Эліэзэр Бэн-Егуда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эліэзэр Бэн-Егуда
אֱלִיעֶזֶר בֶּן־יְהוּדָה
Эліэзэр Бэн-Егуда на марцы Ізраілю.
Род дзейнасьці заснавальнік гэбраізму
Дата нараджэньня 7 студзеня 1858
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі мястэчка Лужкі, Дзісенскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 16 сьнежня 1922
Месца сьмерці Сьцяг Брытанскага мандату ў Палестыне Ерусалім, Брытанскі мандат у Палестыне
Прычына сьмерці сухоты
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак лексыкограф, мовазнаўца, журналіст, граматык, рэдактар газэты
Навуковая сфэра мовазнаўства
Дзеці Ітамар Бэн-Аві[d] і Dola Ben-Yehuda Wittmann[d]

Эліэ́зэр Бэн-Егуда́ (таксама распаўсюджаны варыянт Эліэ́зэр Бэн-Ягу́да; сапраўднае імя Эліэзэр-Іцхак Пэрэльман) (па-габрэйску: אֱלִיעֶזֶר בֶּן־יְהוּדָה‎‎, 7 студзеня 1858, Лужкі Віленскай губэрні, цяпер Шаркоўшчынскі раён Віцебскай вобласьці Рэспублікі Беларусь — 16 сьнежня 1922, Ерусалім, Брытанскі мандат у Палестыне) — «бацька сучаснага іўрыту», заснавальнік гэбраізму, піянэр сучаснага сіянізму. Стварыў першы штотыднёвік на іўрыце, заснаваў камітэт мовы іўрыт, пасьля — акадэмію іўрыту, пачаў публікацыю першага поўнага слоўніку іўрыту.

Ягоным дэвізам быў выраз: «Йягудзі, дабэр іўрыт!» (па-габрэйску: יהודי, דבר עברית! «Габрэй, гавары на іўрыце!»).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маладыя гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як амаль усе тагачасныя габрэйскія дзеці ў гэтых краёх, ён з маленства вывучаў старажытную габрэйскую мову (іўрыт) — абавязковы элемэнт у рэлігійным выхаваньні. Ён выдатна вучыўся, і ў трынаццацігадовым узросьце ён быў аддадзены ў вышэйшую рэлігійную вучэльню ў Полацку (ешыбот, ешыва́) вучыцца на рабіна. Але сам ён абраў сьвецкае жыцьцё і паступіў у рэальную вучэльню ў горадзе Дзьвінску (скончыў экстэрнам у 1877).

У той самы год Расея абвясьціла вайну супраць Атаманскай імпэрыі, каб дапамагчы баўгарам атрымаць незалежнасьць ад туркаў. Ідэя вяртаньня баўгарам іхных правоў і адраджэньня баўгарскага народу на нацыянальнай глебе захапіла Бэн-Ягуду. У XIX стагодзьдзі ўжо адрадзіліся колькі эўрапейскіх нацыянальных дзяржаваў, у першую чаргу гэта нашчадак Атэнаў — Грэцыя (у 1829), а таксама нашчадак старажытнага Рыму — Італія (у 1849). Бэн-Егуда быў надзвычай уражаны гэтымі падзеямі і прыйшоў да высновы, што эўрапейская канцэпцыя самасьцьвярджэньня нацыяў павінна быць ужытая і ў дачыненьні да ягонага народу, габрэяў. Ён быў перакананы, што калі нават баўгары, якія не належаць да нацыяў «клясычнай» старажытнасьці, маглі патрабаваць і дабіцца сваёй уласнай дзяржаўнасьці, то ўжо, тым болей, гэтага заслугоўваюць гістарычныя нашчадкі Ерусаліму, Біблейскі народ — габрэі. Праўда, габрэяў у Эрэц-Ісраэль у XIX стагодзьдзі было зусім мала, а старажытная габрэйская мова (іўрыт) фактычна ўжывалася толькі на пісьме, а не ў размоўным ужытку. Аднак Бэн-Егуда верыў, што гэтыя перашкоды магчыма пераадолець. Габрэі павінны вярнуцца на сваю зямлю і ізноў загаварыць на сваёй мове[1].

Натхнёны гэтымі ідэямі, Бэн-Егуда вырашыў сам пераехаць у Палястыну. Ён пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1878 годзе і спачатку вывучаў мэдыцыну Сарбонскім унівэрсытэце ў Парыжы, каб у будучыні быць карысным для гэбрайскай грамады ў Палестыне. Таксама падчас студыяў ён атрымаў магчымасьць вывучаць іўрыт, які малады Бэн-Егуда пастанавіў зрабіць мовай роднай нацыі.

Выклаў у артыкуле «Істотнае пытаньне» свае погляды на неабходнасьць адраджэньня іўрыту ў якасьці мовы штодзённых зносінаў габрэяў.

Пераезд у Ерусалім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прычыны кепскага здароўя (сухоты) Бэн-Егуда ня здолеў скончыць свае студыі, але гэта зусім не аслабіла ягоных перакананьняў, і ў 1881 зьехаў у Палястыну, на радзіму іўрыту, каб пачаць адраджэньне іўрыту паводле сваіх ранейшых плянаў. Пасяліўся ў Ерусаліме ды зьмяніў імя на Эліэзэр Бен-Ягуда («Сын Юдэі»).

Распрацаваў некалькі плянаў дзеяньня для распаўсюду ўжываньня іўрыту. Тры самыя галоўныя пункты былі наступныя: «Іўрыт удома», «Іўрыт у школе» і «Словы, словы, словы». Бэн-Егуда вырашыў размаўляць з кожным напатканым габрэем толькі на іўрыце. Ён зь вялікім энтузіязмам апісвае свае першыя размовы на іўрыце, калі ён з жонкай сышоў на бераг у Хайфе і гаварыў на іўрыце з абменшчыкам грошай, з карчмарам, зь ізвозчыкам. Ён напаткаў людзей, якія маглі даволі свабодна размаўляць на іўрыце, хоць і з памылкамі. Але Бэн-Егуда хацеў, каб габрэі ў Палястыне размаўлялі выключна на іўрыце. І калі ў 1882 годзе нарадзіўся ягоны першынец Бэн-Сыён («сын Сыёну»; больш вядомы пад імем Ітамар Бэн-Аві), Бэн-Егуда прымусіў сваю першую жонку Дэбару даць абяцаньне, што яна ўзгадуе першага ў гісторыі сучаснасьці хлопчыка, які будзе размаўляць толькі на іўрыце.

Ітамар Бэн-Аві піша ў сваёй аўтабіяграфіі пра тыя суровыя захады, што прымаў Бэн-Егуда, каб ягоны сын чуў толькі іўрыт, а значыць, зрэшты загаварыў толькі на ім. Напрыклад, калі да іх прыходзіў нехта, хто не валодаў іўрытам, Бэн-Егуда адсылаў сына ў ложак, каб ён мімаволі не пачуў замежную мову. Таксама хлопчыку было забаронена слухаць «птушыныя сьпевы, іржаньне коняў, васьліны роў і шапаценьне скрыдлаў матылькоў, бо нават яны зрэшты зьяўляюцца замежнымі мовамі, прынамсі гэта дакладна ня быў іўрыт». Бэн-Егудаў сын загаварыў адносна позна — у чатырохгадовым узросьце. Ягоная маці ня здолела стрымаць абяцаньне, каб размаўляць з сынам толькі на іўрыце. Аднойчы, калі Бэн-Ягуды не было ўдома, яна мімаволі пачала сьпяваць сыну калыханку на сваёй роднай расейскай мове. Калі Бэн-Егуда прыйшоў раней, чым звычайна, і пачуў расейскую песьню, ён забег у пакой і пачаў крычаць. Ітамар так напісаў пра гэтую непрыемную сцэну: «Я быў надта спужаны, убачыўшы разьюшанага бацьку, а маці — у сьлязах і журбоце, і тады раптам маё маўчаньне скончылася, мае вусны адкрыліся»[2].

Дзякуючы таму, што ў доме гадавалася іўрытамоўнае дзіцё, патрэбныя былі простыя словы для азначэньня пабытовых паўсядзённых прадметаў. Такім чынам, сам Бэн-Егуда прыдумляў словы на іўрыце для гэткіх прадметаў, як лялька, марозіва, сочыва, амлет, хустка, ручнік, ровар ды сотні іншых. Зь цягам часу дзіцёнак сталеў, а разам зь ім сталеў іўрыт, пашыраўся лексыкон, а карыстаньне іўрытам станавілася больш натуральным. Так Ітамар Бэн-Аві стаў першым носьбітам іўрыту як роднае мовы праз больш як тысячу год пасьля перарваньня ейнай размоўнай функцыі.

Адукацыйная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1882 Нісым Бэхар, дырэктар школы Torah & Avodah («Біблія і праца») пры ерусалімскім каледжы Сусьветнага габрэйскага альянсу запрапанаваў Бэн-Ягудзе пасаду настаўніка. Бэхар азнаёміў Бэн-Ягуду з мэтадам выкладаньня на іўрыце без перакладу на іншыя мовы. Гэта быў мэтад, які ўжо ўжываўся для выкладаньня францускай ды іншых моваў. Бэхар меў досьвед выкладаньня паводле гэтага мэтаду ў стамбульскай школе Сусьветнага габрэйскага альянсу, дзе ён працаваў дырэктарам да пераезду ў Ерусалім. З прычыны хваробы Бэн-Егуда папрацаваў настаўнікам зусім нядоўга, але ягоная праца была плённая. Ужо праз некалькі месяцаў вучні маглі свабодна размаўляць на іўрыце на пабытовыя тэмы — пра ежу і напоі, пра адзеньне, пра паўсядзённае жыцьцё, здарэньні і падзеі ўдома ці на вуліцы. Асабісты прыклад Бэн-Ягуды і ягоныя посьпехі ў выкладаньні мовы вельмі станоўча ўразілі іншых вучыцеляў. Сапраўды, выкладаньне іўрыту сутыкалася з шматлікімі перашкодамі: не ставала падрыхтаваных настаўнікаў, падручнікаў, дадатковых матэрыялаў (як, напрыклад, гульняў і песьняў), тэрміналёгіі ды шмат іншага. Аднак зь цягам часу ўсе гэныя лінгвістычныя пытаньні вырашыліся і было ўзгадаванае пакаленьне моладзі, якое размаўляла толькі на іўрыце, што азначала посьпех адраджэньня.

Апрача работы з моладзю, Бэн-Егуда імкнуўся захапіць сваімі ідэямі дарослых. Некалькі гадоў ён пісаў артыкулы ў мясцовай газэце «Гахавацэлет», а ў 1884 заснаваў штотыднёвік «Ха-цві», які задумваўся як інструмэнт для навучэньня дарослых як праз зьмест, так і праз мову. У той час прэса на іўрыце толькі нараджалася, першая газэта зьявілася ў сярэдзіне 1850-х гадоў. Бэн-Егуда, узяўшы за ўзор парыскую «Le Figaro», стаў друкаваць у газэце ўсё, што выклікала бы цікавасьць жыхароў краю, у тым ліку міжнародныя і мясцовыя навіны, надвор’е, моду і г. д. Урэшце ён дасягнуў таго, што напрыканцы XIX стагодзьдзя амаль кожны габрэй у Палястыне мог без складанасьцяў прачытаць і зразумець газэту на іўрыце. Бэн-Егуда выкарыстоўваў сваю газэту як інструмэнт для ўвядзеньня новых словаў, якіх раней не існавала, напрыклад, словы накшталт «газэта», «рэдактар», «тэлеграма», «падпісчык», «жаўнер», «мода» ды шмат іншых.

Праца над слоўнікам іўрыту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1891 ягоная першая жонка, Дэбара, ад якой ён меў пяць дзяцей, памерла ад сухотаў. Неўзабаве пасьля яе сьмерці тры зь ягоных дзяцей памерлі ад дыфтэрыі адзін за адным на прамежку 10 дзён. Цераз паўгады Бэн-Егуда ажаніўся з малодшай сястрой Дэбары Паўлай Бэйлай[3], якая ўзяла габрэйскае імя «Хэмда».[4] Бэн-Егуда закахаўся ў Паўлу некалькі год раней, і калі ягоная першая жонка знаходзілася пры сьмерці, адсылаў Паўле ў Расею любоўныя лісты.[3]

У дапамогу тым, хто толькі пачынаў размаўляць і чытаць на іўрыце, Бэн-Егуда пачаў працу над слоўнікам. Для таго, каб іўрыт стаў мовай цэлага грамадзтва, новыя словы павінны былі быць дакладнымі, будавацца паводле строгіх філялягічных правілаў. Такім чынам Бэн-Егуда авалодаў спэцыяльнасьцю лексыкографа. У 1910 распачалася публікацыя «Поўнага слоўніку старажытнага і сучаснага іўрыту». У прадмове да яго Бэн-Егуда пісаў:

«Калі можна аднавіць мову, якой перасталі размаўляць (і ад яе амаль нічога не засталося, як з нашай мовай), і зрабіць яе размоўнай, каб выражала ўсё, што хоча сказаць прынамсі адзін чалавек, то без усялякіх сумненьняў яна можа стаць мовай зносінаў для ўсяго грамадзтва».

Пасьля сьмерці Эліэзэра Бэн-Ягуды працу над слоўнікам, які й па сёньня ўважаецца ўнікальным помнікам у гісторыі іўрыцкай лексыкаграфіі, працягнулі ягоная жонка Хэмда разам з сынам. Апошні, 17-ты том слоўніка, выйшаў у 1959, праз 30 год пасьля сьмерці Бэн-Ягуды.

У 1890 заснаваў «Раду па пытаньнях іўрыту» з мэтай дапамагчы рабоце над слоўнікам, вырашыць праблемы тэрміналёгіі, вымаўленьня, правапісу і пунктуацыі. Рада была папярэдніцай створанай у 1920 годзе па прапанове Бэн-Ягуды Акадэміі іўрыту, якая цяпер зьяўляецца найвышэйшым аўтарытэтам і арбітрам ва ўсіх моўных пытаньнях.

Пасьля зацьвярджэньня брытанскага мандату на Палястыну (1920) Бэн-Егуда быў адным з тых, хто пераканаў брытанскага вярхоўнага камісара абвясьціць іўрыт адной з трох афіцыйных моваў нароўні з арабскай і ангельскай, што і сталася 29 лістапада 1922.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз паўмесяцы памёр ад сухотаў, на якія пакутаваў яшчэ з парыскіх часоў. Пахаваны на Еляонскай гары ў Ерусаліме.

Высновы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зразумела, што Бэн-Егуда адрадзіў мову ня ў поўнай адзіноце, як гэта занадта спрошчана цьвердзяць некаторыя. Наадварот, яму была патрэбная падтрымка грамадзтва, і ён на яе разьлічваў. Апрача гэтай падтрымкі мясцовага насельніцтва (якая, праўда, была досыць абмежаваная, а часам людзі ставіліся папросту варожа), найбольшай дапамогай у дасягненьнях Бэн-Ягуды стала тое, што ў 1881 годзе, калі ён сам прыехаў у Палястыну, узьнялася першая хваля эміграцыі габрэяў у краіну. Крытычную масу новых пасяленцаў складалі маладыя адукаваныя ідэалісты, як і сам Бэн-Егуда. Яны паходзілі з усходнеэўрапейскіх мястэчак, з падобнымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, і таксама, як і ён, яны вырашылі пачаць новае жыцьцё на Абяцанай зямлі сваіх продкаў. Яны вельмі дапамаглі Бэн-Ягудзе, бо падтрымлівалі ягоныя наватарскія ідэі і былі гатовыя размаўляць на іўрыце, як ён і настойваў. Насамрэч, многія ўжо валодалі іўрытам па прыезьдзе ў краіну, а іншыя імкнуліся хутчэй палепшыць яго ці пачаць яго вывучаць. Яны вучылі сваіх дзяцей іўрыту ўдома, а таксама ў дзіцячых садках і школах, якія яны адкрывалі па ўсёй краіне. Такім чынам, цягам аднаго біблейскага пакаленьня, за 40 гадоў (з 1881 па 1921 год), склалася ядро маладых іўрытамоўных энтузыястаў, для якіх мова сталася сымбалем адраджэньня нацыі.

Варта падкрэсьліць, што насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, іўрыт ня быў «мёртвай» мовай да Бэн-Ягуды. Таму нельга казаць, што ён адзін, як чараўнік, ажывіў яе. Наагул, прыназоўнікам «мёртвы» ў дачыненьні да іўрыту надта злоўжывалі. Як пісаў філёляг Хаім Рабін у 1958 годзе:

«наўрад ці будзе перабольшаньнем казаць, што ў часе публікацыі першага артыкулу Бэн-Ягуды ў 1879 годзе, больш як 50% дарослых габрэйскіх мужчынаў разумелі Пяцікніжжа й штодзённыя малітвы, а прыкладна 20% маглі прачытаць кнігу сярэдняй цяжкасьці на іўрыце, прычым ва Ўсходняй Эўропе, Паўночнай Афрыцы і ў Емэне адсотак пісьменных габрэяў быў значна вышэйшым, чым у заходніх краінах.» [2]

Беручы гэта на ўвагу, нельга не пагадзіцца зь вельмі правільным і дасьціпным выказваньнем Сэсыля Рота пра ролю Бэн-Ягуды ў адраджэньні іўрыту: «Да Бэн-Ягуды габрэі... маглі гаварыць на іўрыце, пасьля яго — яны на ім загаварылі.»

Такім чынам, Бэн-Егуда зьявіўся прарокам і прапагандыстам, тэарэтыкам і стратэгам, знакавай фігурай, сымбалем адраджэньня мовы. У 1908 ён пісаў у газэце «Ха-цві»:

«Для посьпеху любой справы патрэбны толькі адзін мудры, разумны і энэргічны чалавек, які гатовы прыкласьці ўсе намаганьні да гэтай справы, і яна пойдзе, нягледзячы на ніякія перашкоды. Для кожнай новай падзеі, для кожнага, нават найменшага кроку на шляху прагрэсу неабходны першапраходзец, які павядзе сьвет наперад, зьнішчаючы ўсе шляхі да адступленьня.»

У адраджэньні іўрыту гэным першапраходцам стаў менавіта ён сам, Эліэзэр Бэн-Егуда.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Джэк Фэлман; Пераклад Уладзімер Каткоўскі Эліэзэр Бэн-Егуда й адраджэньне іўрыту (1858-1922). Правапіс.орг. Праверана 30 лістапада 2008 г.
  2. ^ а б Эліэзэр Бэн-Егуда. Партал Заходняга Паазер'я WESTKI.info (2 сьнежня 2007). Праверана 30 лістапада 2008 г.
  3. ^ а б Mordechai Naor Flesh-and-Blood Prophet. Haaretz. Праверана 29 лістапада 2008 г. (анг.)
  4. ^ Ben-Yehuda, Eliezer (1858—1922) (анг.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]