Сэкта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сэ́кта (ад лацінскага sectare — «адсякаць»):

  1. у клясычным сэнсе — рэлігійная суполка ці арґанізацыя, якая аддзялілася ад буйнейшае, больш сталае ды ўплывовае канфэсіі з прычыны непагадненьня з ідэялёгіяй гэтае канфэсіі ці канфлікту зь ейнымі лідэрамі;
  2. прыблізна з XIX стагодзьдзя сэктамі пачынаюць называць таксама невялікія новыя рэлігійныя суполкі, утвораныя па-за межамі існых буйных канфэсіяў.

Сэкты ў гісторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэкты вылучаліся ў гісторыі бадай што са ўсіх дастаткова ўплывовых рэлігіяў. I стагодзьдзе да нараджэньня Хрыстова — II стагодзьдзе па нараджэньні Хрыстовым — час росквіту сэктаў гнастычнае накіраванасьці ў межах паганства. У юдаізме таго ж часу вядомая сэкта назарэяў; на палажэньні сэкты апынулася толькі што створаная хрысьціянская Царква. У XI стагодзьдзі надзвычай моцны ўплыў на поўдні Эўропы мела сэкта катараў, у той жа час у Багдадзкім халіфаце была моцнай сэкта гашышынаў (асасінаў). У Расейскай Імпэрыі існавалі сэкты малаканаў, духабораў, хлыстоў.

Таталітарныя сэкты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмін таталіта́рная сэ́кта (таксама ўжываецца тэрмін нэаку́льт) узьнік у другой палове XX стагодзьдзя ў дачыненьні да асаблівага тыпу рэлігійных арганізацыяў, колькасьць якіх няўхільна ўзрастае з канца другое сусьветнае вайны. Таталітарным сэктам уласьцівы жорсткі ўціск і кантроль ва ўсіх сфэрах жыцьця адэптаў з боку лідэраў сэкты, прымушэньне адэптаў да поўнага падпарадкаваньня. Таталітарныя сэкты часьцей за ўсё ствараюцца дзеля атрыманьня багацьця ды ўлады, рэлігійны складнік у іх другасны — кіраўнікі сэкты могуць зьмяняць ейнае веравучэньне па ўласным жаданьні, могуць нават самі не прымаць гэтага веравучэньня. У таталітарных сэктах, як правіла, мае месца так званы «эзатэрычны разрыў»: новым вернікам недаступная поўная інфармацыя пра ідэялёгію й дзейнасьць сэкты, некаторымі зьвесткамі валодае толькі кіроўная кола сэкты. Выкарыстаньнем агрэсіўных спосабаў узьдзеяньня на псыхіку, лідэры таталітарных сэктаў фармуюць у адэптаў варожы настрой да людзей па-за сэктай, гатоўнасьць выконваць любыя загады лідэра. Ад вернікаў амаль заўжды патрабуюць ахвяраваць сэкце ўсю сваю маёмасьць (адразу ці паступова) ды быць гатовымі аддаць здароўе ці жыцьцё дзеля дабрабыту сэкты й ейных кіраўнікоў. Людзям, якія ўцяклі з таталітарных сэктаў, патрэбная шматгадовая рэабілітацыя ды псыхалягічная дапамога. Сярод сэктантаў назіраецца вялікая колькасьць самагубстваў.

У лістападзе 1978 году вялікі рэзананс выклікала масавае самагубства сэкты «Народны храм» у Гаяне, у 1993 годзе — сэкты «Галіна Давіда», пазьней — сэктаў «Храм Сонца» ды «Нябесныя вароты». У сакавіку 1995 году сэкта «Аум Сінрыкё» зьдзейсьніла тэрарыстычны акт у мэтро гораду Токіё з ужыцьцем хімічнае зброі, плянаваўся яшчэ шэраг тэрактаў, якія былі папярэджаныя японскімі ўладамі. 17 сакавіка 2000 году на загад лідэркі сэкты «Рух за адраджэньне дзесяці запаведзяў Бога» (Уганда) былі забітыя больш за 500 сэктантаў. Сёньня ў шматлікіх цывілізаваных краінах таталітарныя сэкты забараняюцца ды перасьледуюцца законам. Найбольш вядомыя ва ўсім сьвеце таталітарныя сэкты: мармоны (гістарычна першая суполка гэтага тыпу, сёньня найбольш сацыялізаваная зь іх), «Царква саенталогіі», «Рух аб’яднаньня» С. Муна, «Міжнародае таварыства сьвядомасьці Крышны», «Трансцэндэнтальная мэдытацыя» Махарышы, «Царква Хрыста».