Інтэрпол

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі
па-ангельску: International Criminal Police Organization
Дзяржавы-ўдзельніцы
Дзяржавы-ўдзельніцы
Абрэвіятура МАКП
Дата ўтварэньня 7 верасьня 1923 (100 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта Папярэджаньне злачынстваў
Штаб-кватэра г. Ліён, вобласьць Рона-Альпы, Францыя
Сяброўства 186 дзяржаваў, 4 калёніі Нідэрляндаў
Афіцыйныя мовы ангельская, арабская, гішпанская, француская
Генэральны сакратар Рональд Ноўбл
Бюджэт 47,6 млн эўра (2008)
Сайт www.interpol.int
Колішняя назва Міжнародная камісія крымінальнай паліцыі (да 13 чэрвеня 1956 г.)

Міжнаро́дная арганіза́цыя крыміна́льнай палі́цыі (Інтэрпо́л ці Інтэрпа́л) — міжнародная арганізацыя, асноўнай задачай якой зьяўляецца аб’яднаньне намаганьняў нацыянальных праваахоўных органаў краінаў-удзельніцаў у галіне барацьбы з агульнакрымінальнай злачыннасьцю.

Інтэрпол не ажыцьцяўляе ніякіх умяшальніцтваў у дзейнасьць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага і расавага характару (артыкул 3 Статуту).

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сход. Склікаецца штогод. Складаецца з прадстаўнікоў урадаў. Простаю большасьцю галасоў ухваляе кірункі дзейнасьці ды выдаткі. Абірае Камітэт з свайго складу, генэральнага сакратара ды Камісію. Прымае новых чальцоў ды зьмяняе Статут 2/3 галасоў.
  • Камітэт. Складаецца з абранага на 4 гады старшыні ды абраных на 3 гады 3-х намесьнікаў і 9 прадстаўнікоў. Назірае за выкананьнем Сакратарыятам пастановаў Сходу. Прызначае дарадцаў.
  • Сакратарыят. Узначальваецца абраным на 5 год генэральным сакратаром. Выконвае пастановы Сходу й Камітэту. Падтрымлівае зносіны з урадамі й міжнароднымі арганізацыямі.
  • Аддзелы. Прызначаюцца ўрадамі адпаведных краінаў. Вядуць міжсобку ды з Сакратарыятам зьвесткаабмен аб вышуку злачынцаў[1].
  • Камісія. Зьбіраецца тройчы на год пры зачыненых дзьвярах. Складаецца з 5 асобаў, абраных на 3 гады: паліцыянта, апрацоўніка лічбавых зьвестак і 3-ох ахоўнікаў дадзеных. Зьбірае зьвесткі аб асобах для выдачы ўрадам-удзельнікам[2].

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба МАКП у Ліёне

У якасьці дзяржаваў-заснавальніцаў у Міжнароднай камісіі крымінальнай паліцыі напачатку бралі ўдзел Аўстрыя, Бэльгія, Вугоршчына, Грэцыя, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Італія, Кітай, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Францыя, Швайцарыя, Швэцыя, Эгіпет ды Югаславія. Колькасьць удзельнікаў паступова павялічвалася і ў кастрычніку 2008 году дасягнула 186 дзяржаваў. Да таго ж Нідэрлянды мелі дадатковых прадстаўнікоў ад 4 сваіх калёніяўАруба, Кюрасао, Нідэрляндзкія Антылы ды Сьвяты Марцін.

Урад Беларусі бярэ ўдзел у МАКП з 29 верасьня 1993 г. Урады ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама ёсьць удзельнікамі арганізацыі. Урад Польшчы — ад яе заснаваньня, Расеі — з 27 верасьня 1990 г., Летувы — з 4 лістапада 1991 г., Латвіі ды Ўкраіны — з 4 лістапада 1992 году[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рональд Ноўбл, 7-ы генэральны сакратар (2007 г.)

Міжнародную камісію крымінальнай паліцыі заснавалі 7 верасьня 1923 г. на міжнародным зьезьдзе ў Вене (Аўстрыя). У 1927 г. стварылі аддзелы ў дзяржавах-удзельніцах. У 1942 г. сядзібу камісіі перанесьлі ў Бэрлін (Нямеччына). У 1945 — у Сэн-Клу (павет Вярхоўі Сены, вобласьць Іль-дэ-Франс, Францыя), з 1989 г. у Ліёне. У 1982 г. для збору й выдачы зьвестак аб асобах заснавалі Камісію.

Генэральныя сакратары:

  1. Оскар Дрэсьлер (1923-1946)
  2. Луі Дзюклу (1946-1951)
  3. Марсэль Сіко (1951-1963)
  4. Жан Непот (1963-1978)
  5. Андрэ Босар (1978-1985)
  6. Рэйманд Кендал (1985-2000)
  7. Рональд Ноўбл (з 2000-га).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да сьнежня 2013 году Нацыянальнае бюро МАКП у Беларусі высьветліла месцазнаходжаньне звыш 1000 злачынцаў, у тым ліку больш за ўсё ў Аўстраліі, Тайляндзе і Лібане. Пры гэтым абмяняліся дакумэнтамі з праваахоўнікамі ў 106 са 190 дзяржаваў-удзельніц МАКП[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Статут (анг.). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (15 лютага 2010). Праверана 19 студзеня 2012 г.
  2. ^ Правілы кіраваньня зьвесткамі ды доступу да дадзеных (анг.). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (15 лютага 2010). Праверана 19 студзеня 2012 г.
  3. ^ Даты ўступленьня ўдзельнікаў (анг.). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі. Праверана 19 студзеня 2012 г.
  4. ^ Сьвятлана Барысенка. Бюро Інтэрпалу ў Беларусі — 20 гадоў // Зьвязда : газэта. — 10 сьнежня 2013. — № 232 (27597). — С. 7. — ISSN 1990-763x.