Ісьляндзкі конь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ісьляндзкі конь

Ісьля́ндзкі конь — парода коней, якіх вырошчваюць у Ісьляндыі.

Характэрныя рысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яе характэрныя рысы — невялікі рост (да 144 см у карку), каржакаватасьць і грубаватасьць, вялікая галава, густая, дыхтоўная чолка, даўгія грыва і хвост. Масьці коней могуць быць розныя — напрыклад, рудая, гнядая, шэрая, вараная, пегая, альбо з рыскамі на нагах. Ісьляндзкіх коней ня трэба блытаць з поні, нягледзячы на іх падабенства.

Ісьляндзкія коні дасягаюць сьпеласьці позна — у 7-8 год, але жывуць доўга — да 40 год. Гадуюцца ў г. зв. табунным разьвядзеньні, на вольным паветры. Толькі з надыходам зімы іх заганяюць ва ўкрыцьці. Коні не пужаюцца маразоў, бо абрастаюць тоўстай, дыхтоўнай поўсьцю, і рэдка хварэюць.

Асаблівасьць іх у тым, што яны пяціалюрныя. Яны валодаюць трыма асноўнымі алюрамі — крокам, рысьсю і галопам, а таксама скэйдам і тэльтам — чатырохтактным хуткім алюрам (пярэднія ногі робяць крокавыя рухі, а заднія рушаць далёка наперад, што дазваляе каню энэргічна рухацца наперад.

Ісьляндзкія коні вельмі кемлівыя. Яны вельмі хутка пераадольваюць такія перашкоды, як коўзкія льды, вострыя камяні альбо хуткаплынныя рэкі. Характар — спакойны, добразычлівы. Дзякуючы таму, што на працягу доўгага часу сваёй гісторыі коні не сустракаліся з драпежнікамі, яны не баяцца чалавека і давяраюць яму.