Паланга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паланга
лет. Palanga
Герб Палангі
Першыя згадкі: 1253
Горад з: 1933
Краіна: Летува
Павет: Клайпедзкі
Плошча: 59 км²
Насельніцтва (2015)
колькасьць:  15 379 чал.[1]
шчыльнасьць: 260,66 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 55°55′0″ пн. ш. 21°4′0″ у. д. / 55.91667° пн. ш. 21.06667° у. д. / 55.91667; 21.06667Каардынаты: 55°55′0″ пн. ш. 21°4′0″ у. д. / 55.91667° пн. ш. 21.06667° у. д. / 55.91667; 21.06667
Паланга на мапе Летувы
Паланга
Паланга
Паланга
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.palanga.lt/

Пала́нга (па-летувіску: Palanga) — горад у заходняй Летуве, на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Паланга зьяўляецца самым вялікім і самым вядомым летувіскім курортам. Насельніцтва налічвае каля 15 300 чалавек. Горад зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Паланскага гарадзкога раёну Клайпедзкага павету. Паланга адносіцца да этнаграфічнага рэгіёну Жамойць. Горад разьмяшчаецца ўздоўж мора на 25 км (уключаючы пасёлак Сьвятой, які быў далучаны да Палангі ў 1973 годзе). За 20 км ад гораду знаходзіцца дзяржаўная мяжа з Латвіяй. Адлегласьць ад Палангі да Вільні складае 338 км[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны касьцёл Палангі

Археалягічныя знаходкі сьцьвярджаюць, што чалавечыя паселішчы зьявіліся тут 5000 гадоў таму. Назва Паланга суадносіцца зь фіна-вугорскімі гідронімамі Паленга, Паленьга на поўначы Расеі[3]. У Х стагодзьдзі гэта тэрыторыя засялялася куршаўскімі плямёнамі. Упершыню Паланга ўзгадваецца пад 1161 годам, хаця афіцыйнай датай заснаваньня гораду лічыцца 1253 год, калі Паланга была згаданая ў хроніках Тэўтонскага Ордэна. Першапачаткова гэта была невялікая вёска рыбакоў. Паселішча мела важнае палітычнае значэньне: тут быў адзіны выхад Вялікага княства Літоўскага да Балтыйскага мора, акрамя таго, Паланга знаходзілася паміж Тэўтонскім Ордэнам з поўдня і Лівонскім Ордэнам з поўначы, застаючыся фарпостам барацьбы ліцьвінаў супраць нямецкай навалы. Згодна з паданьнем у Паланзе жыла Бірута, на якой ажаніўся Кейстут. Бірута нарадзіла Вітаўта Вялікага. Тэўтонскае войска некалькі разоў разбурала паселішча, але пасьля Грунвальдзкай бітвы Паланга канчаткова засталася ў складзе ВКЛ. З 1773 да 1775 году Паланга была перададзеная віленскаму біскупу Ігнацію Масальскаму. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай уладарамі паселішча былі Патоцкія, Несялоўскія. Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Паланга адышла да Расейскай імпэрыі. У 1824 годзе Палангу набыў Міхал Тышкевіч. Тышкевічы абнавілі порт, пабудавалі новы касьцёл, дубовы мост, да якога прычальвалі караблі. Паланга належала Тышкевічам да 1940 году. У 1899 годзе ў Паланзе быў пастаўлены першы публічны летувіскі спэктакль — «Амэрыка ў бані» Антанаса Вілкутайціса-Кетуракіса. З 1919 да 1921 году Паланга ўваходзіла ў склад Латвіі. Тэрытарыяльную спрэчку паміж Летувіскай Рэспублікай і Латвіяй разглядаў міжнародны суд Лігі Нацыяў, і з 21 сакавіка 1921 году горад быў перададзены Летуве. У 1933 годзе Паланга атрымала статус гораду. Падчас савецкага кіраўніцтва Паланга стала самым папулярным курортам на Балтыцы. Тут зьявілася шмат санаторыяў, дамоў адпачынку, кафэ й рэстарацыяў. Для патрэбаў курорта быў пабудаваны аэрадром. Ад 1971 г. на мяжы ліпеня і жніўня на тэрасе палацу праходзяць канцэрты камэрнай музыкі пад адкрытым небам «Начныя сэрэнады». Заснавальнікам і арганізатарам гэтых канцэртаў зьяўляецца вядомы летувіскі дырыгент Саўлюс Сандэцкіс. Ад 1998 г. тут таксама праводзяцца традыцыйныя «Сэзоны клясычнай музыкі ў палангскім парку».

У 1893—1897 гадох Тышкевічы пабудавалі тут выдатны палац у стылі нэарэнэсансу, у якім пасьля рэстаўрацыі ў 1963 годзе і да нашых дзён разьмясьціўся музэй бурштыну (самы вялікі ў сьвеце). У 15 залях музэю экспануюцца 5000 экспанатаў, яшчэ 28000 экспанатаў захоўваюцца ў сховішчах музэю, экспазыцыі ўвесь час абнаўляюцца. У капліцы палацу арганізуюцца часовыя выставы сучаснага мастацтва. У 1897—1907 гг. вакол палаца паводле праекту францускага ляндшафтнага архітэктара і батаніка Эдўарда Франсуа Андрэ (1840—1911) быў створаны вялікі парк (плошчай 70 га) ангельскага тыпу з сажалкамі, фантанамі і калекцыяй рэдкіх расьлінаў. У наш час парк займае плошчу 101,3 га і мае больш за 300 відаў дрэў і кустарнікаў.

Курорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 2013 году падарожнікі зь Беларусі былі найбольш шматлікімі замежнікамі, якія адпачывалі на курорце ў Паланзе[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Lithuania: Counties, Major Cities & Towns - Population Statistics in Maps and Charts
  2. ^ Литва / Составитель и редактор: Бируте Синочкина. — Vilnius: Artlora, 2008. — С. 153. — ISBN 978-9955-508-25-0
  3. ^ Поспелов Е. М. Географические названия мира: Топонимический словарь. — М.: АСТ, 2002. — С. 320.
  4. ^ Вітаўт Жэймант. Існуюць старыя і вельмі цесныя сувязі // Зьвязда : газэта. — 3 кастрычніка 2013. — № 186 (27551). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палангасховішча мультымэдыйных матэрыялаў