Ібэры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэрыторыя расьсяленьня ібэраў

Ібэ́ры — народ, які жыў на тэрыторыі сучаснай Гішпаніі, прыкладна з 3 тысячагодзьдзя да нашай эры. Таксама ібэры ў антычных крыніцах — этнічная назва ўсходне-грузінскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Ібэрыі (рэгіён Картлі, Усходняя Грузія).

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Воін з Махентэ. Статуэтка захоўваецца ў Музэі дагістарычных часоў Валенсіі

Вучоныя разыходзяцца сваіх меркаваньнях наконт паходжаньня ібэраў. Адны мяркуюць, што яны прыйшлі зь міжземнаморскага ўзьбярэжжа, іншыя лічаць, што ібэры прыбылі з Паўночнай Афрыкі. Аднак ёсьць і тыя, хто лічыць, што ібэры ўтварыліся зь мясцовых плямёнаў, у прыватнасьці, зьвязаных з культурамі Эль-Аргар і Мацільяс. Паводле гіпотэзы Ф. Радрыгеса Рамаса, продкі ібэраў не былі аўтахтонным насельніцтвам Гішпаніі, а ўварваліся на паўвостраў разам з хваляй кельцкай міграцыі[1].

Ібэры жылі ўздоўж усходняга й паўднёва-ўсходняга ўзьбярэжжаў Гішпаніі, на тэрыторыі сучасных аўтаномных супольнасьцяў Андалюсія, Мурсія, Валенсія і Каталёнія. Таксама ібэры аказалі ўплыў на культуру кельтаў паўночна-цэнтральнай часткі паўвострава (кельтыбэры).

Ібэры жылі ў ізаляваных абшчынах з племянным ладам. Яны валодалі навыкамі апрацоўкі мэталаў, уключаючы бронзу, і земляробства. Пазьней ібэры ўтварылі больш цэласную дзяржаву з гарадамі й сацыяльны ладам. Яны гандлявалі мэталам зь Фінікіяй, Грэцыяй, Картагенам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя згадваньні пра ібэраў былі зроблены грэцкімі каляністамі ў VI ст. да н .э. Яны таксама звалі ібэрамі й іншы народ, вядомы як ібэры Каўказу, якія ўтварылі дзяржаву Ібэрыя (па-старажытнагрэцку: Iberia, па-лацінску: Hiberia) ва Ўсходняй Грузіі (Картлі) на мяжы IV—III стагодзьдзяў да н. э., якая часта згадваецца антычнымі й бізантыйскімі аўтарамі. Дакладна невядома, ці ёсьць якая-небудзь сувязь паміж гэтымі народамі, або гэта проста супадзеньне. У любым выпадку ібэры Пірэнэйскага паўвострава сталі кантактаваць з грэкамі значна раней за сваіх каўкаскіх цёзак.

Фінікійцы стварылі сваю першую калёнію на Пірэнэйскім паўвостраве ў 1100-х гадах да нашай эры й, адпаведна, кантактавалі пры гэтым з ібэрамі. Ад фінікійцаў яны навучыліся пісьму й пазьней распрацавалі пісьмо для сваёй мовы. Пазьней ібэры дадалі ў сваё пісьмо элемэнты грэцкага альфабэту.

Сьвінцовая пласьцінка з Улястрэту

Ібэрскае пісьмо дэшыфраваў у 1941 годзе Мануэль Гомэс-Марэна.

У XIX стагодзьдзі зьяўляецца тэорыя «лігура-ібэрскага субстрату», заснаваная на адзінстве дарымскай тапанімікі на ўсходнім узьбярэжжы Гішпаніі, на Корсыцы й у Лігурыі. Прыхільнікамі гэтай тэорыі, якая мае падтрымку й у наш час, былі такія вядомыя лінгвісты, як Паўль Крэчмэр, Жубэнвіль і інш.

На цяперашні час некаторыя лінгвісты высоўваюць тэорыю, згодна зь якой басконская мова (мова, якая не належыць да іншых моўных сем’яў Эўропы) магла належыць да сям’і моваў старажытнага ібэрскага насельніцтва Гішпаніі.

Зьнешні ўплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скульптура «Дама з Басы», зробленая ібэрамі

Кельты зьявіліся ў Гішпаніі напачатку першага тысячагодзьдзя да н. э. З часам кельцкая культура стала асноўнай на захадзе й поўначы тэрыторыі сучаснай Гішпаніі, а на поўдні ібэрская культура засталася дамінантнай. У цэнтры Гішпаніі культуры зьмяшаліся, і там утварыліся так званыя кельтыбэры. Гэты сплаў дзьвюх культур пазьней распаўсюдзіўся й на ўсё ўсходняе ўзьбярэжжа Гішпаніі.

Ібэры й кельтыбэры актыўна вялі гандаль зь іншымі народамі Міжземнамор’я. Ібэрскія керамічныя вырабы былі знойдзены ў Францыі, Італіі і ў Паўночнай Афрыцы. Яны таксама падтрымлівалі цесныя сувязі з грэкамі, і нават абменьваліся ведамі. Напрыклад, ібэры перанялі ў грэкаў некаторыя мастацкія навыкі. Статуі «Дама з Басы» і «Дама з Эльчэ» дэманструюць вельмі нядрэнныя навыкі ібэрскіх майстроў.

Некаторыя пасудзіны скарбу зь Вільлены

Ібэры й кельтыбэры за кароткі час паміж Першай і Другой Пунічнай войнамі, былі падпарадкаваны Картагену й папоўнілі армію Ганібала. Пазьней рымляне заваявалі Пірэнэі і павольна здушылі ўсе мясцовыя культуры й мовы.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Rodríguez Ramos, Jesús (2005): Introducció a l’estudi de les inscripcions ibèriques, Revista de la Fundació Privada Catalana per l’Arqueologia ibèrica, 1, pp. 13-144

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ібэрысховішча мультымэдыйных матэрыялаў