Францішак Карпінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішак Карпінскі
па-польску: Franciszek Karpiński
Партрэт
Партрэт
Герб «Кораб»
Герб «Кораб»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 кастрычніка 1741
в. Галаскоў каля Каламыі
Памёр 16 верасьня 1825 (83 гады)
фальв. Хараўшчына каля Ваўкавыску
Пахаваны
Род Карпінскія гербу Кораб
Бацькі Андрэй Карпінскі
Разалія са Сьпяндоўскіх
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік
Гады творчасьці з 1781
Жанр сэнтымэнталізм
Мова польская мова[1][2][3]
Подпіс Выява аўтографу
[[::pl:s:Franciszek Karpiński|Творы]] ў Вікікрыніцах

Франці́шак Карпі́нскі гербу «Кораб» (па-польску: Franciszek Karpiński; 4 кастрычніка 1741, в. Галаскоў, цяпер у Каламыйскім раёне Івана-Франкоўскай вобласьці, Украіна — 16 верасьня 1825, фальв. Хараўшчына каля Ваўкавыску, цяпер у Сьвіслацкім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі) — польскі паэт эпохі асьветніцтва(pl), адзін з пачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Бацька Андрэй служыў у Патоцкіх у Галаскове, маці Разалія[4] са Сьпяндоўскіх. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, пасьля адбыў двухгадовы курс рыторыкі і філязофіі ў езуіцкай школе ў Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск). У 1762 паступіў у Львоўскую езуіцкую акадэмію, якую скончыў у 1765, атрымаўшы годнасьць выкладчыка філялёгіі і ступень доктара філязофіі, а таксама бакаляўра тэалёгіі. Ужо тады праявіў сябе як здольны паэт.

Не абраў духоўнай кар’еры, як гэтага хацела ягоная сям’я. У 1766 годзе Францішак пераехаў да брата Антона, які меў прыход у Хацімску (ва Ўкраіне), і дзе жыла яго маці, працаваў гувэрнэрам пры магнацкіх дварах. У 1768 г. стаў цікавіцца палітыкай і далучыўся да Барскай канфэдэрацыі, якая дзейнічала супраць караля і яго спроб абмежаваць шляхецкія правы, і расейскіх войскаў, што спрабавалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Аднак, даволі хутка разчараваўшыся ў мэтах канфэдэратаў, а таксама з прычыны цяжкай хваробы вярнуўся на радзіму.

У 1770—1771 вучыўся ў Вене. Вярнуўшыся на радзіму, арандаваў фальваркі.

Першыя спробы пяра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1780 выдаў першую кніжку вершаў «Zabawki wierszem i przykłady obyczajne» пад псэўданімам Дзеда Сакольскага. Праз Ігнацыя Вітаслаўскага — абознага польнага кароннага — даслаў свае творы князю Чартарыйскаму і біскупу Нарушэвічу. У тым жа 1780 па запрашэньні Адама Казімера Чартарыйскага Ф. Карпінскі пераехаў у Варшаву, працаваў у князя сакратаром інтарэсаў палітычных, апекаваўся бібліятэкай Чартарыйскіх(pl). У Варшаве вакол паэта склаўся літаратурны гурток, Ф. Карпінскі выдаў тры зборнікі паэзіі (1782—1783), стаў вядомым паэтам, нават зьвярнуў на сябе ўвагу каралеўскага двара.

У 17811782 наведаў Горадню і Вільню. Вытрымаў у Варшаве толькі да 1783, бо меў незалежны нораў, быў расчараваны сталічным жыцьцём. Пераехаў на Чырвоную Русь, якая на той час знаходзілася пад аўстрыйскай уладай(pl).

Арандаваў фальваркі, працаваў гувэрнэрам, сярод іншых выхоўваў Рамана Сангушку, сына Юзэфа. Часам наяжджаў у Варшаву, дзе выдаваліся ягоныя кніжкі, быў удзельнікам чацьвярговых абедаў(pl) у караля. Гасьцяваў пры магнацкіх дварах, у 17851818 найчасьцей у Браніцкіх у Беластоку, дзе ў 1792 напісаў «Pieśni nabożne» (Kiedy ranne wstają zorze, Bóg się rodzi і інш.), якія былі прачытаныя ім у катэдральным саборы, а затым выдадзеныя ў Супрасьлеўскім базыльянскім манастыры (1792).

Часы падзелаў Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад вядомага каралеўскага камэргера Марціна Бадэні(pl) атрымаў у дзяржаньне на шэсьць рокаў каралеўскую вёску Сухадоліна ў Пружанскім павеце. У 1793 таксама зь ягонай дапамогай атрымаў ад караля на пяцідзесяцігадовае дзяржаньне вёску Красьнік і асеў там на некалькі рокаў[5]. Лічыцца, што мясцовыя сяляне нават далі вёсцы назву Карпін у ягоны гонар, але новае імя не прыжылося[6]. Зацікавіўся гісторыяй краю, завязаў знаёмствы зь мясцовай шляхтай-літвінамі, любіў і запісваў іхнія песьні, арганізоўваў чытаньні для сялянаў і іх дзяцей.

У 1794 року Красьнік быў амаль цалкам зьнішчаны расейскімі войскамі ў час здушэньня паўстаньня Т. Касьцюшкі. Карпінскі вымушаны быў ратавацца ў Белавескай пушчы. Пасьля 1795 разам зь іншымі жыхарамі ваколіц быў вымушаны прынесьці прысягу на вернасьць расейскай імпэратарцы Кацярыне ІІ у пружанскай царкве.

З 1800 чалец Варшаўскага таварыства аматараў навук. Бываў у Сьвіслацкай гімназіі, у 1806 падарыў ёй свой кнігазбор. Другая частка кніг была падараваная ім Сухопальскай царкве, дзе, паводле некаторых зьвестак, захоўвалася да Першай сусьветнай вайны.

Будучы ў прыязных адносінах з гарадзенскім генэрал-губэрнатарам Кошалевым, Ф. Карпінскі прапаноўваў рэформы па паляпшэньні жыцьця сялянаў. Быў прыхільнікам ідэй Жан-Жака Русо, ідэалізоўваў вясковае жыцьцё, лічыў сялянаў маральна несапсаванымі.

Апошнія рокі жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увосень 1812 року пад час адступленьня напалеонаўскіх войскаў Красьнік быў зьнішчаны цалкам, а сам гаспадар абрабаваны да бялізны і зьбіты жаўнерамі. У 1813 г. ён пасяліўся ў Мураве, а ў 1818 або 1819 набыў у Вінцэнта Ажахоўскага, межавага ваўкавыскага судзьдзі, фальварак Хараўшчына каля Ваўкавыску, дзе правёў рэшту жыцьця. Тут на практыцы ажыцьцявіў сюжэты сваіх п’ес-ідылій, працаваў разам зь сялянамі ў полі, адкрыў у Хараўшчыне школу для сялянскіх дзяцей, у якой сам настаўнічаў. Рэшткі парку, склеп, флігель і падмуркі сядзібнага дома Карпінскага захаваліся ў Хараўшчызьне да сёньняшняга дню.

Меў пасьлядоўна трох абранак сэрца, называных ім «Юстынамі», аднак так і не ажаніўся.

Фрагмэнт касьцёльных могілак у Лыскаве з надмагільлем Ф. Карпінскаму ў форме нізкага доміка пад двухсхільным дахам.

Займаўся зборам вершаў, напісаных па-беларуску, запісам беларускіх песьняў, паданьняў, казак. Згуртаваў вакол сябе мясцовых літаратараў — І. Храптовіча, С. Клакоцкага, А. Хадкевіча.

Памёр 16 верасьня 1825 у фальварку Хараўшчына. Праз 19 рокаў ягоныя рэшткі перапахаваныя на касьцёльных могілках в. Лыскаве (цяпер Пружанскі раён). Надмагільле захавалася, мае выгляд паменшанай вясковай хаты. На алоўкавым, падмаляваным акварэльлю, малюнку Н. Орды надпіс: «31 траўня 1877. То мой дом убогі; Фр. Карпінскі памёр у 1825 г. 4 дня верасьня, жыў 84 гады». Першапачаткова там быў толькі надпіс «То мой дом убогі»[5].

Архіў Ф. Карпінскага захоўваўся ў К. Прозара ў Хвойніках, потым часткова ў А. Ельскага ў Замосьці (цяпер Пухавіцкі раён).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў, сабраных у зборніку «Забаўкі вершам і прозай» (Zabawki wierszem i prozą, т. 1-7, Варшава, 1782—1787). Шырокую папулярнасьць набылі песьні і баляды Ф. Карпінскага («Да Юстыны. Вясновая туга», «Лаура і Філон», «Балада аб Людгардзе» і інш.). У камэдыі «Чынш» (Czynsz, ВаршаваКракаў, 1790) Ф. Карпінскі за вызваленьне сялянаў ад прыгону.

Водгукам на падзелы Рэчы Паспалітай быў верш «Жалоба Сарматы над магілай Жыгімонта Аўгуста». Захаваліся патрыятычныя творы: «Да Станіслава Малахоўскага», «На дзень 3 траўня 1791 г.», «Плач Сармата над магілай Жыгімонта Аўгуста», драма «Юдзіф».

Паэзія Ф. Карпінскага вылучалася прастатой мастацкіх формаў, была прасякнутая матывамі народнай творчасьці. Матывы беларускага фальклёру гучаць у ягоных працах «Падарожжа па зачараванай краіне», «Сьвецкія песьні» (адна зь іх — пераробка народнай песьні «Пайшла дзеўка ў рэчку па ракі»). Цікавіўся беларускай паэзіяй Ф. Рысінскага.

Акрамя гэтага, зьяўляўся аўтарам філязофска-этычных твораў — «Пра красамоўства ў прозе і вершах», «Пра шчасьце чалавека». Апроч літаратурнай спадчыны, пакінуў успаміны, якія ўпершыню былі выдадзеныя ў 1822 («Гісторыя майго стагодзьдзя і людзей, зь якімі жыў») і вытрымалі 6 выданьняў.

Перакладчыкам творчасьці Карпінскага на беларускую мову стаў Уладзімер Мархель[7].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1780 — Zabawki wierszem i przykłady obyczajne
  • 1782 — O wymowie w prozie albo w wierszu (маніфэст сэнтымэнтальнасьці)
  • 1782 — Zabawki wierszem i prozą (т. 1-7, Варшава, 17821787)
  • 1783 — O szczęściu człowieka. List do Rozyny (rozprawa)
  • 1784 — Powrót z Warszawy na wieś (Горадня)
  • 1787 — Czynsz (камэдыя, ВаршаваКракаў)
  • 1790 — Bolesław III (трагедыя)
  • 1792 — Pieśni nabożne (Супрасьль)
  • 1802 — Rozmowy Platona z uczniami swoimi (Горадня)
  • 1822 — Historia mego wieku i ludzi, z którymi żyłem (успаміны, 6 выд.)

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магіла Карпінскага ў Лыскаве

У 1925 року з нагоды 100-годзьдзя сьмерці паэта ў Варшаве была выдадзеная невялікая кніга «Францішак Карпінскі». Прыбытак ад продажу кнігі пайшоў на лыскаўскую школу, якая насіла ягонае імя і зьмяшчалася ў памяшканьні сучаснай бальніцы (колішняга манастыра).

26 верасьня 1993 у Лыскаве каля касьцёлу быў пастаўлены і асьвечаны помнік выдатнаму дзеячу. На помніку зроблены надпіс: «Вось мой дом убогі, Францішак Карпінскі, памёр год 1825, дня 4 верасьня, жыў гадоў 84».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Wurzbach D. C. v. Karpiński, Franz (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 11. — S. 16.
  2. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ CONOR.SI
  4. ^ http://zspzabludow.edupage.org/files/Franciszek_Karpinski.pdf(недаступная спасылка)
  5. ^ а б Antoni Korniłowicz. O życiu ś.p. Franciszka Karpińskiego Doktora filozofii i nauk wyzwolonych bakałarza ś. teologii…. — Wilno: nakładem i drukiem N. Glücksberga, 1827.
  6. ^ dniknik (22 красавіка 2010) Францішак Карпінскі Знакамітыя людзі. партал гораду Пружаны. Праверана 22 чэрвеня 2011 г.
  7. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Францішак Карпінскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў