Хэрсон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хэрсон
укр. Херсон
Антонаўскі аўтамабільны мост праз Дняпро
Антонаўскі аўтамабільны мост праз Дняпро
Герб Хэрсону Сьцяг Хэрсону
Першыя згадкі: 18 чэрвеня 1778
Горад з: 1778
Краіна: Украіна
Вобласьць: Хэрсонская
Мэр: Ігар Калыхаеў[d]
Плошча: 145 км²
Насельніцтва
колькасьць: 293 299 чал. (2017)[1]
шчыльнасьць: 2022,75 чал./км² (2017)
нацыянальны склад: украінцы — 75,7%
расейцы — 20,0%
габрэі — 0,5% (2001)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +380-55-2
Паштовыя індэксы: 73000—73480
Нумарны знак: BT, НТ / 22
Геаграфічныя каардынаты: 46°38′33″ пн. ш. 32°37′30″ у. д. / 46.6425° пн. ш. 32.625° у. д. / 46.6425; 32.625Каардынаты: 46°38′33″ пн. ш. 32°37′30″ у. д. / 46.6425° пн. ш. 32.625° у. д. / 46.6425; 32.625
Хэрсон на мапе Ўкраіны
Хэрсон
Хэрсон
Хэрсон
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Хэрсонская меская рада

Хэрсо́н (па-ўкраінску: Херсон) — места абласнога значэньня на поўдні Ўкраіны, у нізоўі Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Хэрсонскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 293 299 жыхароў, з улікам населеных пунктаў, якія ўваходзяць у склад Хэрсонскай мескай рады — 331 522 чалавек. Горад-герой Украіны (2022)[2]

Знаходзіцца за 446 км ад Кіева. Буйны чыгуначны вузел (лініі на Мікалаеў, Сьнегіроўку, Джанкой). Марскі гандлёвы порт і рачны порт. Аэрапорт.

Хэрсон — важны эканамічны цэнтар поўдня Ўкраіны. Места зьяўляецца цэнтрам адной з найбольшых аглямэрацыяў у краіне. Апроч Хэрсону, у яе склад уваходзяць Голая Прыстань, Алёшкі (места-спадарожнік), Антонаўка, Сьцяпанаўка, Камышаны, Зялёнаўка, Наддняпранскае, Чарнабаеўка, Белазэрка.

23 лютага 2008 року ў Хэрсоне адбылася значная падзея ў мэдычнай сфэры — упершыню ў Паўднёвым рэгіёне ў абласной клінічнай лякарні была выкананая апэрацыя на адкрытым сэрцы з выкарыстаньнем апарату штучнага крывезвароту.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XIV—XV стагодзьдзях тэрыторыя сучаснага Хэрсону ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Існуе меркаваньне[3], што менавіта тут у 1398 року вялікі князь Вітаўт заснаваў места і мураваны замак Сьвятога Яна, які пазьней набыў значэньне аднаго з асноўных паўднёвых фарпостаў ВКЛ.

Напрыканцы XV стагодзьдзя гэтую тэрыторыю захапілі крымскія татары і Вітаўтаў замак быў зруйнаваны.

У 1737 року падчас Расейска-турэцкай вайны 1735—1739 рокаў на правым беразе Дняпра расейцы збудавалі ўмацаваньне Аляксандар-шанец. 18 чэрвеня 1778 року Кацярына II падпісала ўказ пра заснаваньне фартэцыі і вэрфі. 19 кастрычніка 1778 року адбылася закладка места, якое атрымаў назву Хэрсон, у гонар старажытнага Хэрсанэса як крыніцы хрысьціянства для Русі. Заснавальнікам места быў Р. Пацёмкін.

У 1803 року Хэрсон зрабіўся цэнтрам губэрні, якая ахоплівала значную частку поўдня Ўкраіны. У месьце разьвівалася цывільнае суднабудаваньне, узьнікалі прадпрыемствы па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі. Пасьля 1861 року пачалося значнае ўзрастаньне эканамічнага патэнцыялу края. Па правядзеньні днопаглябляльных працаў у рэчышчы Дняпра, Хэрсон набыў значэньне важнага марскога порту.

10 сьнежня 1917 Хэрсонская губэрнская Рада вызнала Хэрсоншчыну неад’емнай складовай часткай Украінскай Народнай Рэспублікі.[4]

Пасьля працяглага ваясковага супрацьстаяньня 16 красавіка 1920 року Хэрсон канчаткова акупавала Чырвоная армія. З 18 жніўня 1941 па 13 сакавіка 1944 року знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Ад 1991 року Хэрсон у складзе незалежнай Украіны. 11 лістапада 2022 году Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі Хэрсон пасьля 8-месячнай расейскай акупацыі ў ходзе расейскага ўварваньня ва Ўкраіну[5].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва (чал.)
1897 1926 1939 1959 1970 1979 1989 2001 2017
59 076 57 376 96 987 157 995 260 687 318 908 355 379 328 360 293 299

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва па роднай мове (2001)
украінская мова расейская армянская беларуская
53,36% 45,34% 0,17% 0,13%

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш разьвітымі галінамі зьяўляюцца:

  • харчовая прамысловасьць (кансэрвавы, мясны, рыбны, хлебакамбінаты, малочны, вінаробныя, макаронныя фабрыкі і інш.)
  • машынабудаваньне (суднабудаваньне і суднарамонт, вытворчасьць сельскагаспадарчай тэхнікі, электрамашынабудаўнічы завод, завод карданных валаў)
  • лёгкая прамысловасьць (баваўняны камбінат, гарбарна-абутковы камбінат, абутковая, кравецкая фабрыкі)
  • хімічная і нафтаперапрацоўчая прамысловасьць

У Хэрсоне знаходзіцца адзін з шасьці ўкраінскіх нафтаперапрацоўчых заводаў (з 2005 року зачынены на мадэрнізацыю, якую плянуецца завершыць у 2011[6]). Функцыянуюць завод шкловырабаў, завод жалезабэтонных вырабаў.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікай папулярнасьцю ў адпачывальнікаў карыстаюцца мястэчкі на Чарнаморскім узьбярэжжы. Скадоўск і Арабацкая стрэлка вядомыя як цэнтры дзіцячага адпачынку. Усяго ў Хэрсонскай вобласьці налічваецца каля 180 курортных комплексаў.

У самім Хэрсоне захаваўся шэраг гістарычна-архітэктурных каштоўнасьцяў — сынагогі, праваслаўныя цэрквы і манастыры, помнікі грамадзянскай архітэктуры (XVIII—XIX стагодзьдзі), каталіцкі касьцёл (пач. XIX ст.).

У месьце дзейнічае грэка-каталіцкі манастыр.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Статистичний збірник «Чисельність наявного населення України на 1 січня 2017 року». — Київ, Державна служба статистики України, 2017 zip  (укр.)
  2. ^ Указ прэзыдэнта Украіна ад 6 сакавіка 2022 году № 111/2022 «Про встановлення почесної відзнаки „Місто-герой України“»
  3. ^ Юрій Мицик. Кордони і землі війська Запорізького (XV — середина XVII ст.) // Магістеріум. Вип. 7, Історичні студії / Національний університет «Києво-Могилянська академія». — К.: Stylos, 2001. — С. 4—12 [1]
  4. ^ Известия Херсонского уездного земства. — 1917. — 17 грудня. — С. 1651—1652.
  5. ^ Украіна вярнула кантроль над Херсонам, адзіным абласным цэнтрам, які расейцам удалося захапіць з 24 лютага // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 лістапада 2022 г. Праверана 11 лістапада 2022 г.
  6. ^ Рэканструкцыя і мадэрнізацыя «Хэрсонскага нафтаперапрацоўчага заводу» дазволіць праз тры рокі давесьці шторочную перапрацоўку нафты да 4,5 млн тон(недаступная спасылка) (рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]