Ян Дамаскін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Дамаскін
Дата нараджэньня каля 675[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 4 сьнежня 749[2]
Месца сьмерці
Занятак тэоляг, пісьменьнік, клерык, філёзаф, астраном, кампазытар
Навуковая сфэра багаслоўе і Іконашанаванне[d]
Гады дзейнасьці VII стагодзьдзе[3]
Бацька Sarjun ibn Mansur[d]

Ян (Іаан) Дамаскін, па-грэцку: Ιωαννης ο Δαμασκηνος — Ян з Дамашку, (~675, Дамаск — ~753), багаслоў, філёзаф і паэт, адзін з так званых айцоў царквы (дактароў касьцёлу).

Нарадзіўся ў знатнай арабскай сям’і хрысьціянскага веравызнаньня. Атрымаў рознабаковую энцыкляпэдычную адукацыю. Спачатку, відаць, быў прыбліжаным халіфа, потым стаў манахам. Выступіў вядучым ідэйным кіраўніком г.зв. іконапаклоньнікаў, абаронцам буйнога манастырскага землеўладаньня, адстойваў тэзу аб перавазе духоўнай улады над сьвецкай, быў завяршальнікам і сыстэматызатарам грэцкай патрыстыкі.

Па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе каліф загадаў адсячы Яну руку, але праз заступніцтва Маці Божай адсечаная рука ізноў зраслася. Пасьля гэтага цуду Ян вырашыў стаць манахам і разам з братам пасяліўся ў кляштары непадалёк ад Ерусаліму. Аддаліўшыся ад сьвету, Ян становіцца сьвятаром і вядзе вострую палеміку з іканаборцамі, а таксама стварае выдатныя тэалягічныя і літаратурныя творы, піша вершы і духоўную музыку.

Імкнучыся ўпарадкаваць сучасныя яму навукі пад эгідай царквы на аснове Арыстотэлевай лёгікі, заклаў асновы схалястычнага мэтаду сярэднявечнай тэалёгіі. Яго пяру належаць шматлікія творы філязофскага і багаслоўскага характару, сярод якіх галоўнай была «Крыніца ведаў» (~742) — своеасаблівая энцыкляпэдыя філязофскіх і багаслоўскіх зьвестак, якія аказалі вялікі ўплыў на фармаваньне сярэдневечнай схалястыкі. Традыцыя праваслаўнай кніжнасьці прыпісвае яму аўтарства трактата аб «Осьми честий слова».

У гісторыю літаратуры Ян Дамаскін увайшоў як славуты паэт-гімнограф. У літургічнай лірыцы ён ускладніў архітэктоніку канона, дапоўніў яе акравершамі.

Ян пражыў амаль сто гадоў і памёр у сваім кляштары. Пасьлядоўны абаронца шанаваньня абразоў і выдатны тэоляг, сьв. Ян лічыцца апошнім грэцкім айцом Касьцёлу. Яго творы мелі вялікі ўплыў на славянскія Цэрквы. Сьв. Ян — апякун іканапісцаў і студэнтаў-тэолягаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Дамаскінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў