Пруф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Манэта Усяслаў Полацкі, якасьці «пруф», рэвэрс

Пруф (па-ангельску: proof, скарочана PRF; па-нямецку: Polierte Platte, скарочана РР, радзей Spiegelglanz,) — найвышэйшая якасьць біцьця манэты ці медаля, што атрымліваецца пры іх вырабе з выкарыстаньнем адмысловага прыстасаваньня і прыладаў.

Манэты стану пруф вырабляюцца адмыслова для калекцыянэраў у індывідуальным рэжыме з высокім адсоткам ручной працы. Тэхналёгія вымагае некалькіх адцісканьняў штэмпеляў на адну і тую самую паверхню манэты, якія адбываюцца пад ціскам ў сотні тон. Гатовыя манэты вымаюць уручную і зьмяшчаюць у адмысловыя празрыстыя капсулы ці запайваюць у плястык для захаваньня паверхні манэты, якую яшчэ называюць паліраванаю.

Манэты якасьці пруф маююць зусім роўную люстэркавую паверхню поля і, звычайна, матавы малюнак рэльефу. Зрэдчас сустракаецца так званы «рэвэрсыўны пруф», дзе поле матавае, а выявы люстэркавыя (паліраваныя). На манэце добра відныя найдрабнейшыя падрабязнасьці.

Таксама на манэце не павінна быць бачных вокам драпін, насечак, задзірак, няроўнасьці паверхні поля, неканцэнтрычных надсечак гурта і сьлядоў дотыку рук.

Любое выцягваньне з капсулы і мацаньне такой манэты пакідае на полі адбіткі пальцаў, якія ўжо немагчыма прыбраць. Манэта пасьля гэтага губляе сваю вартасьць сярод калекцыянэраў.