Уладзімер Камароў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Камароў.
Паштовая марка СССР (1964)
Уладзімер Камароў 1965

Уладзі́мер Міха́йлавіч Камаро́ў (16 сакавіка 1927, Масква, РСФСР — 24 красавіка 1967, Арэнбурская вобласьць, РСФСР) — савецкі лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюзу, інжынэр-палкоўнік. Камандоўца першага ў сьвеце экіпажу з трох чалавек і першы ў сьвеце касманаўт, які загінуў падчас выкананьня місіі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1943 року скончыў сямігодку і паступіў у 1-ю Маскоўскую спэцшколу ВПС, імкнучыся стаць пілётам. Школу скончыў у ліпені 1945 і стаў курсантам Салаўской авіяцыйнай школы першапачатковага навучаньня, а ў верасьні таго ж року — курсантам Барысаглебскай Вайсковай авіяцыйнай вучэльні пілётаў.

У ліпені 1946 року быў пераведзены ў Батайскую вайсковую авіяцыйную вучэльню імя Анатоля Сярова, па сканчэньні якое ў 1949 року пачаў службу вайсковым пілётам-зьнішчальнікам у авіяцыйным палку зьнішчальнай авіяцыйнай дывізіі ВПС Паўночнакаўкаскае вайсковае акругі, якая разьмяшчалася ў Грозным. Там ён пазнаёміўся са школьнай настаўніцай Валянцінай, якая ў 1950 року стала ягонай жонкай.

Чалец КПСС з 1952 року. У 1959 пасьпяхова скончыў Вайскова-паветраную інжынэрную акадэмію імя Жукоўскага і быў разьмеркаваны ў Дзяржаўны Чырваназорны НДІ ВПС, дзе займаўся выпрабаваньнямі новых узораў авіяцыйнай тэхнікі. Менавіта тут, у ДЧНДІ ВПС, камісія па адборы ў першы атрад касманаўтаў прапанавала Ўладзімеру Камарову новую сакрэтную выпрабавальную працу, і ў 1960 року ён быў залічаны ў атрад касманаўтаў.

У красавіку 1961 агульнакасьмічная падрыхтоўка была завершаная, і Камароў пачаў падрыхтоўку да палёту на касьмічных караблях «Усход» і «Ўзыход».

Касьмічныя місіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Узыход-1»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Свой першы касьмічны палёт Уладзімер Камароў зьдзейсьніў 12—13 кастрычніка 1964 року на борце касьмічнага караблю «Ўзыход» разам з касманаўтамі Канстанцінам Феактыставым і Барысам Ягоравым. Гэта быў першы ў сьвеце шматмесны касьмічны карабель. Упершыню ў складзе экіпажу былі ня толькі лётчык, але таксама інжынэр і лекар. Упершыню ў гісторыі экіпаж зьдзяйсьняў палёт без скафандраў. Упершыню была выкарыстаная сыстэма мяккай пасадкі. Пазыўны «Рубін» суткі гучаў з арбіты. Выніковая працягласьць палёту склала адны суткі 17 хвілінаў, за гэты час карабель 16 разоў абляцеў зямны шар. Асноўнай задачай палёту было забесьпячэньне прыярытэту СССР у палётах у космас экіпажу зь некалькіх касманаўтаў. За пасьпяховае выкананьне палёту 19 кастрычніка 1964 году Ўладзімеру Камарову было нададзенае званьне Героя Савецкага Саюзу, ордэн Леніна і мэдаль «Залатая Зорка». Неўзабаве яму прысвоілі кваліфікацыю «касманаўт 3-е клясы», а 23 студзеня 1965 року прызначылі інструктарам-касманаўтам у групу падрыхтоўкі касманаўтаў паводле праграмаў Міністэрства абароны.

«Саюз-1»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 1965 року Ўладзімер Камароў быў улучаны ў групу падрыхтоўкі да палёту па праграме «Саюз». У жніўні 1966 было вырашана, што ён будзе пілятаваць «Саюз-1». Ягоным дублёрам быў прызначаны Юры Гагарын. Пры завяршэньні праграмы палёту, які адбываўся 23—24 красавіка 1967 року, Уладзімер Камароў загінуў, калі падчас спуску на Зямлю ня выйшаў асноўны парашут спускальнага апарату. Стропы запаснога парашуту скруціліся з-за кручэньня апарату, і ён на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў зямлю ў пустыннай мясцовасьці ў Адамаўскім раёне Арэнбурскай вобласьці.

За гераізм, мужнасьць і адвагу, праяўленыя падчас зьдзяйсьненьня палёту, 24 красавіка 1967 узнагароджаны другім мэдалём «Залатая Зорка» (пасьмяротна). Міжнародны камітэт па аэранаўтыцы і касьмічных палётах адзначыў подзьвіг касманаўта ордэнам «Ружа вятроў» з брыльянтамі.

Прах Уладзімера Камарова пахаваны ў урне ля Крамлёўскай сьцяны на Чырвонай плошчы ў Маскве 26 красавіка.

Рэзюмэ палётаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьмічныя палёты, у якіх браў удзел Уладзімер Камароў
№ п/п Дата старту Касьмічны апарат Дата прызямленьня Функцыі Час у палёце
1 12 кастрычніка 1964 Узыход-1 13 кастрычніка 1964 Кіраўнік 24:17:03
2 23 красавіка 1967 Саюз-1 24 красавіка 1967 Лётчык 1:2:47:52
Агульны час, праведзены ў космасе — 2 дні, 3 гадзіны 4 хвіліны 55 сэкундаў.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Бацька — Міхаіл Якаўлевіч Камароў (1901 — ?), удзельнік нямецка-савецкай вайны
  • Маці — Ксенія Ігнатаўна Сігалаева (1895 — 30 траўня 1949)
  • Сястра па маці — Матыльда Аляксееўна Сігалаева (1915 — ?)
  • Жонка — Валянціна Якаўлеўна Кісялёва (1929 — 25 жніўня 1995), гісторык-філёляг, бібліятэкарка
  • Сын — Яўген Уладзімеравіч Камароў (нар. 1951)
  • Дачка — Ірына Ўладзімераўна Камарова (нар. 10 сьнежня 1958), вайскоўка запасу (маёр).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Их именами названы…: Энцикл. справочник. — Мн.: БелСЭ, 1987. — С. 294. — 30 000 ас.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уладзімер Камароўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў