Селькупская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Селькупская мова
шӧльӄумыт әты, чумыль ӄумыт әты, сӱccӱ ӄумыт әты, шӧш ӄумыт әты, тӱй ӄумыт әты
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Томская вобласьць, Краснаярскі край
Колькасьць карыстальнікаў 1 023 чал.
(перапіс насельніцтва Расеі 2010 р.)[1]
Клясыфікацыя Уральскія мовы
Афіцыйны статус
Статус: 5 Разьвіваецца[d][2]
Пісьмо кірыліца і сэлькупскае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-2(Б) sel
ISO 639-2(Т) sel
ISO 639-3 sel

Сельку́пская мова (саманазва: шӧльӄумыт әты, чумыль ӄумыт әты, сӱccӱ ӄумыт әты, шӧш ӄумыт әты, тӱй ӄумыт әты) — самадыйская мова ўральскае моўнае сям'і, на якой размаўляе самадыйскі народ селькупы.

На мове размаўляе 1 023 чалавек (паводле зьвестак Усерасейскага перапісу насельніцтва 2010 року), мова распаўсюджаная галоўным чынам у рэгіёнах паміж рэкамі Об ды Енісей. Назва мовы паходзіць ад саманазвы мовы ў тазаўскім дыялекце, шӧльӄумыт әты, якая ў літаральным перакладзе азначае «мова лясных жыхароў». У дыялектах селькупскае мовы існуюць разнастайныя саманазвы мовы (пададзеныя ў шаблёне справа).

Селькупская мова разгаліноўваецца ў шырокі дыялектны кантынуўм. Серад дыялектаў вылучаюцца тры асноўных — тазаўскі, тымскі і кецкі. На тазаўскім дыялекце засноўваецца літаратурны стандарт мовы.

Асноўная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У тазаўскім дыялекце селькупскае мовы прысутнічае 25 галосных і 16 зычных гукаў.

  • Зычныя
Зычныя тазаўскага дыялекту
Лябіяльныя
(вуснавыя)
Зубныя Палятальныя
(альбо паляталізаваныя)
Вэлярныя
(заднеязычныя)
Увулярныя
Насавыя /m/ /n/ /nʲ/ /ŋ/ [ɴ]
Выбухныя /p/ /t/ /tʲ/ /k/ /q/
Фрыкатыўныя ([f]) /s/ /sʲ/ ([x]) ([χ])
Дрыжачыя /r/ [ʀ]
Лятэральныя
(бакавыя)
/l/ /lʲ/
Паўгалосныя /w/ /j/

У вымаўленьні не адлюстроўваецца звонкасьць зычных. Выбухныя ды фрыкатыўныя гукі могуць станавіцца звонкімі ў пазыцыі паміж галоснымі альбо пасьля санорных зычных.

Паляталізаваныя выбухныя і фрыкатыўныя /tʲ/, /sʲ/ звычайна часьцей за ўсё рэалізоўваюцца як альвэа-палятальная афрыката [tɕ] і фрыкатыўная [ɕ] адпаведна. Таксама паляталізаваныя зычныя могуць прысутнічаць могуць прысутнічаць перад галоснымі пярэдняга шэрагу.

Гукі [ɴ] ды [ʀ] зьяўляюцца аляфонамі гуку /q/ у пазыцыі перад насавымі і плыўнымі адпаведна.

Нератычныя выбухныя /p/, /k/, /q/ маюць дадатковыя фрыкатыўныя аляфоны [f], [x], [χ], якія ўзьнікаюць у пазыцыі перад /s/ або /sʲ/.

  • Галосныя
Галосныя тазаўскага дыялекту
Пярэдняга шэрагу Сярэдняга шэрагу Задняга шэрагу
Неакругленыя Акругленыя Неакругленыя Акругленыя
Напружаныя Верхняга ўздыму /i/, /iː/ /y/, /yː/ /ɨ/, /ɨː/ /u/, /uː/
Сярэдняга ўздыму /e/, /eː/ /ø/, /øː/ /ɘ/, /ɘː/ /o/, /oː/
Ніжняга ўздыму /æ/, /æː/ /a/, /aː/
Слабыя Верхняга ўздыму /ɪ/, /ɪː/ [ɪ̈ ~ ə]
Сярэдняга ўздыму /ɛ/, /ɛː/ /ɔː/

У фанэтыцы існуе даўжыня галосных (то бок, існаваньне кароткіх гукаў і ягоных падоўжаных адпаведнікаў). Пры гэтым у селькупскай мове існуе гук /ɔː/ (паходзіць ад протаселькупскага */aː/), які ня мае свайго кароткага адпаведніка. Адрозьніваньне паводле напружанасьці (рыса паўночных дыялектаў) не залежыць ад даўжыні. Поўная разнастайнасьць адрозьніваньня галосных паводле якасьці можа існаваць толькі ў першым складзе слова: у наступных сказах гукі /e/, /ø/, /ɘ/, /y/, /ɨ/ не падаўжаюцца, не існуе /uː/ (паказаныя шэрым колерам у табліцы вышэй).

Фанэтычна не рэалізоўваецца слабая галосная сярэдняга шэрагу [ɪ̈ ~ ə], якая зьяўляецца толькі ў ненаціскных складах, якія не зьяўляюцца першымі; яна звычайна разглядаецца як аналяг кароткага напружанага /ɨ/.

Склад у селькупскай мове будуецца паводле структуры (зычны)-галосны-(зычны). Пачатковае /ŋ/ ды канцавое /tʲ/ або /w/ у складзе не паўстаюць. Могуць зьяўляцца разнастайныя спалучэньні галосных і гемінацыйныя (то бок, падвойныя пры вымаўленьні) зычныя (прыкладам /nt/, /rm/, /sʲsʲ/), аднак у шматлікіх спалучэньнях яны марфалягічна спрашчаюцца.

Націск у селькупскай мове рэалізоўваецца ў мінімальнай ступені.

Марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У селькупскай мове значна скарацілася функцыя множнага ліку на карысьць шырокага выкарыстоўваньня зборных формаў. Існуе пашыраная сыстэма склонаў. У мове адсутнічае адмоўны дзеяслоў. Маецца шэраг лексычных паралеляў з хантыйскай мовай, а таксама і зь не-ўральскімі мовамі: кецкай (ды іншымі енісейскімі), тунгуса-маньчжурскімі мовамі.

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы ХІХ ст. было выдадзена некалькі кніга з богаслужбовымі тэкстамі. Пісьмовасьць была створаная ў 1930-х гадох, яна засноўвалася на лацінскім альфабэце (гл. лацінізацыя). Пазьнейшы альфабэт засноўваўся на аснове кірыліцы. У 1950-1980-ыя гады пісьмовасьць практычна не выкарыстоўвалася і ня мела стабільнае формы. Існы за цяперашнім часам альфабэт быў створаны ў канцы 1980-х гадоў.

Існуе два альфабэты. Адзін выкарыстоўваецца паўночнымі селькупамі, іншы — паўднёвымі.

Альфабэт паўночных селькупаў[3]:

А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё Ж ж
З з И и Й й К к Ӄ ӄ Л л М м Н н
Ӈ ӈ O o Ө ө Ӧ ӧ П п Р р С с Т т
У у Ӱ ӱ Ф ф Х х Ц ц Ч ч Ш ш Щ щ
ъ Ы ы ь Ә ә Э э Ю ю Я я

Альфабэт паўднёвых селькупаў[4]:

А а Б б В в Г г Ӷ ӷ Д д Е е Ё ё
Ж ж Җ җ З з И и И̇ и̇ К к Ӄ ӄ Л л
М м Н н Ӈ ӈ O o Ӧ ӧ П п Р р С с
Т т У у Ӱ ӱ Ф ф Х х Ц ц Ч ч Ш ш
Щ щ ъ Ы ы ь Э э Ӭ ӭ Ю ю Я я

Для пазначэньня даўжыні галоснай выкарыстоўваецца дыякрытычны знак макрон (рыса над літарай).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Григоровскій Н. П. Азбука сюссогой гулани. Казань, 1879.
  • Ириков С. И. Букварь. СПб, 1997.
  • Казакевич О. А. Использование ЭВМ для исследования бесписьменных и младописьменных языков. (На материале селькупского языка). М., 1990.
  • Казакевич О. А. Частотные словари селькупских фольклорных текстов // Аборигены Сибири: Проблемы изучения исчезающих языков и культур. Тезисы международной конференции Новосибирск (Академгородок), 26-30 июня 1995 г. Том 1. Филология. Новосибирск, 1995. С. 386—389.
  • Кузнецова А. И., Хелимский Е. А. Селькупские материалы в рукописном наследии Л. А. Варковицкой // Советское финно-угроведение. 1989. Т.25, N 1. С. 51-53.
  • Кузнецова А. И., Казакевич О. А., Иоффе Л. Ю., Хелимский Е. А. Очерки по селькупскому языку. Т. 2. Тексты. Словарь. М., 1993. С. 6-88.
  • Прокофьев Г. Н. Селькупский (остяко-самоедский) язык. Ч. 1. Л., 1935.
  • Прокофьев Г. Н., Селькупская грамматика, Л., 1935; Erdélyi J., Selkupisches Wörterverzeichnis, Bdpst, 1969.
  • Морев Ю. А. Система вокализма обского говора селькупского языка // Языки и топонимия Сибири IV. Томск: Изд-во Том. ун-та, 1971. С. 94-106.
  • Морев Ю. А. К вопросу о развитии лабиализованных согласных в селькупском языке // Советское финно-угроведение XI. Таллин, 1975. № 2. С. 126—134.
  • Морев Ю. А. Фонетические данные для определения места ласкинского говора в системе диалектных подразделений селькупского языка // Языки и топонимия Сибири VI. Томск: Изд-во Том. ун-та, 1977. С. 29-38.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/per-itog/tab6.xls
  2. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 2022. — ISSN 1946-9675
  3. ^ Ириков С. И. Букварь. СПб, 1997.
  4. ^ Быконя В. В. Шарватпленд шё̄шӄуй шэндсэ! Говори по шёшкупски (русско-селькупский разговорник). — Томск: Изд-во Томского госпедуниверситета, 1999. — 112 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]