Агрэст

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Агрэст
Ribes grossularia ці Ribes uva-crispa
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
Бінамінальная намэнклятура
Ribes uva-crispa
Ахоўны статус
Пагроза не ацэньвалася (NE)

Агрэ́ст (па-лацінску: Ribes grossularia ці Ribes uva-crispa) — род шматгадовых расьлін сямейства агрэставых.

У Беларусі пашыраны агрэст звычайны, ці эўрапейскі — родапачынальнік большасьці культурных гатункаў — ягаднае шматгадовае кустоўе вышынёй да 120 см з парасткамі, пакрытымі шыпамі. Дзікі агрэст зрэдку трапляецца па схілах, сярод хмызьнякоў. Назва паходзіць ад францускага groseillier à maquereaux — «парэчкі для макрэлі» (у францускай кухні гатуюць макрэль у агрэставым соусе). У ежу ідуць ягады круглай ці падоўжанай формы, часам пакрытыя валаскамі. Колер пладоў — зялёны, жоўты, чырвоны і нават пурпуровы. Ягады зьмяшчаюць да 9% цукроў (фруктоза і глюкоза), арганічныя кіслоты, мінэральныя рэчывы (фосфар, жалеза, кальцый, да 260 мг% калію, медзь), пектынавыя і дубільныя рэчывы, 30 мг% вітаміну C (ня менш чым у лімоне), каратын, вітаміны B1, P, E.

Як ягадная культура вядомы на тэрыторыях усходніх славян з XI стагодзьдзя. Набыў шырокае распаўсюджаньне ў Беларусі ў XIX стагодзьдзі, калі пачалі культывавацца заходнеэўрапейскія гатункі. Найбольш традыцыйнымі лічацца гатункі ангельскі жоўты (ягады зеленавата-жоўтыя на пачатку высьпяваньня, сьпелыя ягады маюць бурштынава-жоўты колер), варшаўскі (сьпелыя ягады маюць чырвоны колер), зялёны бутэлечны (цёмна-зялёныя ягады з чырванавата-карычневымі кропкамі па жылках, ня маюць валаскоў). Спажываюць у сырым выглядзе (толькі сьпелыя, мяккія, з характэрным для гатунку колерам). Прыдаецца для гатаваньня джэмаў, канфіцюраў, жэле, мармеладаў, кампотаў, сочыва, павідла, засушкі (для гатаваньня лепш надаюцца недасьпелыя, яшчэ цьвёрдыя ягады). Сушаны агрэст ужываюць для мясных і рыбных соусаў. Таксама з агрэсту робяць шыпучае віно, наліўкі. У «Літоўскай гаспадыні» згадваецца спосаб захаваньня агрэсту на зіму. Захаваны агрэст выкарыстоўваюць для пенак: ягады агрэсту вараць у вадзе да мяккасьці, праціраюць праз сіта, атрыманым мармэлядам запраўляюць пенкі, узьбітыя з бялкоў, дадаўшы ваніль.

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Зьміцер Дзядзенка, праект «Наша ежа»

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агрэстсховішча мультымэдыйных матэрыялаў