Deep Purple

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Deep Purple
Інфармацыя
Гады1968—1976, 1984—цяпер
АдкульВялікабрытанія
Моваангельская
Жанр(ы)гард-рок, гэві-мэтал
ВыдавецPolydor Records, EMI, Warner Music Group, Tetragrammaton Records, EMI Records, Edel Records, Bertelsmann Music Group, BMG Rights Management, Warner Bros. Records, Aquarius Records, Harvest
Удзельнікі
Былыя ўдзельнікі
Узнагароды і прэміі
https://deeppurple.com/

Deep Purple (з анг. «Глыбокі баграны»; чытаецца Дып Пэрпл) — ангельскі рок-гурт, што зьявіўся ў горадзе Гэртфардзе графства Гэртфардшыр, у 1968 годзе[1]. Поруч з Led Zeppelin і Black Sabbath лічыцца прызнаным першапачынальнікам гэві-мэталу й сучаснага гард-року, няглездячы на тое, што некаторыя з чальцоў гурту адмаўляюцца далучаць сябе да нейкага стылю[2]. Гурт таксама ўвабраў элемэнты клясычнае музыкі, блюз-року, поп- і прагрэсіў-року[3]. Яны былі аднойчы занесеныя ў Кнігу рэкордаў Ґінэса як найгучнейшы гурт у сьвеце[3][4][5] і прадалі больш за 100 мільёнаў альбомаў па ўсім сьвеце[6][7][8]. Deep Purple прызнаныя №22 у сьпісе найвялікшых выканаўцаў гард-року канала VH1[9]

Гурт прайшоў праз шматлікія зьмены складу і васьмігадовы перапынак у існаваньні (1976—1984). Склады гурту 1968—1976 гадоў зазвычай падпісваюцца як Mark I, II, III and IV.[10][11] У іх другі ды найбольш камэрыйна пасьпяховы склад уваходзілі Ен Гілан (сьпеў), Рычы Блэкмар (гітара), Джон Лорд (клявішы), Роджэр Гловэр (бас) і Ен Пэйс (бубны)[5]. Той склад існаваў у 1969—1973 гадах і быў адноўлены ў 1984—1989 гадах, а таксама ў 1993 годзе перад тым, як стасункі Блэкмара з астатнімі чальцамі гурту сапсаваліся канчаткова. Дзейны склад гурту ў наш час зьмяшчае саліста Стыва Морза й клявішніка Дона Эйры, што робіць Ена Пэйса апошнім аўтэнтычным чальцом гурту.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1967 годзе Крыс Кэртыс, былы гулец на бубнах гурта The Searchers, зьвязаўся зь лёнданскім прадпрымальнікам Тоні Эдўардсам у надзеі, што ён узначаліць новы гурт Roundabout, які яны створаць разам. Назва Roundabout (бел. карусель) павінна была сымбалізаваць тое, што ўдзельнікі гурта маюць уваходзіць і сыходзіць з гурта, як на музычнай каруселі. Плян настолькі ўразіў Эдўардса, што ён пагадзіўся прафінансаваць авантуру разам з двума сваімі дзелавымі партнэрамі, Джонам Колетам і Ронам Гэям. Першым да гурту далучыўся Джон Лорд, які навучаўся клясычнае гульні на аргане Гаманда. Раней ён гуляў у гурце The Artwoods. З другой спробы Эдўардс пераканаў гітарыста Рычы Блэкмара вярнуцца з Гамбурга на радзіму на праслухоўваньне. Джон Лорд прапанаваў свайму старому сябру Ніку Сымпэру, зь якім ён у 1967 годзе выступаў у гурце The Flower Pot Men and their Garden.

Пачатковым альбомам гурта стаў «Shades of Deep Purple», які выйшоў у другой палове 1968 годзе. Гурт атрымаў посьпех дзякуючы кавэр-вэрсіі песьні «Hush» Джо Саўта, якая дасягнула 4-га радку ў амэрыканскім чарце Billboard і 2-і радок паводле канадзкага музычнага выдання RPM. Пасьля дэбютнага рэлізу Deep Purple выправіліся ў тур у падтрымку альбому. Другі альбом гурта «The Book of Taliesyn» быў выпушчаны ў ЗША падчас тура па краіне, дасягнуўшы 38-га радку ў чартах ЗША і 21-га радку ў чартах RPM. На радзіме гурта альбом быў прэзэнтаваны толькі на наступны год. У 1969 годзе быў выдадзены трэці альбом гурта «Deep Purple» з выкарыстаннем струнных і духавых інструмэнтаў. У новым альбоме прасочваецца ўплыў творчасьці Vanilla Fudge і клясычнай музыкі, асабліва Баха і Рымскага-Корсакава.

У траўні 1969 году Блэкмар, Лорд і Пэйс таемна дамовіліся зьмяніць вакаліста і басіста. Прычына заключалася ў тым, што гэтыя тры музыкі хутка палепшылі свае навыкі, у той час як Эванз і Сымпэр дасягнулі мяжы ў сваім разьвіцьці. У пошуках замены сьпевака Блэкмар зрабіў прапанову 19-гадоваму Трэры Рыду, які год таму адмовіўся ад новастворанага Led Zeppelin. І хаця Рыд палічыў прапанову лісьлівай, ён быў вымушаны адмовіцца, бо меў кантракт зь Мікі Мостам. Акрамя таго, яго больш цікавіла сольная кар’ера. Таму Блэкмару нічога не заставалася, як працягваць пошукі. Затым гурт зацікавіўся Енам Гіланам, салістам гурта Episode Six, які выпусьціў некалькі сынглаў у Вялікабрытаніі, але асаблівага камэрцыйнага посьпеху ня меў. Гілан прыйшоў на праслухоўваньне разам з басістам свайго гурта Роджэрам Гловэрам, да зьдзіўленьня якога, пасьля рэпэтыцыяў яго таксама запрасілі далучыцца да Deep Purple.

Камэрцыйны посьпех[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гатэль у швайцарскім Мантро, дзе быў запісаны альбом «Machine Head» за выключэньнем песьні «Smoke on the Water».
Клясычны і самы камэрцыйна пасьпяховы склад гурта. Зьлева направа: Джон Лорд, Роджэр Гловэр, Ен Гілан, Рычы Блэкмар і Ен Пэйс.

Неўзабаве пасьля аркестравага альбому Deep Purple пачаліся інтэнсіўныя гастролі. Іхны першы студыйны альбом гэтага пэрыяду, выдадзены ў чэрвені 1970 году, «Deep Purple in Rock» зьмяшчаў гіты «Speed ​​King», «Into The Fire» і «Child in Time». Гурт выпусьціў сынгл «Black Night», які ўвайшоў у першую дзясятку брытанскага чарту, дзякуючы чаму гурт запрасілі на папулярнае шоў Top of the Pops. Узаемадзеяньне гітары Блэкмара і аргана Лорда, а таксама агрэсіўны вакал Гілана ў зьвязцы з рытм-сэкцыяй Гловэра і Пэйса, на той час пачало мець унікальную ідэнтычнасьць, што аддзяліла гурт ад папярэдніх альбомаў. Разам з альбомамі «Led Zeppelin II» гурта Led Zeppelin і «Paranoid» гурта Black Sabbath альбом «Deep Purple in Rock» заклаў падмурак жанру гэві-мэтал[12]. Альбом дасягнуў чацьвёртага месца ў брытанскім чарце.

Наступны студыйны альбом прагрэсіўны «Fireball» быў выпушчаны улетку 1971 году. Ён дасягнуў посьпеху, то бок заняўшы першы радок у брытанскім чарце[13]. Загалоўны трэк «Fireball» быў выдадзены сынглам. Празь некалькі тыдняў пасьля выхаду «Fireball» гурт ужо выконваў песьні, заплянаваныя на наступны альбом. Адна з гэтых песень, якая пазьней стала «Highway Star», прагучала на першым шоў туру ў падтрымку «Fireball». Напісаная яна была ў аўтобусе, калі удзельнікі ансамблю накіроўваліся ў Портсмут, у адказ на пытаньне журналіста як яны працуюць над напісаньнем песень. 24 кастрычніка 1971 году падчас амэрыканскага тура гурт павінен быў выступаць чыкагаўскім тэатры Аўдыторыюм, аднак Гілан захварэў на гепатыт, таму вакальную партыю выконваў Гловэр. Апасьля гэтага астатнія заплянаваныя выступы ў ЗША вымушана было адмяніць, і гурт вярнуўся дадому[14].

У пачатку сьнежня 1971 году Deep Purple адправіліся ў Швайцарыю, каб запісаць наступны альбом «Machine Head». Запіс павінен быў быць праведзены ў казіно Мантро з выкарыстаньнем мабільнай студыі гурта The Rolling Stones, але пажар падчас канцэрту Фрэнка Запы і The Mothers of Invention, выкліканы мужчынам, які стрэліў у столь з факельнай зброі, поўнасьцю зруйнаваў будынак казіно. Гэты ліхі выпадак натхніў гурт на стварэньне адной з самых выбітных песень гурта «Smoke on the Water». Пазьней альбом быў запісаны ў калідоры побач з пустым гатэлем Гран-Атэль-дэ-Тэрытэ, за выключэньнем музычнага трэка «Smoke on the Water».

«Machine Head» пабачыў сьвет у канцы сакавіка 1972 году і стаў адным з самых вядомых рэлізаў гурта. Альбом Deep Purple другі раз стаў альбомам №1 у Вялікабрытаніі, а таксама вярнуў папулярнасьць ангельцаў у Паўночнай Амэрыцы, патрапіўшы на 7 радок у чарце ЗША і на 1 радок у Канадзе[13]. У гэты студыйнік увайшлі такія трэкі, якія сталі жывой клясыкай, як то «Highway Star», «Space Truckin’», «Lazy» і «Smoke on the Water», дзякуючы якім Deep Purple і найбольш вядомыя[15]. Яны працягвалі гастраляваць і запісваць новыя песьні зь вялікай хуткасьцю. Цікава, што калі быў запісаны «Machine Head», Deep Purple былі разам толькі тры з паловай гады, але альбом стаў для іх ужо шостым у дыскаграфіі.

Новы склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы склад з Дэйвідам Кавэрдэйлам (на фота ў самым версе).

Клясычны склад Deep Purple працягваў працаваць і выпусьціў альбом «Who Do We Think We Are We» у 1973 годзе. Дапоўнены гіт-сынглам «Woman from Tokyo», альбом дасягнуў 4 радку ў брытанскіх гіт-парадах і заняў 15 радок у гіт-парадах ЗША, а запіс дасягнуў статусу залатога хутчэй за ўсе папярэднія ў гісторыі гурта[16][17]. Не зважаючы на такі посьпех, унутраная напружанасьць і зьнясіленьне былі прыкметныя як ніколі. У інтэрвію 1984 годзе Гілан прызнаўся, што кіраўніцтва падштурхнула своечасова завяршыць альбом «Who Do We Think We Are» і выправіцца ў чарговы тур, хаця ім вельмі быў патрэбны перапынак. Такі тэмп да якога далучылася напружанасьць у адносінах з Блэкмарам скончыўся тым, што Гілан пакінуў калектыў пасьля іхнага другога туру па Японіі улетку 1973 году, пасьля чаго быў адхілены і Гловэр на патрабаваньне Блэкмара[18][19][20].

Гурт наняў басіста і вакаліста Глена Г’юза, які раней працаваў у гурце Trapeze. Чальцы гурта ад пачатку меркавалі працягваць як квартэт, то бок Г’юз павінен быў граць на бас-гітары і быць вядучым вакалістам[21]. Паводле словаў Г’юза, яго пераканалі, бо гурт спрабаваў прыцягнуць да сябе Пола Роджэрза з Free у якасьці другога вядучага вакаліста, але той адмовіўся, бо заснаваў уласны гурт Bad Company[22]. У выніку, гурт правёў шэраг праслухоўваньняў і спыніўся на кандыдатуры Дэйвіда Кавэрдэйла, невядомага сьпевака з паўночна-ўсходняй Ангельшчыны, перш за ўсё таму, што Блэкмару спадабаўся ягоны блюзавы голас[21]. У новым складзе гурт выправіўся ў турнэ.

Першы студыйны альбом новага складу пад назвай «Burn» быў вельмі пасьпяховым, дасягнуўшы нумара 3 у чарце ў Вялікабрытаніі і 9 радок у ЗША, пасьля чаго адбылося чарговае сусьветнае турнэ[13]. Загалоўны трэк, які адкрываў тур і большасьць канцэртаў эпохі гэтага складу, быў сьвядомым намаганьнем гурта паўдзельнічаць у руху прагрэсіўнага року, які на той час папулярызавалі такія гурты, як то Yes, Emerson, Lake & Palmer, Genesis і Gentle Giant. «Burn» меў складаную кампазыцыю, якая прадэманстравала віртуознасьць усіх удзельнікаў, то бок складаная барабанная частка Ена Пэйса лічыцца прадвесьнікам сучасных барабанных партыяў і базавых рытмаў, Блэкмар дэманструе сваё майстэрства валоданьня клясычнае гітары, а Г’юз і Кавэрдэйл забясьпечылі вакальныя гармоніі з элемэнтамі фанку і блюзу, напрамак, які быў яшчэ больш відавочны ў наступным рэлізе гурта «Stormbringer» у канцы 1974 году[21]. Акрамя загалоўнага трэку на альбоме «Stormbringer» быў шэраг песень, якія шмат гучалі на радыё, як то «Lady Double Dealer», «The Gypsy» і «Soldier of Fortune». Сам альбом дасягнуў 6 месца ў Вялікабрытаніі і 20 радок у амэрыканскім чарце[13]. Аднак, Блэкмару не спадабаўся альбом і фанк накіраванасьць[23][24]. У выніку ён пакінуў гурт 21 чэрвеня 1975 году, каб заснаваць уласны гурт Rainbow у супрацы з Роні Джэймзам Дыё з гурту Elf[25].

Першы сыход Блэкмара[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэклямнае фота Deep Purple да іх туру па Вялікабрытаніі 1976 году. Верхні шэраг: Дэйвід Ковердейл, Ен Пэйс; ніжні шэраг: Глен Г’юз, Томі Болін і Джон Лорд.

З сыходам Блэкмара Deep Purple давялося тэрмінова шукаць гітарыста праз праслухоўваньні і новым чальцом гурта стаў амэрыканец Томі Болін. Ёсьць як мінімум дзьве вэрсіі, як ён апынуўся ў складзе калектыву. Паводле словаў Кавэрдэйл, менавіта ён прапанаваў праслухаць Боліна. Аднак, яшчэ ў інтэрвію часопісу Melody Maker сам Болін сьцьвярджаў, што прыйшоў на праслухоўваньне на рэкамэндацыю Блэкмара[26]. Да прыходу ў гурт Болін быў удзельнікам шматлікіх гуртоў канца 1960-х, а таксама зьяўляўся на запісах розных музыкаў у якасьці сэсійнага выканаўцы. Атрыўшы прапанову ад Deep Purple Болін на той час быў заняты працай над сваім першым сольным альбомам «Teaser»[27].

Новы альбом у новым складзе «Come Taste the Band» пабачыў сьвет у кастрычніку 1975 году, за месяц да выхаду альбому «Teaser» Томі Боліна. Не зважаючы на ​неадназначныя водгукі і сярэднія продажы (№19 у Вялікабрытаніі і №43 у ЗША), альбом зноўку ажывіў гурт, а гук калектыву стаў яшчэ больш фанкавым[28]. Уплыў Боліна быў вырашальным, і пры падтрымцы Г’юза і Кавэрдэйла гітарыст распрацаваў значную частку музычнага матэрыялу альбому. Аднак, нягледзячы на ​​талент Боліна, ягоныя асабістыя праблемы зь цяжкімі наркотыкамі пачалі яскрава праяўляцца. Падчас сусьветнага тура ў падтрымку альбому шматлікія прыхільнікі выкрылі няздольнасьць Боліна выконваць партыі сола на тым жа ўзроўні, як гэта рабіў Рычы Блэкмар, што бясспрэчна было фізычнай праявай ягонай залежнасьці. У той жа час, як празь некалькі гадоў прызнаўся ў сваім інтэрвію, Г’юз пакутаваў ад какаінавай залежнасьці[29]. Пасьля некалькіх няўдалых канцэртных выступаў гурт апынуўся ў небясьпецы. Канчатковы разрыў гурта быў абнародаваны ў ліпені 1976 году, а тагачасны мэнэджар Роб Куксі заявіў, што гурт больш ня будзе запісвацца альбо выступаць разам як Deep Purple. Пазьней у гэтым годзе Болін скончыў запіс свайго другога сольнага альбому «Private Eyes», а 4 сьнежня 1976 году 25-гадовы музыка памёр у нумары гатэлю[27]. Афіцыйнай прычынай сьмерці стала інтаксыкацыя наркотыкамі[27].

Узьяднаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выступ Deep Purple у Сан-Францыска ў 1985 годзе.

Пасьля распаду большасьць мінулых удзельнікаў Deep Purple дасягнулі значных посьпехаў у шэрагу іншых уласных праектах, як то Gillan, Whitesnake і Rainbow. Тым ня менш, папулярнасьць гурта працягвала існаваць сярод прыхільнікаў[30]. Гэта падштурхнула шэраг спробаў узнаўленьня дзейнасьці гурта мэнэджэрамі, асабліва з ажыўленьнем цікавасьці да гард-року ў канцы 1970-х і пачатку 1980-х гадох. У 1980 годзе зьявілася гастрольная вэрсія Deep Purple з Родам Эванзам як адзіным удзельнікам, які калі-небудзь бываў у складзе гурта, але ў рэшце рэшт гэта закончылася судовым разглядам і забаронай дзейнасьці гэтага калектыву.

У красавіку 1984 году, праз восем гадоў пасьля скону Deep Purple, адбылося поўнамаштабнае і законнае узьяднаньне клясычнага складу Mark II пачатку 1970-х. Такім чынам гурт узнавіўся ў складзе Ен Гілан, Джон Лорд, Рычы Блэкмар, Роджэр Гловэр і Ен Пэйс[31][32]. Узьяднаны гурт падпісаў дамову з кампаніямі PolyGram і Mercury Records на выпуск сваіх альбомаў у ЗША, і з кампаніяй Polydor Records на выпуск альбомаў у Вялікабрытаніі ды іншых краінах сьветах. Альбом «Perfect Strangers» быў запісаны ў Вэрмонце і выпушчаны ў кастрычніку 1984 году і меў даволі шырокі камэрцыйны посьпех. Альбом дасягнуў 5 месца ў брытанскім чарце і 12 месца ў Billboard 200 у ЗША[13]. У альбом увайшлі сынглы і канцэртныя вэрсіі песьняў «Knockin’ At Your Back Door» і «Perfect Strangers»[33]. Альбом стаўся другім студыйным альбомам Deep Purple, які стаў плятынавым у ЗША, пасьля «Machine Head»[34]. Пасьля адбыўся сусьветны гастрольны тур, які пачаўся з Аўстраліі і Паўночнай Амэрыкі, а потым на наступнае лета перамясьціўся ў Эўропу. У фінансавым пляне тур таксама меў велізарны посьпех як і альбом. У ЗША тур 1985 году пераўзышоў усіх іншых музыкаў і гуртаў акрамя Бруса Спрынгстына[35]. Вяртаньне дадому ў Вялікабрытанію адзначылася канцэртам на Кнэбўорцкім фэстывалем 22 чэрвеня 1985 году, на якім таксама выступілі Scorpions, UFO і Meat Loaf[36].

Наступны альбомам гурта ў тым жа складзе стаў «The House of Blue Light» у 1987 годзе, пасьля чаго адбыўся сусьветны тур, які, аднак, быў перарваны пасьля таго, як Блэкмар зламаў палец на сцэне, спрабуючы злавіць гітару пасьля таго, як кінуў яе ў паветра. У 1988 годзе быў выпушчаны бутлегавы альбом «Nobody’s Perfect», які ўключаў трэкі зь некалькіх выступаў, запісаных падчас гэтага туру, але ўсё яшчэ ў значнай ступені заснаваны на ўжо знаёмым сэт-лісьце «Made in Japan».

Гілан быў звольнены ў 1989 годзе, бо ягоныя адносіны з Блэкмарам зноўку сапсаваліся, і іхныя музычныя разыходжаньні занадта разышліся. Першапачаткова гурт меў намер прыцягнуць сьпевака гурта Survivor Джымі Джэмісана ў якасьці замены Гілану, але гэта ўскладнілася незадаволеннасьцю гуказапісвальнага лэйблу Scotti Brothers Records[37][38]. Пасьля некалькіх праслухоўваньняў, у тым ліку даволі знакамітых сьпевакоў, выбар быў зроблены на карысьць Джон Лін Тэрнэра, вакаліста былога гурта Блэкмара Rainbow. Новы склад запісаў толькі адзін альбом «Slaves & Masters» (1990) і правёў гастролі ў ягоную падтрымку. Аднак, рэліз дасягнуў сьціплых посьпехаў, дасягнуўшы 45 месца ў Вялікабрытаніі і 87 у ЗША.

Сусьветныя туры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Deep Purple падчас тур Deep Purple да 40-годзьдзя гурту, у Тэль-Авіве, Ізраіль. Верасень 2008 году.

Deep Purple ёсьць адным з найбольш шчыльна канцэртуючых гуртоў[39][40][41]. Ад 1968 да бягучага моманту (за выключэньнем часу распаду гурта) яны працягвалі канцэртаваць па ўсім сьвеце. У 2007 годзе яны атрымалі ўзнагароду з нагоды продажу больш за 150 000 квіткоў у Францыі з 40 выступамі толькі ў самой Францыі[42]. З-за імправізацыйнага характару музыкі шматлікія выступы гурту сталіся аб’ектам бутлеґаваньня, і таму запісы шматлікіх выступаў можна знайсьці ў сеціве, склаўшы такім чынам поўную гісторыю тураў ды адсачыць геаграфію падарожжаў Deep Purple.

У 2007 годзе Тур Deep Purple Rapture Of The Deep быў прызнаны #6 канцэртавым турам году (з усіх музычных стыляў) сярод слухачоў радыёстанцыі «Плянэта Рок»[43]. Тур гурту The Rolling Stones «A Bigger Bang Tour» быў прызнаны #5 ды абыйшоў тур Deep Purple толькі на 1%.

5 лістапада 2000 году гурт выступіў у Менску падчас туру A Band On[44]. 27 сакавіка 2011 году выступ у менскім Палацы спорту адзначыўся сольным выкананьнем клявішнікам Донам Эйры «Купалінкі» і «Полькі»[45].

Прыкладны сьпіс тураў:

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Студыйныя альбомы

Апроч студыйных альбомаў, існуе пэўная колькасьць выдадзеных канцэртавых запісаў, да таго ж гурт мае багатую бутлегавую гісторыю.

Чальцы гурту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейныя чальцы гурту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былыя чальцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ з анатацыі на альбому Shades of Deep Purple, ст. 4-5.
  2. ^ http://www.deep-purple.net/interviews/ian-gillan-2007.html
  3. ^ а б https://web.archive.org/web/20090530130605/http://www.vh1.com/artists/az/deep_purple/bio.jhtml
  4. ^ http://www.viewauckland.co.nz/deep_purple_concert_auckland_logan_campbell_centre_index.html
  5. ^ а б http://uk.real.com/music/artist/Deep_Purple/
  6. ^ http://www.ilikemusic.com/rock/Deep_Purple-1587
  7. ^ https://web.archive.org/web/20110716080413/http://www.sivltd.com/events/502/deep_purple.html
  8. ^ https://web.archive.org/web/20090710053224/http://www.emimusicpub.com/worldwide/artist_profile/deep-purple_profile.html
  9. ^ https://web.archive.org/web/20090316194928/http://www.vh1.com/shows/dyn/the_greatest/62187/episode_wildcard.jhtml?wildcard=%2Fshows%2Fdynamic%2Fincludes%2Fwildcards%2Fthe_greatest%2Fhardrock_list_full.jhtml&event_id=862768&start=61
  10. ^ http://www.ram.org/music/reviews/deep_purple.html
  11. ^ http://www.rock.co.za/files/marki.html
  12. ^ Wasler, Robert (1993). «Running with the Devil: power, gender, and madness in heavy metal music». Wesleyan University Press. — С. 10. — ISBN 9780819562609.
  13. ^ а б в г д «Deep Purple: UK Charts». Official Charts Company.
  14. ^ «Frequently Asked Questions». The Highway Star.
  15. ^ «Billboard — Machine Head». Allmusic.
  16. ^ «Who Do We Think We Are». The Official Charts Company.
  17. ^ «Who Do We Think We Are». Billboard.
  18. ^ Peter Buckley (2003). «The Rough Guide to Rock». — С. 279. — Rough Guides.
  19. ^ Mike Clifford, Pete Frame (1992). «The Harmony Illustrated Encyclopedia of Rock». — С. 41. — Harmony Books.
  20. ^ Whitburn, Joel (2008). «Joel Whitburn's Top Pop Singles 1955–2006». — С. 227. — Record Research
  21. ^ а б в «Van der Lee, Matthijs. Burn review at». Sputnikmusic.
  22. ^ «The Glenn Hughes Interview». Vintage Rock.com.
  23. ^ «Deep Purple — Stormbringer». Coffeerooms on Music.
  24. ^ «Ritchie Blackmore Interview». Guitar International.
  25. ^ Dafydd Rees, Luke Crampton (1991). «Rock Movers & Shakers, Volume 1991, Part 2». — С. 419. — ABC-CLIO.
  26. ^ «1975 Tommy Bolin interview». Deep-Purple.net.
  27. ^ а б в Nick Talevski (2006). «Knocking on Heaven's Door: Rock Obituaries». Omnibus Press. — С. 42—43. — ISBN 9780857121172.
  28. ^ «Review of Deep Purple — Come Taste the Band: 35th Anniversary Edition». BBC.
  29. ^ «Gettin' Tighter: The Story Of Deep Purple Mk. IV». YouTube.
  30. ^ «Deep Purple #4 June 1975-March 1976». Deep-Purple.net.
  31. ^ «Deep Purple: 'Surprise Of The Year'». Billboard.
  32. ^ Pete Prown, Harvey P. Newquist (1997). «Legends of rock guitar: the essential reference of rock's greatest guitarists». Hal Leonard Corporation. — С. 65.
  33. ^ «Deep Purple: Perfect Strangers». AllMusic.
  34. ^ «Deep Purple & A Momentous Mark II Reunion». UDiscoverMusic.com.
  35. ^ «Jon Lord Interview». The Highway Star.
  36. ^ «Deep Purple — Knebworth 1985». Deep Purple.
  37. ^ Interview: Jimi Jamison». AOR.
  38. ^ «25 Years of Deep Purple The Battle Rages On...». Pictured Within.
  39. ^ http://www.thehighwaystar.com/news/2008/02/22/fall-tour-of-germany/
  40. ^ http://www.thehighwaystar.com/thsblog/2008/02/06/pisco-sour-under-peruvian-skies/
  41. ^ http://deeppurpleliveindex.com/
  42. ^ http://www.deep-purple.net/review-files/europe07/europe2007winter.html
  43. ^ http://www.planetrock.co.uk/article.asp?id=544140#Tour Of The Year
  44. ^ http://www.deep-purple.ru/live/review_dp_minsk2000_open.html
  45. ^ Абзац // Зьвязда : газэта. — 29 сакавіка 2011. — № 57 (26921). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]