Parker Pen

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Parker Pen Company
Тып Прыватная кампанія
Заснаваная 1888
Уласьнікі Newell Brands[d]
Краіна
Разьмяшчэньне Ньюгэйвэн
Галіна вытворчасьць пісьмовых прыладаў
Прадукцыя аўтаручкі, шарыкавыя ручкі
Матчына кампанія Newell Rubbermaid

Кампанія Parker Pen (па-беларуску: Паркер Пэн) зьяўляецца вытворцам ручак, заснаваная ў 1888 року Джоржам Паркерам Сафардам у Джэйнзьвілі, штат Вісконсін, ЗША. У цяперашні час належыць Newell Rubbermaid, і штаб-кватэра знаходзіцца ў Ньюгэйвэне (Усходні Сусэкс, Ангельшчына).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кампанія Parker была заснавана Джорджам Паркерам(en) у амэрыканскім горадзе Джэйнзьвілі (анг. Janesville), штат Вісконсін.

Афіцыйнаю датаю рэгістрацыі Parker Pen Company лічыцца 8 сакавіка 1892 року, хоць да таго моманту Джордж Паркер ужо чатыры гады займаўся вытворчасьцю пёравых ручак і нават пасьпеў запатэнтаваць у 1889 годзе ўласную мадэль.

Да 1889 року Джордж Паркер служыў гандлёвым агентам John Holland Gold Pen Company. Карпаратыўная легенда абвяшчае, што яму часта даводзілася рамантаваць пёравыя ручкі, якія вярталі пакупнікі, што прымусіла яго задумацца пра стварэньне «дасканалае пёравае ручкі».

У 1894 року Паркер запатэнтаваў фідар Lucky Curve, які практычна выключаў вельмі вострую праблему таго часу — прасочваньне вонкі чарнілаў, пакінутых у каналах фідара, калі ручка знаходзілася ў вэртыкальным становішчы ў кішэні. Дзякуючы гэтаму тэхнічнаму рашэньню продажы ручкаў Parker вырасьлі ў разы.

У 1905 року Паркер запатэнтаваў кнопкавую сыстэму запраўкі Button Filling System. Гэта дазволіла значна павялічыць выгаду карыстаньня пёраваю ручкаю. Да гэтага моманту чарнілы ў ручку заліваліся піпеткаю.

Іншым важным вынаходзтвам Паркера стаў каўпачок падвышанае надзейнасьці Safety Cap, які складаецца ў сутнасьці з двух каўпачкоў — вонкавага, які накручваўся на корпус ручкі, і ўнутранага, які герметычна запячатваў паражніну вакол пяра за кошт шчыльнага прыціску вусьця да шлейкі корпуса.

Вынайдзены ў 1916 року заціск стаў візытнаю карткаю мадэляў Parker на доўгія гады, ён выкарыстоўваецца й цяпер.

Parker Duofold

У 1921 годзе кампанія «Parker Pen Company» выпусьціла на рынак сваё самае буйное й найболей яркае дасягненьне — Parker Duofold (ці як яго позьняе далі мянушку — BIG RED). Гэта эфэктная ручка зь ярка-аранжавым трывалым корпусам, якая сымбалізавала ўсё, што азначала «равучыя дваццатыя» гады. Яна была вялікая, дзёрзкая і вельмі фарсістая. Гэта была ня толькі самая прывабная на рынку ручка, але зь яе коштам у 7 даляраў яна была нашмат даражэйшая за сярэдную ручку, якая прапаноўвалася на рынку ў той час. Але такі кошт не палохаў пакупнікоў, і ў выніку ручка Parker Duofold апынулася адною з найболей хадавых ручак 20-х гадоў, а паняцьце «BIG RED» стала амаль сынонімам пёравых ручак таго пакаленьня. «Parker Pen Company» была настолькі ўпэўненая ў сваёй прадукцыі, што давала на Parker Duofold 25-годавую гарантыю. Пішучыя прылады Parker Duofold выпускаюцца дагэтуль.

У 1927 годзе карпусы ручак Parker сталі вырабляцца з мадыфікаванага ўдаратрывалага цэлюлёіду, які атрымаў камэрцыйную назву пэрманіт. Гэты матэрыял значна палепшыў спажывецкія ўласьцівасьці ручак. Ён быў ня толькі больш трывалым за чорнае дрэва, якое выкарыстоўвалася да гэтага, але і дазволіў істотна пашырыць гаму колераў карпусоў ручкі.

У 1931 годзе Parker Pen Company прадставіла чарнілы ўласнай вытворчасьці «Quink». Чарнілы пазыцыянаваліся як тыя, якія хутка сохнуць і лёгка змываюцца з адзежы ды рук. Пазьней у чарнілы «Quink» сталі дадаваць прысадку, якая нібы абараняла ад чарнільнае карозіі дэталі ручкі. Эфэктыўнасьць гэтае прысадкі не была даказана, некаторыя лічаць, што гэта быў ня больш за маркетынгавы ход.

У 1933 року пабачыла сьвятло мадэль «Parker Vacumatic». Яна была абсталявана рэвалюцыйнаю для таго часу сыстэмаю запраўкі. Гэтая мадэль налічвала тры пакаленьні і выпускалася аж да 1948 року.

У 1941 року быў выпушчаны «Parker 51». Верагодна, гэта найболей вядомая ручка Parker тых часоў, яна стала ўзорам для перайманьня й адкрытых падробак. Менавіта ручкаю «Parker 51», якая належала Дўайту Эйзэнгаўэру, была падпісана капітуляцыя Нямеччыны ў 1945 року, і такой жа ручкаю генэрал Макартур падпісаў капітуляцыю Японіі[1]. Корпус гэтых ручак рабіўся зь люцыту (полімэтылмэтакрыляту). У гэтай жа ручцы ўпершыню быў скарыстаны філер Aero-metric, які дазваляе выкарыстоўваць ручку ў самалётах нават пры перападах ціску на ўзьлёце й пасадцы. «Parker 51» выпускаўся да 1972 году.

У 1954 годзе кампанія Parker заваёўвае пазыцыі на набіраючым звароты рынку шарыкавых ручак з мадэльлю Jotter, абсталяванаю вальфрамавым шарыкам, які значна паляпшаў спажывецкія ўласьцівасьці ручкі.

У 1960 годзе выходзіць мадэль «Parker 45», якой і па сёньняшні дзень прыналежыць рэкорд самай прадаванай пёравай ручкі ў сьвеце. За першыя 20 гадоў выпуску гэтае мадэлі было прададзена больш за 75 млн асобнікаў. У 1964 року выходзіць ручка «Parker 75», прататыпам якое зьяўлялася мадэль «VP». Гэтая мадэль застанецца ў гісторыі як самая камэрцыйна пасьпяховая. Менавіта яна прынесла кампаніі Parker самы вялікі прыбытак за час вытворчасьці. За першыя 5 гадоў было прададзена 11 мільёнаў асобнікаў, якія прынесьлі кампаніі 111 мільёнаў даляраў. У гэтай ручцы быў ужыты пёравы блёк з кутом плоскасьці пяра, які можна рэгуляваць.

У 1986 року штаб-кватэра Parker Pen Company пераводзіцца з ЗША ў Ньюгэйвэн (анг. Newhaven, Ангельшчына). Там раней разьмяшчалася ангельскае падразьдзяленьне Parker, а яшчэ раней Valentine Pen Company, якую Parker паглынуў у 1953 годзе.

У 1993 року кампанія Gillette паглынула Parker Pen Company, а ў 2000 року прадала яе амэрыканскаму канцэрну Newell Rubbermaid[2], які да таго моманту ўжо валодаў некаторымі іншымі вытворцамі пішучай прылады і канцылярскіх тавараў: Rotring, Sharpie, Expo, Eberhard Faber, PaperMate, Waterman, Liquid Paper, Berol, Rolodex.

У 2000 годзе прадпрыемства Parker у Джейнзьвілі было зачынена.

У наш час брэндам Parker валодае амэрыканская кампанія Newell Rubbermaid, прадукцыя (ручкі і аксэсуары) Parker вырабляецца ў Вялікабрытаніі (сэрыі Parker Jotter, Parker Vector, Parker Frontier, Parker Duofold, Parker 45) і Францыі (сэрыі Parker Sonnet, Parker IM).

Формула Марціні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку 70-x кампанія Parker правяла рэклямную кампанію, у рэкляме малявалася рука, якая піша ручкай Паркер «матэматычную» формулу на лістку паперы:

У выніку кампанія атрымала шматлікія запыты хімікаў, матэматыкаў, і фізыкаў з просьбаю растлумачыць сэнс формулы, які яны былі ня ў стане зразумець. Фактычна «формула» была гумарыстычным уяўленьнем рэцэпту Марціні: 3.5 часьці джыну і палова часткі вэрмуту з чатырма кубікамі лёду (вада, H2O, узьведзеная ў куб = лёд), узбоўтаныя трыма рухамі (3×360°).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Klaus Fog, Christian Budtz, Baris Yakaboylu Storytelling: branding in practice. — Springer, 2005. — С. 106. — 238 с. — ISBN 9783540235019
  2. ^ [1]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Parker Pensсховішча мультымэдыйных матэрыялаў