Андрэа Палядыё

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэа Палядыё
Дата нараджэньня 30 лістапада 1508
Месца нараджэньня Падуя, Вэнэцыянская рэспубліка
Дата сьмерці 19 жніўня 1580
Месца сьмерці
Занятак архітэктура
Навуковая сфэра архітэктура
Плынь палядыянства
Працы Віла Ратонда,
Сабор Сан-Джорджа Маджорэ

Андрэа Палядыё (па-італьянску: Andrea Palladio), сапраўднае імя — Андрэа ды П’етра (30 лістапада 1508, Падуя — 19 жніўня 1580) — вялікі італьянскі архітэктар позьняга Адраджэньня. Заснавальнік палядыянства й клясыцызму. Верагодна, самы ўплывовы архітэктар у гісторыі[3].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Падуі, якая была на той час часткай Вэнэцыянскай рэспублікі, у сям’і млынара П’етра «дэльля Гандоля» (Pietro «della Gondola»). У 1524 годзе перасяліўся ў Вічэнцу, дзе пачаў працаваць у скульптурнай майстэрні Барталямэа Кавацца з Сасаны, сумна вядомай кепскімі ўмовамі працы. Двойчы спрабаваў адтуль зьбегчы — другая спроба, у 1524 годзе, была ўдалай, і Палядыё перабраўся ў Вічэнцу на працу ў майстэрню Сан-Б’яджа ў квартале Пэдэмура. Ейныя ўладальнікі, Джаваньні ды Джакама з Парлеццы й Джыраляма Пітоні зь Люміньяны, былі знакамітымі ў Вічэнцы скульптарамі. Андрэа рабіў працу, якая звычайна даручалася чаляднікам: капітэлі, рэльефы, фрызы.

Помнік Андрэа Палядыё ў Вічэнцы.

У 1534 годзе, калі яму было 26 гадоў, ягонай жонкай стала Алеградона, дачка цясьляра Маркантоніё. У іх нарадзілася 5 дзяцей: сыны Леаніда, Маркантоніё, Арацыё й Сыла й дачка Зэнобія. У Вічэнцы будучы майстар зблізіўся з гуманістам Джан Джорджа Трысына, пад кіраўніцтвам якога пачаў вывучаць архітэктуру й атрымаў гуманістычную адукацыю. Трысына пераканаў яго зьмяніць імя на псэўданім Палядыё (паводле грэц. палядыён — гэтак звалася статуя багіні Атэны Паляды, якая, паводле атэнскага паданьня, звалілася зь неба й абараняла горад ад ворагаў; імём Палядыё сам Трысына пасьля назваў нябеснага пасланца ў адной са сваіх эпічных паэм). Паводле парады Трысына будучы архітэктар зьдзейсьніў сваё першае вандраваньне ў Рым, а па сваім вяртаньні гуманіст стаў ягоным першым заказчыкам.

Пры заступніцтве Трысына майстар пазнаёміўся са шматлікімі выбітнымі помнікамі рымскай антычнай і рэнэсансавай архітэктуры падчас вандровак у Вэрону (1538—1540), Вэнэцыю (1538—1539), Рым (1541—1548; 1550—1554) і іншыя гарады. Досьвед і творчыя прынцыпы Палядыё склаліся як пад уплывам уважлівага вывучэньня Вітрувіюса, гэтак і вывучэньню архітэктуры й трактатаў архітэктараў XV стагодзьдзя й ягоных сучасьнікаў (Леон Батыста Альбэрці, Джуліё Рамана, Дж. М. Фальканэта, Сэбастыяна Сэрліё, Мікеле Санмікелі).

З 1558 году архітэктар працаваў у Вэнэцыі, дзе ўзьвёў шэраг цэркваў, гарадзкіх палацаў, грамадзкіх пабудоваў, паводле заказаў вэнэцыянскай арыстакратыі будаваў вілы ў навакольлях Вэнэцыі й Вічэнцы. У 1570 годзе атрымаў тытул «найслыннага грамадзяніна Вэнэцыі» («прота дэльля Сэрэнісыма»).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Базыліка Палядыё ў Вічэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сцэна тэатра Алімпіка ў Вічэнцы.

У 1545 годзе Палядыё атрымаў перамогу ў конкурсе на права перабудовы гарадзкой ратушы XIII стагодзьдзя. Паляцца дэльля Раджонэ (цяпер — Базыліка Палядыё; 1546—1549) у Вічэнцы. У гэтай пабудове фармуецца адна з асноўных асаблівасьцяў творчага мэтаду Палядыё — ён стварае новую сыстэму прапорцыяў ордараў, выкарыстоўваючы ордар ня толькі як простую дэкарацыю фасаду, а як галоўны арганізуючы прынцып канструкцыі, з-за чаго яна становіцца выразнай, здаецца проста й ясна арганізаванай, гарманічнай.

Палацавыя пабудовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уважліва вывучаючы «Дзесяць кнігаў пра архітэктуру» Вітрувіюса й разьвіўшы ягоную ідэю дома з атрыюмам і пэрыстылем, дойлід стварыў новы тып гарадзкога палаца — паляцца. Раньнія паляцца ў Вічэнцы (палацца Т’енэ, 1550—1551; Ізэпа да Порта, 1552) яшчэ блізкія да флярэнтыйскіх паляцца XV стагодзьдзя. У паляцца К’ерыкаці, пачатым у 1550 годзе, злучаны рысы невялікага палаца й грамадзкага збудаваньня. Фасад упрыгожаны адкрытымі калённымі лоджыямі ў двух ярусах. Паводле клясычнай старажытнарымскай схеме, ужытай яшчэ ў Калізэі, на першым ярусе ўжыты дарычны (тасканскі) ордар, на другім — іянічны. Унутры палацца ўладкованы анфілады залаў з цэнтральнай вялікай залай на другім паверсе. Дзякуючы глыбокім лоджыям фасад набывае аб’ёмнасьць і рацыянальную тэктоніку.

У афармленьні фасадаў шэрагу вілаў і гарадзкіх дамоў Палядыё нярэдка ўжываў вялікі ордар (недабудаванае паляцца Порта-Брэганзэ ў Вічэнцы, 1571). Велізарныя калёны на высокіх пастамэнтах глядзельна аб’ядноўваюць вокны першага й другога паверхаў, сьціснутымі паміж калёнамі. Яшчэ ў паляцца Вальмарана (пачата ў 1566) быў ужыты вялікі ордар у выглядзе пілястраў. Але самая знакамітая пабудова Палядыё, упрыгожаная каланадай вялікага кампазытнага ордара — няскончаная Лоджыя дэль Капітаньнё (1571-72) на плошчы Сыньнёрыі ў Вічэнцы насупраць базылікі.

Вілы ў навакольлях Вэнэцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віла Фаскары
Віла Ратонда

Найбольш значная частка спадчыны Палядыё — шматлікія спраектаваныя ім вілы ў навакольлях Вэнэцыі й Вічэнцы. Вілы былі прыстасаваны для вядзеньня сельскай гаспадаркі й адказвалі запатрабаваньням шляхецтва вобласьці Вэнэта, якая ўкладвала капіталы ў зямельныя ўгодзьдзі. Кампазыцыя кожнага ансамбля строга сымэтрычная — ад параднага саду й пад’ездаў праз галоўны портык ці аркаду, папярэднюю парадным залям, да лоджыі ці портыку процілеглага боку будынка, якая выходзіць у другі сад. Калённы портык з франтонам у духу рымскай архітэктуры надаваў жыльлю чалавека «храмападобы» характар, тым самым узвышаючы й асобу ўладальніка, і быццам само кола ягонага жыцьця. У вілах Палядыё асабліва выдатна выявілася ягоная здольнасьць майстэрска спалучаць архітэктуру й прыроду, ператвараючы пэйзажнае асяродзьдзе ў натуральнае асяродзьдзе жыцьця чалавека (для вэнэцыянцаў гэта было асабліва значным, бо сама Вэнэцыя пазбаўлена зеляніны).

Шэдэўрам Палядыё зьяўляецца віла Альмэрыка-Вальмарана («Ля Ратонда» (ці «Капра») у Вічэнцы (1551—1567, дабудавана Вінчэнца Скамоццы) — першая сьвецкая пабудова эпохі Адраджэньня, якая мела купал. Будынак быў выбудаваны ў прапорцыях залатога сячэньня па тыпу бэльвэдэру з заляй у форме акружыны, меў купал са сьветлавым ліхтаром і разьмешчанымі вакол яго па баках фасадаў лёгкімі іянічнымі 6-калённымі портыкамі зь лесьвіцамі.

Палядыё дасьціпна й тактоўна абыходзіўся з матывамі старажытнарымскай архітэктуры, вывучанай ім у Рыме й паводле трактату Вітрувіюса, абыгрываючы спалучэньні калёнаў рознай вышыні й розных ордараў, нярэдка аб’ядноўваючы паверхі будынка масіўнымі калённымі («вялікі ордар»), накладваючы портыкі й аркі на простыя геамэтрычныя архітэктурныя аб’ёмы й гэтым падкрэсьліваючы чысьціню формаў і гармонію іхных суадносін. Апроч сваіх дасьледчых працаў у Рыме, Палядыё праводзіў абмеры антычных помнікаў у Вэроне, Спліце й Німе.

Цэрквы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выгляд на сабор Сан-Джорджа Маджорэ з плошчы Сьвятога Марка.

У Вэнэцыі Палядыё паводле заказаў Царквы выканаў некалькі праектаў і пабудаваў шэраг цэркваў (Сан-П’етра ін Кастэля, 1558; клюатар царквы Санта Марыя дэльля Карыта [цяпер Музэі Акадэміі]; фасад царквы Сан-Франчэска дэльля Віньня, 1562; Сан-Джорджа Маджорэ на аднайменным востраве, 1565 [завершана Скамоццы да 1610]; «Іль Рэдэнторэ», гэта значыць царква Збавіцеля, на востраве Джудэка, 1576—1592; Санта-Марыя дэльля Прэзэнтацыёнэ, ці «Ле Цытэле»; Санта-Лючыя, разабрана ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя пры будаўніцтве чыгуначнай станцыі). Калі вілы Палядыё ў цэлым аб’ядноўвае ўражаньне гармоніі й заміранасьці формаў, то ў ягоных цэрквах галоўнае — дынаміка формаў, часам — усхваляваная патэтыка.

Позьнія грамадзкія пабудовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Позьнія грамадзкія пабудовы Палядыё некаторымі сваімі рысамі — прыцягненьнем да маштабнасьці формаў, трыюмфальнасьцю — блізкія да архітэктуры барока. Будаўніцтва Лёджыі дэль Капітаньнё (1571), разьмешчанай насупраць базылікі ў Вічэнцы, супала зь перамогай вэнэцыянцаў над туркамі ў бітве пры Лепанта й таму не выпадкова сваёй кампазыцыяй яна нагадвае рымскую трыюмфальную арку (у рэльефах бакавых фасадаў адлюстраваны ўзятыя ў турак трафэі). Магутныя паўкалёны карынцкага ордару, якія аб’ядноўваюць два паверхі, падкрэсьліваюць патэтычны рытм усяго будынка.

Сапраўдным шэдэўрам Палядыё зьяўляецца тэатар Алімпіка, збудаваны дзеля адкрытай ім Алімпійскай Акадэміі ў Вічэнцы (1580—1585, скончаны Скамоццы). Ён уяўляе сабой пераасэнсаваны дойлідам варыянт антычнага тэатральнага будынка. Невялікі высокі амфітэатар, які зьмяшчае тысячу чалавек, з каменнымі лавамі-прыступкамі абнесены зьверху калянадай з статуямі. Скрозь арку й чатыры бакавыя праёмы, зробленыя ў задніку сцэны, бачны вуліцы гораду.

«Чатыры кнігі пра архітэктуру» і Палядыянства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Чатыры кнігі пра архітэктуру і Палядыянства

Архітэктурная й літаратурная спадчына Палядыё («Рымскія старажытнасьці» — своеасаблівы даведнік па рымскіх руінах, вывучаным самім Палядыё, 1554; камэнтары з малюнкамі да працаў Вітрувіюса, выдадзеныя Даніеле Барбара, 1556; «Чатыры кнігі пра архітэктуру», 1570; праца па дасьледаваньні фасаду Сан-Пэтроніё ў Балёньні, 1574 г, і інш.), якое зрабіла клясычную мову архітэктуры агульнадаступнай і ўнівэрсальнай, згуляла выключную ролю ў разьвіцьці архітэктурных ідэяў барока й клясыцызму ў XVII і XVIII стагодзьдзях. Пасьлядоўнікі майстра, як то Ініга Джонз, Крыстафэр Рэн, лорд Бэрлінгтан, Ўільям Кент — у Ангельшчыне, Вінчэнца Скамоццы — у Італіі, Джакама Кварэнгі — у Расеі, Томас Джэфэрсан — у ЗША, стварылі цэлы кірунак у эўрапейскай архітэктуры, які атрымаў назву палядыянства, зварот да якога застаецца актуальным у архітэктуры да цяперашняга часу. Разам з сынамі Палядыё падрыхтаваў новы пераклад «Занатовак пра Гальскую вайну» Цэзара ў 1574 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Андрэа Палядыёсховішча мультымэдыйных матэрыялаў