Пётар Уластовіц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пётар Уластовіц

Лебедзь
Ваявода
1117 — няма зьвестак
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1080
Памёр 1153(1153)
Пахаваны
Род Дуніны
Бацькі Улост
Жонка Марыя, дачка Алега Міхала
Дзейнасьць дыплямат

Пётар Уластовіц (Уластовіч) званы пазьней Дунінам (Дунчыкам, г.зн. Датчанінам) (па-польску: Piotr Włostowic(z) “Duńczyk”; каля 10801153) — уладар Сілезіі з роду Лебедзяў, сын Уласта (Улоста) і ад 1117 палятын (ваявода) Балеслава Крывавуснага, заснавальнік роду Дунінаў.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне Пятра ўпершыню ўзгадваецца ў песьні «Carmen Mauri». Паводле яе Пётар прыбыў з Даніі і адтуль меў прозьвішча Дунін. Паводле гіпотэзы М.Цатвінскага, Пётар паходзіў з Русі. Але ж абедзьве гэтыя вэрсіі спрэчныя. Магчыма ён паходзіў зь сілескага роду («alti sanguinis princeps»), які здаўна валодаў землямі ў ваколіцах Уроцлава. Пра гэта сьведчыць і імя ягонага бацькі — Уласт, якае выводзіцца зь ягонага імя па бацьку Уластовіц (Уластовіч). Гэтае імя ўзгадваў Вінцэнт Кадлубэк, называючы Пятра Vlostides. Вядома, што Пётар не ўжываў ані прыдомку Дунін, ані гербу Лебедзь. Толькі ў XIV ст. нашчадкі Пятра ўзялі прозьвішча Дунін. Верагодна, гэтае прозьвішча паходзіць ад імя Дамінік: Домін — Донін — Дунін. Гэтае імя трапіла на пладавіты грунт пра дацкае паходжаньне. Пра прыбыцьцё Пятра з Даніі ўзгадваюць Янка з Чарнкава ў сваёй Хроніцы Вялікапольскай, гэтую аповесьць пазьней ужывае й Ян Длугаш.

Ужо ў XVII ст. дацкія гісторыкі аспрэчылі гэтую гіпотэзу, сьцьвердзіўшы, што аніводзін з дацкіх конунгаў у XII ст. ня быў замардаваны сваім братам. У XVIII ст. гісторык Адам Нарушэвіч прызнаў аповесьць пра дацкі паход Крывавуснага легендай, абсалютна неверагоднай.

Паходжаньне Пятра Уластовіца ўзгадваецца ў буле папы рымскага Цэлестына ІІІ ад 9 красавіка 1193 адносна абацтва Найсьвяцейшае Панны Марыі на Пяску ўва Ўроцлаве. У буле сьцьвярджаецца, што землі абацтва Пётар атрымаў у спадчыну ад бацькі й дзеда. З гэтага вынікае, што прынамсі цягам двух пакаленьняў продкі Пятра мелі ўладаньні ў навакольлі Ўроцлава. Разьмяшчэньне маёнткаў Пятра (гара Сьленжа, абтокі Олбін, Пясэк і Оструў Тумскі ўва Ўроцлаве) прыводзіць некаторых дасьледчыкаў да думкі, што ягоны род паходзіў ад князёў з племя сьлянзянаў. Верагодна, што прозьвішча Дунін паходзіць таксама ад прапраўнука Пятра Ўластовіца — Пятра Крыстынавіча, які ў свой час знаходзіўся ў Даніі.

Дзяржаўная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да найбольш вядомых учынкаў Пятра належыць захоп ім перамышльскага князя Валадара, які непакоіў усходнія межы Польшчы. Пётар інсцэніраваў бунт супраць Балеслава Крывавуснага ды атрымаў давер перамышльскага князя. Пётар суправаджаў Валадара ўва ўсіх ягоных дзеях і, верагодна, нават хрысьціў ягонага сына. Падчас аднаго з паляваньняў Валадар апынуўся ў атачэньні Пятра й ягоных дружыньнікаў, якія прывялі яго да Балеслава. За князя перамышльцы выплацілі вялкі выкуп, большая частка якога дасталася Ўластовіцу. Да таго ж Валадар і ягоныя баяры абяцалі захоўваць мір з Польшчай і адмовіцца ад хаўрусу з памяранамі.

Калі памерла жонка князя Балеслава, той паслаў Пятра Ўластовіца сватам да Марыі, дачкі чарнігаўскага князя Алега Міхала, але ж Пётар сам ажаніўся з князёўнай. Дзякуючы гэтаму Пётар стаў адной зь першых асобаў у дзяржаве й дзядзькам спадчыньніка стальцу — Уладзіслава II. Шлюб даў яму таксама права на атрыманьне найвышэйшае пасады пасьля князя — палятына (па-лацінску: comes palatinus). Палятын кіраваў войскам у адсутнасьць князя, замяняў яго ў судох, сачыў за парадкам і бясьпекай пры двары, а ў часе малалецтва князя быў фактычным кіраўніком дзяржавы. Але калі ў другой жонкі Балеслава Салямэі з Бэргу нарадзіліся дзеці, тая змусіла мужа паставіць палятынам свайго чалавека — Вшэбара, які мог бы быць апірышчам малодшым княжычам.

Пасьля сьмерці Балеслава Крывавуснага ў 1138 вялікім князем стаў Уладзіслаў II Выгнанец, найстарэйшы сын ад першага шлюбу. Паводле жаданьня Балеслава краіна мусіла быць падзеленая паміж астатнімі сынамі. Новым палятынам зноў стаў Пётар Уластовіц, які апроч ужо названых функцыяў меў права прызначаць тэрытарыяльных ураднікаў. Але насуперак запавету бацькі Ўладзіслаў вырашыў аб’яднаць краіну ў адно й распачаў баявыя дзеяньні супраць братоў. Пётар, які быў супраць гэтага, патрапіў у няміласьць да вялікага князя й ягонае жонкі Агнешкі.

Канфлікт паміж князем і ягоным палятынам нарастаў яшчэ й з тае прычыны, што Пётар ня браў удзелу ў грамадзянскай вайне й намагаўся ўлагодзіць братоў. Тым ня менш яшчэ ў 1145 Уладзіслаў быў запрошаны на шлюб сына Пятра. Але ўжо напачатку наступнага году князь абвясьціў Уластовіца здраднікам. Да двору Пятра на Олбіне быў дасланы рыцар Добак, які з нагоды перадачы важных дакумэнтаў ад князя мусіў зьняволіць яго. Зранку пасьля прыёму Добак напаў на Ўластовіца ды паланіў яго. Княгіня Агнешка дамагалася сьмерці палятына, але таму было пакінутае жыцьцё, аднак Пятра асьляпілі й адсеклі яму язык як здрадніку.

Малюнак труны Пятра й Марыі

Даведаўшыся пра гэта, большасьць прыхільнікаў Пятра Ўластовіца перайшла на бок малодшых братоў Уладзіслава. Да таго ж сам былы палятын выехаў на Русь, дзе намаўляў кіеўскага князя да вайны з Польшчай. У выніку Ўладзіслаў быў разьбіты ды выгнаны з краіны, за што й атрымаў сваю мянушку.

З выгнаньнем сэньёра Пётар атрымаў былыя правы й маёнтак, але праз сваё калецтва ня здолеў займацца палітычнай дзейнасьцю. Згодна зь легендай, напрыканцы жыцьця яму вярнуўліся зрок і мова. Памёр Уластовіц у 1153 і быў пахаваны ў Касьцёле сьвятога Вінцэнта ўва Ўроцлаве. Труна зь целамі Пятра й Марыі пазьней была зьнішчаная туркамі.

Рэлігійная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле легенды, пасьля аднае споведзі Пётар атрымаў у якасьці пакуты збудаваць 70 ці болей касьцёлаў. Такім чынам былі заснаваныя 77 касьцёлаў і іншых каталіцкіх будынкаў, у тым ліку ва Ўроцлаве:

  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі,
  • Касьцёл сьвятога Ідзі,
  • Абацтва аа. бэнэдыктынаў на Олбіне з касьцёлам сьвятога Вінцэнта,
  • Касьцёл сьвятога Міхала,
  • Касьцёл сьвятога Марціна.

Само абацтва не захавалася, але пра ягоную былую веліч можа сьведчыць Олбінскі іканастас. Ад імя прыдомка Ўластовіца раманскія касьцёлы ў Польшчы называюцца дунінавымі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Sejm-Wielki.pl (пол.) — 2002.
  2. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118885421 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.