Іцызм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«…Магчыма, ёсьць штосьці нашмат болей, чым тое, што мы можам ведаць».

Іцы́зм (па-нідэрляндзку: Ietsisme, ад па-нідэрляндзку: Iets — штосьці, што-небудзь, абы-што) — тэрмін, які апісвае веру ў мэтафізычную сілу. Выраз вынайдзены для пазначэньня формы рэлігійнага лібэралізму для клясыфікацыі веры, калі чалавек, з аднаго боку, падазрае, што штосьці ці хтосьці дзесьці ёсьць, але, зь іншага боку, не прымае і не падтрымлівае ўсталяваную сыстэму вераваньняў, дактрынаў, догмаў і існуючых тлумачэньняў прыроды Бога якой бы то ні было рэлігіі.

Вызначэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магчыма, што першае ўзгадаваньне гэтага слова было ў нідэрляндзкім «Сацыяльна-культурнай справаздачы» 1996 року, (па-нідэрляндзку: Sociaal en Cultureel Rapport 1996). У лістападаўскім выданьні пэрыядычнага часопіса філязофіі «Filosofie Magazine» таго ж року ў артыкуле «Вось, ідуць Іцэры», паведамлялася: «Усё менш людзей праяўляюць цікавасьць да царквы. Колькасьць вернікаў у „невядомую, вышэйшую сілу“ павялічваецца; пачынаючы з 1991 року, з 2 % да 22 % (паводле дадзеных «Сацыяльна-культурнай справаздачы» за 1996 рок). Гэта нацыянальная эпідэмія. Тыповы адказ іцыста на пытаньне: „Ці верыце вы ў агульнапрынятага хрысьціянскага Бога?“ будзе: „Hе, але штосьці мусіць быць…“». Апытанка грамадзкай думкі, што праводзілася галяндзкай штодзённай газэтай «Trouw» у кастрычніку 2004 року, паказала, што блізу 40 % яе чытачоў адчуваюць сябе менавіта «іцыстамі».

Выраз стаў вядомым у Нідэрляндах пасьля таго, як палітычны аглядальнік Рональд Пластарк (па-нідэрляндзку: Ronald Plasterk; у цяперашні час міністар адукацыі, культуры і навукі Нідэрляндаў) выкарыстаў яго як асноўную тэму тэлевізійнай праграмы «Buitenhof». Але, мусіць, слова існавала і да гэтай праграмы.

У адрозьненьне ад традыцыйных агностыкаў, якія разглядаюць рэчы больш скептычна, «ня веруючы ў тое, што невядома», іцысты лічаць, што, «магчыма, ёсьць штосьці нашмат болей, чым тое, што мы можам ведаць». Бог у гэтай форме рэлігійнага лібэралізму можа ўяўляцца альбо як нейкая істота, якая існуе па-за сьветам (падобны пункт гледжаньня выказваецца і ў юдаізьме, хрысьціянстве і ісламе), або як калектыўная духоўная сіла, што існуе ў межах сьвету (падобна будыйскаму «ўяўленьню пра сьвет»).

У кастрычніку 2005 року слова «іцызм» было далучана да чатырнаццатага выпуску слоўніка «ван Дaлe» (па-нідэрляндзку: Dikke Van Dale)[1]. У ангельскую мову гэты тэрмін трапіў у якасьці запазычаньня з галяндзкай.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ISBN13: 9789066484313, 14-ы выпуск галяндзкага слоўніку Dikke van Dale.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]