Tygodnik Ilustrowany

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Tygodnik Ilustrowany — Przyjaciel Ludu
Вокладка студзеньскага нумару 1862
Пэрыядычнасьць штотыднёвік
Краіна Царства Польскае
Польшча
Адрас Варшава
Выдавец Юзэф Унгер
«Гебэтнэр і Вольф»
Юзэф Вольф
Дата заснаваньня 1859
Дата закрыцьця 1939
Мова польская

«Tygodnik Ilustrowany — Przyjaciel Ludu» (па-беларуску: Ілюстраваны штотыднёвік — Сябар народу) — агульнапольскі літаратурна-мастацкі і грамадзка-палітычны ілюстраваны штотыднёвы часопіс, які друкаваўся ў Варшаве ў 1859—1939 роках.

Часопіс асьвятляў найважнейшыя грамадзкія падзеі, біяграфіі знакамітых людзей, помнікі і нацыянальныя сьвятыні, падарожжы, публікаваліся раманы і паэзія, зьмяшчаліся агляды ў галіне выяўленчага мастацтва, літаратуры, навукі, сельскай гаспадаркі, прамысловасьці і вынаходзтваў, народнага мастацтва, фальклёру, археалёгіі і да т.п.

Распаўсюджваўся ня толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Расейскай імпэрыі.

Першапачаткова яго выдаўцом быў Юзэф Унгер (1859—1882), пазьней выпуск часопісу ажыцьцяўляла выдавецтва «Гебэтнэр і Вольф».

Галоўнымі рэдактарамі былі Людвік Еніке, Юзэф Вольф, Артур Опман, Станіслаў Лям, Зьдзіслаў Дэмбіцкі.

У 1860 часопіс выпускаўся пад мастацкім кіраўніцтвам Яна Лявіцкага, у 1862—1868 — Юліюш Косак, затым Францішка Тэгаца. Да 1890 року мастацкім кіраўніком часопісу быў Юзэф Халявінскі.

У пэрыяд пазытывізму быў органам так званага «старога друку». З часопісам на гэтым этапе супрацоўнічалі Юзэф Ігнацы Крашэўскі, Генрык Сянкевіч, Уладзіслаў Сабоўскі, Ян Захарэвіч, Зыгмунт Мілкоўскі, П. Хмялеўскі, В. Багуслаўскі, Марыян Гавалевіч, Юльян Вяняўскі, Казімер Вазьніцкі, Юры Александровіч, Станіслаў Ленц, Леапольд Стаф і інш.

На сваіх старонках часопіс зьмяшчаў навінкі літаратуры. Так, у 1884 тут упершыню быў апублікаваны раман Сянкевіча «Агнём і мечам», а ў 1897—1900 — ягоны ж «Крыжакі». У часопісе ўпершыню апублікавалі свае творы Эліза Ажэшка («Над Нёманам»), Баляслаў ПрусФараон») і інш.

Акрамя польскіх твораў, публікаваліся навінкі літаратуры з іншых моў у перакладзе Марыі Канапніцкай, Зянона Пшэсмыцкага, Чэслава Янкоўскага й іншых.

Штотыднёвік адыграў важную ролю ў разьвіцьці польскай графічнай ілюстрацыі. Ілюстратарамі ў ім працавалі Войцех Герсон, Хенрык Пілаці, Францішак Кастжэўскі, Францішак Тэгаца, Станіслаў Рэйхан, Фэлікс Бжазоўскі, Міхал Эльвіра Андрыёлі. Асаблівай папулярнасьцю карысталіся ілюстрацыі, выкананыя ў тэхніцы графікі — ксыляграфіі (гравюра на дрэве).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Tygodnik Ilustrowanyсховішча мультымэдыйных матэрыялаў