Сываратка праўды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Сываратка праўды», (таксама «фармакалягічны допыт», «аміталавае інтэрвію») — умоўныя назовы псыхатропных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца спэцслужбамі ў дачыненьні да падсьледных з мэтаю атрыманьня інфармацыі. Міжнародным правам выкарыстаньне такіх прэпаратаў трактуецца як катаваньне. Афіцыйна спэцслужбы абвяргаюць ужываньне падобных мэтодык.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1916 годзе акушэр Робэрт Хаўс зь мястэчка Фэрыс непадалёк ад Даласу (ЗША) назіраў, як парадзіха, што знаходзілася ў стане «паўдрымоты» пад узьдзеяньнем скапаламіну, дала свайму мужу дакладныя ўказаньні, дзе знаходзяцца вагі для ўзважваньня нованароджанага. Хаўс прыйшоў да высновы, што скапаламін можа прымусіць чалавека праўдзіва адказаць на любое пастаўленае пытаньне. У далейшым доктар настойваў на выкарыстаньні гэтага рэчыва ў працы паліцыі.

У 1920—30-х гадох у ЗША было некалькі выпадкаў ухваленьня судом выкарыстаньня скапаламіну пры правядзеньні допытаў. Дасьледваліся й іншыя рэчывы, найвядомыя зь іх — барбітураты, пэнтатал і амітал.

Да 1950-х гадоў навукоўцам стала відавочна, што пэўнасьць прызнаньняў, атрыманых пад уплывам «сывараткі праўды», невялікая. Большасьць судоў прызналі доказы, здабытыя з дапамогаю падобных рэчываў, ня маючымі сілы.

У 1953 годзе Цэнтральная выведвальная ўправа ЗША (ЦВУ) распачала праект пад назвай «MK-ULTRA» па вывучэньні ўплыву на паводзіны пэўных наркотыкаў, у тым ліку і эфэкт пры правядзеньні допытаў. Многім людзям прэпараты ўводзіліся бязь іхняга ведама і згоды. У канцы 60-х гадоў праграма была згорнутая, шматлікія парушэньні, дапушчаныя ў часе яе рэалізацыі, сталі прадметам слуханьняў Кангрэсу ЗША ў 1977 годзе.

У СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1942 годзе кіраўнік сакрэтнай лябараторыі НКДБ Рыгор Майраноўскі, займаючыся экспэрымэнтамі з атрутамі на прыгавораных да расстрэлу, выявіў, што пад уплывам пэўных дозаў прэпарату «паддосьледны» пачынае размаўляць выключна праўдзіва. Пасьля гэтага, з ухвалы кіраўніцтва, ён заняўся «праблемай откровенности» на допытах. Пасьля двух гадоў выпрабаваньняў у лябараторыі і абодвух турмах Лубянкі выкарыстаньне прэпаратаў пачало практыкавацца, у тым ліку, на палітвязьнях з Усходняй Эўропы[1].

Савецкія дысыдэнты Ўладзімер Букоўскі (у далейшым кэмбрыдзкі нэўрафізыёляг) і Сямён Глузман (кіеўскі псыхіятар) пісалі ў «Дапаможніку па псыхіятрыі для іншадумцаў» (каля 1973) пра «фармакалягічны допыт», або «аміталавае інтэрвію». Унутрывенавы ўвод амітал-натрыю выклікае ап’яненьне, падобнае да алькагольнага, і разьвязвае язык. Аўтары дапаможніка кампэтэнтна заявілі, што мэтад малапрыдатны і дазваляе прыхаваць свае перакананьні[2].

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле праваабаронцаў, спэцслужбы на постсавецкай прасторы могуць прымяняць фармакалягічныя допыты ў адносінах да падазраваных па справах «дзяржаўнай важнасьці». Як сьведчыць былы беларускі палітзьняволены Васіль Лявонаў, у канцы 1990-х гадоў падчас утрыманьня ў ізалятары КДБ спэцслужбы правялі зь ім «фармакалягічнае інтэрвію»:

« Мяне аднойчы паілі нейкімі псыхатропнымі прэпаратамі, якія адбіваюць памяць. Прыйшоў нейкі сьледчы, размаўляў са мной. Гаварылі, пілі ваду. У камэры заўсёды адчуваеш смагу. Ня памятаю, як страціў прытомнасьць і што са мной было. Калі прыйшоў у сябе, пачуў, як начальнік гучна скандаліў з тым чалавекам. Пэўна спалохаўся, што далі перадазіроўку. Вось так гэта было. Вырубілі з той мэтай, каб я пачаў штосьці гаварыць. Што, ня ведаю. Аднак я быў ўпэўнены ў сабе, што нічога такога супраць сябе і сваіх блізкіх я сказаць ня мог. Больш такіх экспэрымэнтаў са мной не рабілі. »

Васіль Лявонаў «Сываратка праўды» для палітвязьняў Здароўе. Радыё «Свабода» (26 сьнежня 2010). Праверана 26 сьнежня 2010 г.

У Расеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнікі форуму на інфармацыйным партале пра спэцназ Расеі ўзгадваюць выкарыстаньне сываратак праўды ў сваёй практыцы ў сукупнасьці зь іншымі катаваньнямі[3][4]. Сярод прэпаратаў называюцца амнапон, камбінацыя скапаламіну і драпэрыдолу[5].

Пра выкарыстаньне псыхатропных сродкаў у дачыненьні да сябе і іншых падазраваных у 2009 годзе пісаў Ігар Суцягін, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. Ён сьцьвярджае, што на допытах у СІЗА ФСБ Расеі «Ляфортава» яго частавалі каньяком, у якім быў раствораны «нейкі псыхатропны прэпарат», пасьля чаго зь ім сталі здарацца невытлумачальныя правалы ў памяці[6]. Расейскія спэцслужбы абверглі заяву Суцягіна[7].

Афіцыйнае выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 2007 году было афіцыйна ўхваленае выкарыстаньне пэнтаталу ў якасьці «сывараткі праўды» для выкарыстаньня паліцыяй гораду Мумбаі (Індыя) пры допыце падазраваных у сэрыйных забойствах. Пасьля праведзеных ін’екцыяў сэрыйны маньяк і ягоны памагаты-слуга паказалі на месца захоўваньня парэшткаў забітых імі дзяцей[8]. Аднак у 2010 годзе Вярхоўны суд Індыі забараніў прымусовае ўколваньне падазраваных сывараткі праўды з-за пагаршэньня якасьці працы сьледчых, якія стараліся падагнаць усе астатнія доказы пад прызнаньні, зробленыя падазраванымі пад узьдзеяньнем псыхатропных рэчываў[9].

У 2010 годзе ізраільскі суд дазволіў выкарыстаньне сывараткі праўды для допыта падазраванага ў забойстве ўласнай жонкі, які адмаўляўся прызнаць сваю віну. Пасьля ін’екцыі падазраваны яшчэ раз агучыў сваю вэрсію: ён не забіваў жонку, а гэта было самагубства[10].

У мастацкай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У рамане-антыўтопіі клясыка швэдзкай літаратуры Карын Бае «Калакаін» падазраваным уводзяць рэчыва пад назвай калакаін. Гэта сываратка, што прымушае іх казаць праўду.
  • У сэрыі кніг пра Гары Потэра неаднакроць узгадваецца зельде вэрытасэрум, якое прымушае людзей гаварыць праўду.
  • У нізцы раманаў пра Фаркасіганаў пісьменьніцы Лоіс Буджалд выкарыстоўваецца «фаст-пэнтал» (або «супэрпэнтатал»). Пад узьдзеяньнем гэтага рэчыва чалавек ня здольны хаваць інфармацыю і агучвае свае думкі ўслых, гаворачы пры гэтым усё, што думае. Шэрагу людзей (напрыклад, агентам спэцслужбаў) прывіваецца сьмяротная алергія на прэпарат, каб пазьбегнуць раскрыцьця імі сакрэтнай інфармацыі.
  • У «Жуку ў мурашніку» братоў Стругацкіх Леў Абалкін даведваецца нумар сакрэтнага спэцканалу Рудольфа Сікорскага ад Трыстана, якому супрацоўнікі контарвыведкі Выспавай імпэрыі ўвялі сываратку праўды.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Интриги красного двора (рас.) «Версия». Архив прессы (7 красавіка 2003). Праверана 26 сьнежня 2010 г.
  2. ^ Буковский В. , Глузман С. Пособие по психиатрии для инакомыслящих. — самвыдат, пасьля 1973.
  3. ^ «Сыворотка правды...» (рас.) Ваенная фармакалёгія. Форум «Спецназ.орг» (27 сьнежня 2007). Праверана 27 сьнежня 2010 г.
  4. ^ «Сыворотка правды...» (рас.) Ваенная фармакалёгія. Форум «Спецназ.орг» (25 чэрвеня 2008). Праверана 27 сьнежня 2010 г.
  5. ^ «Сыворотка правды...» (рас.) Ваенная фармакалёгія. Форум «Спецназ.орг» (14 жніўня 2008). Праверана 27 сьнежня 2010 г.
  6. ^ Игорь Сутягин (24 лістапада 2010) Три школы (рас.) Пичугин Алексей. Права человека в России. Праверана 27 сьнежня 2010 г.
  7. ^ Игорь Сутягин утверждает, что на допросах ему давали «сыворотку правды» (рас.). «Московский комсомолец» (25 лістапада 2010). Праверана 27 сьнежня 2010 г.
  8. ^ Truth serum for suspected Indian serial killers (анг.) World. The Sydney Morning Herald (5 студзеня 2007). Праверана 26 сьнежня 2010 г.
  9. ^ Максим Богодвид (5 траўня 2010) Верховный суд Индии запретил следователям применять «сыворотку правды» (рас.) Общество. РИА Новости. Праверана 27 сьнежня 2010 г.
  10. ^ Антон Городницкий (19 сакавіка 2010) Инъекция «сыворотки правды»: убийца все равно не покололся (рас.). Kriminal.lv. Праверана 26 сьнежня 2010 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]