Алег Цывінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алег Цывінскі
Дата нараджэньня 17 лістапада 1977(1977-11-17)[1] (46 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (1998)
Занятак эканаміст
Навуковая сфэра Эканоміка
Месца працы Ельскі ўнівэрсытэт (ЗША; з 2008 г.)
Навуковая ступень доктар філязофіі ў эканоміцы[d][2]
Навуковы кіраўнік Narayana Kocherlakota[d]
Узнагароды «Маладыя лідэры плянэты» (2009)
Сайт economics.yale.edu/people/aleh-tsyvinski

Алег Цывінскі (нар. 1977; Віцебск, цяпер Беларусь) — беларускі эканаміст, які стаў наймаладзейшым прафэсарам Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША) за яго гісторыю ва ўзросьце 30 гадоў. Доктар эканамічных навук (2003), прафэсар (2008). Займаецца дасьледваньнямі ў галіне макраэканомікі, палітычнай эканомікі, фінансаў.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 1994 г. скончыў сярэднюю школу ў Віцебску (Беларусь). У верасьні 1994 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (Менск, Беларусь), які скончыў у чэрвені 1998 г. з чырвоным дыплёмам па спэцыяльнасьці банкаўская справа. У верасьні 1998 г. паступіў у магістратуру Ўнівэрсытэту Мінэсоты(en) (Мінэапаліс, штат Мінэсота, ЗША), якую скончыў у чэрвені 2003 году. Увосень 2003 г., у 25 гадоў, тамсама атрымаў званьне доктара эканамічных навук. У 2000—2003 гг. адначасна працаваў памочнікам аналітыка ў дасьледчым аддзеле Фэдэральнага рэзэрвовага банка Мінэапаліса(en) (штат Мінэсота, ЗША). Улетку 2001 г. прайшоў практыку эканамістам у Міжнародным валютным фондзе (Вашынгтон, ЗША).

У 2003 г. стаў сябрам Нацыянальнага бюро гаспадарчых дасьледаваньняў(en) (НБГД; Кембрыдж, штат Масачусэтс, ЗША). У 2003—2005 гг. працаваў дацэнтам Каліфарнійскага ўнівэрсытэту (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія, ЗША). У 2005—2008 гг. працаваў дацэнтам эканамічнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту (Кембрыдж, штат Масачусэтс, ЗША). 15 лютага 2006 г. супольна з дацэнтам Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту Міхаілам Голасавым (нар. 1977, Віцебск) атрымаў ад Нацыянальнага навуковага фонда(en) (ННФ; Арлінгтан, штат Вірджынія, ЗША) $276,6 тыс. на дасьледаваньне «Найлепшая палітыка ў рухавых весткава абмежаваных гаспадарках», якое выканаў да студзеня 2008 году[3]. 15 студзеня 2007 г. атрымаў ад ННФ $500 тыс. на дасьледаваньне «Новыя рухавыя дзяржаўныя фінансы — ад тэорыі да палітыкі», якое выканаў да лістапада 2013 году[4]. У лютым 2007 г. атрымаў на дасьледаваньне $45 тыс. 2-гадовай стыпэндыі ад Фонда Альфрэда Слоўна(en) (Нью-Ёрк, ЗША).

Зь 2008 г., з 30 гадоў, прафэсар эканомікі на эканамічным факультэце Ельскага ўнівэрсытэту (Нью-Хэйвен, штат Канэктыкут, ЗША). Таксама ў 2008 г. стаў сукіраўніком праграмы макраэканамічных дасьледаваньняў у Фондзе дасьледаваньняў гаспадаркі імя Каўлза(en) (Нью-Хэйвен, штат Канэктыкут, ЗША). 25 лютага 2009 г. стаў 1-ым беларусам, якога «Сусьветны эканамічны форум» (Калёньні, кантон Жэнэва, Швайцарыя) улучыў у сьпіс «Маладыя лідэры плянэты»(en) 2009 году[5]. 11 красавіка 2011 г. атрымаў на гаспадарчае дасьледаваньне $43 тыс. стыпэндыі ад Фонда памяці Джона Гугэнхайма(en) (Нью-Ёрк, ЗША)[6].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2015 г. меў 32 навуковыя артыкулы па-ангельску, якія выдаў у суаўтарстве[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Davos 2014 Participant List
  2. ^ https://news.nes.ru/news/izvestnyij-ekonomist-oleg-czyivinskij-stal-professorom-resh-po-sovmestitelstvu/
  3. ^ Найлепшая палітыка ў рухавых весткава абмежаваных гаспадарках (анг.) // Нацыянальны навуковы фонд, 11 студзеня 2008 г. Праверана 5 лістапада 2015 г.
  4. ^ Новыя рухавыя дзяржаўныя фінансы — ад тэорыі да палітыкі (анг.) // Нацыянальны навуковы фонд, 15 лістапада 2013 г. Праверана 5 лістапада 2015 г.
  5. ^ Марыя Мартысевіч. Беларускай эканоміцы неабходна лібэралізавацца // Газэта «Новы час», 1 сакавіка 2009 г. Праверана 5 лістапада 2015 г.
  6. ^ Алег Цывінскі (стыпэндыят) (анг.) // Фонд памяці Джона Гугэнхайма, 2012 г. Праверана 5 лістапада 2015 г.
  7. ^ Артыкулы Алега Цывінскага // Эканамічны факультэт Ельскага ўнівэрсытэту, 2015 г. Праверана 5 лістапада 2015 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]