Іхтыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іхтыс — сымбаль хрысьціянаў

І́хтыс (па-старажытнагрэцку: Ίχθύς — «рыба») — знак першых хрысьціянаў, што сымбалізуе Ісуса Хрыста. Гэта акронім, які складаецца зь пяці першых літар наступных словаў:

ΙΗΣΟΥΣ — Ісус
ΧΡΙΣΤΟΣ — Хрыстос
ΘΕΟΥ — Божы
ΥΙΟΣ — Сын
ΣΩΤΗΡ — Збаўца

Рыба пачала выкарыстоўвацца як першы сымбаль хрысьціянства на два стагодзьдзі раней за крыж і ўжываецца да цяпер.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Зьяўленьне Хрыстовае вучням». Дуча ды Буанінсэнья, 1308—1311

У часе перасьледу першых хрысьціянаў немагчыма было карыстацца выявамі Хрыста, таму паўсталі разнастайныя сымбалічныя коды. Выявы акроніма ΙΧΘΥΣ або стылізаванае пад яго рыбы зьяўляюцца ў рымскіх катакомбах у II стагодзьдзі. Рыба згадваецца таксама ў творы Генрыка Сянкевіча «Quo vadis» пра хрысьціянаў тагачаснага пэрыяду.

Сымбаль мае падвойнае тлумачэньне. Па першае, ён зьвязаны з вадой, дзе пражываюць рыбы, і такім чынам азначае хрышчэньне. Па-другое, мае дачыненьне і да Эўхарыстыі, аднаго з хрысьціянскіх сакрамэнтаў. Да IX стагодзьдзя рыба прысутнічала на ўсіх выявах Апошняй вячэры побач з хлебам і келіхам.

У Бібліі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месцы Новага Запавету, дзе згадваецца рыба або рыбацтва[1]:

  • І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і я зраблю вас лаўцамі людзей (Мк., 1:17).
  • бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы (Мц., 12:40).
  • Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны (Мц., 14:17).
  • Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася (Лк., 5:6).
  • Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду (Лк., 24:42).
  • А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы (Ян., 21:6).
  • Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак (I Кар., 15:39).

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Дарвінава рыба»

Напрыканцы XX стагодзьдзя іхтыс зноў стаў папулярным сымбалем ня толькі між пратэстантаў розных краінаў і коптаў, але ўсё часьцей і ў каталікоў. Такую налепку можна часта ўбачыць на легкавіках. Супернікі крэяцыянізму сталі парадаваць гэты знак, налепваючы на ўласныя машыны знак рыбы са словамі «Дарвін» і ножкамі[1], «Лятаючы макаронны монстар» або «Ктулху».

У амэрыканскім Ўілмары (Кентукі) ладзіцца шторочны фэст пад назовам Іхтус (анг. Ichthus Music Festival).

У Вялікабрытаніі дзейнічае нэахарызматычны царкоўны рух «Хрысьціянскае брацтва Іхтус» (анг. Ichthus Christian Fellowship).

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе дыстрыбутыў апэрацыйнае сыстэмы Лінукс пад назваю Ichthux, пабудаваны на хрысьціянскіх каштоўнасьцях.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б B.A. Robinson. (17 лістапада 2009) The history of the Christian fish symbol (анг.). Religious Tolerance.org. Праверана 16 красавіка 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Franz Joseph Dölger. ICHTHYS Nachdruck/Reprint in 6 Bänden (Band 5 in 2 Bänden) Oberhausen/Duisburg 1999-2000. — Deutschland: Peter W. Metzler Verlag, Buch- und Medienversand Peter Metzler. — (Archäologie, Patristik, Christentum, Religionen und Kulturen der Antike).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іхтыссховішча мультымэдыйных матэрыялаў