнай яхтавай галіне Грамадзтва. Радыё «Свабода» (18 ліпеня 2008). Праверана 27 красавіка 2011 г.
  3. ^ Вольга Хвоін (29 траўня 2009) Белнафтахім пакуль трымаецца і шукае спонсараў Эканоміка. Новы часПраверана 24 красавіка 2011 г.
  4. ^ Беларускі бок гатовы разгледзіць прапановы расейскага інвэстара па мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці. Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (26 траўня 2009). Праверана 24 красавіка 2011 г.
  5. ^ Forbes / Andrey Melnichenko

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Андрэй Мельнічэнкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў