Наталя Марар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Наталя Марар
Natalia Morar
журналістка The New Times
Дата нараджэньня 12 студзеня 1984 (40 гадоў)
Месца нараджэньня Малдаўская ССР, СССР
Месца вучобы
Занятак журналістка

Ната́ля Рыго́раўна Мара́р (па-румынску: Natalia Morar; нарадзілася 12 студзеня 1984 году, Малдаўская ССР) — журналістка, супрацоўніца часопіса The New Times. Наталя Марар — грамадзянка Малдовы, з 2002 па 2007 год пражывала і працавала ў Расеі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2002 годзе Марар скончыла ліцэй і ў 2007 годзе сацыялягічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ім. М. В. Ламаносава.

У 2005 годзе Наталя Марар была адным са стваральнікаў пазапартыйнага моладзевага руху «Дэмакратычная альтэрнатыва» (ДА!).

У 2005—2006 гадах працавала ў фондзе «Адкрытая Расея», узначаленым Міхаілам Хадаркоўскім (каардынатар праекту «Школы публічнай палітыкі»). Пазьней займала пасаду прэс-сакратара кааліцыі «Іншая Расея» і актыўна ўдзельнічала ў палітычнай дзейнасьці, у тым ліку ў арганізацыі Маршаў нязгодных. Пакінула сяброўства ў палітычных арганізацыях з моманту пачатку працы журналістам The New Times.

Публікацыі Наталі Марар прысьвечаныя праблемам карупцыі ў Расеі. Яна, у прыватнасьці, пісала аб забойстве банкіра Андрэя Казлова і аб справах, зьвязаных з адмываньнем грошай, у якія, па яе меркаваньню, былі залучаныя аўстрыйскі «Райфайзэн Банк» (Raiffeisen Zentralbank) і расейскі банк «Дысконт»; таксама згадвалася імя генэрал-лейтэнанта Аляксандра Бортнікава, тады намесьніка дырэктара ФСБ і начальніка Дэпартамэнту эканамічнай бясьпекі ФСБ[1][2]. У лістападзе 2007 году апублікавала сэрыю артыкулаў аб нібы незаконнай фінансавай дзейнасьці дзяржаўнага Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (УЦВГД).

У сьнежні 2007 году Наталя Марар апублікавала артыкул «Чорная каса Крамля»[3], у якой пісала аб фондзе, празь які, па яе меркаваньню, падчас парлямэнцкіх выбараў 2007 году былі незаконна пастаўленыя ў залежнасьць усе асноўныя палітычныя партыі Расеі пачынальна з «Адзінай Расеі» і да апазыцыйных партыяў СПС і «Яблык».

Канфлікт з афіцыйнымі органамі Расеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 сьнежня 2007 году Наталя Марар вярталася ў Расею з тыднёвай камандзіроўкі ў Ізраіль. Пры мінаньні пашпартнага кантролю ў аэрапорце Дамадзедава Наталі Марар было абвешчана, што ёй, па рашэньні ФСБ, забаронены ўезд у Расею. Ёй прыйшлося паляцець у Кішынёў.

17 студзеня ў пасольстве Расеі ў Малдове Наталі Марар было паведамлена, што ёй забаронены ўезд у Расею ў адпаведнасьці з пунктам 1 артыкула 27 Фэдэральнага закона «Аб парадку выезду з РФ і ўезду ў РФ». У гэтым артыкуле гаворыцца: «Уезд у Расейскую Фэдэрацыю замежнаму грамадзяніну або асобе без грамадзянства не дазваляецца ў выпадку, калі гэта неабходна ў мэтах забесьпячэньня абараназдольнасьці або бясьпекі дзяржавы, альбо грамадзкага парадку, альбо абароны здароўя насельніцтва».

23 лютага 2008 году ў Кішынёве Наталя Марар зарэгістравала шлюб са сваім калегам — журналістам «The New Times» грамадзянінам Расеі Ільлёй Барабанавым.

27 лютага Марар і Барабанаў прыляцелі ў Маскву з Кішынёва. Наталя Марар лічыла, што яе, як жонку грамадзяніна Расеі, ня маюць права не пусьціць у Расею. Аднак памежнікі аэрапорта Дамадзедава не дазволілі ёй перасекчы мяжу Расеі. Ёй было прапанавана вярнуцца ў Кішынёў, але яна адмовілася.

Наталя Марар і яе муж Ільля Барабанаў засталіся ў зоне памежнага кантролю, дзе правялі ноч. Да іх не дапусьцілі ні іх адваката, ні прадстаўнікоў часопіса «The New Times».

Прадстаўнікі МЗС Расеі заявілі, што «у адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай, дзяржава не абавязаная тлумачыць чыньнікі забароны ўезду на сваю тэрыторыю замежнаму грамадзяніну». У МЗС падкрэсьлілі, што шлюб з расейскім грамадзянінам з прававога пункту гледжаньня сытуацыю не зьмяняе.[4]

29 лютага Марар і Барабанаў працягвалі знаходзіцца ў транзытнай зоне аэрапорту Дамадзедава. Ім абмежавалі магчымасьць да руху і сувязі.[5][6] 1 сакавіка яны вярнуліся ў Кішынёў.

Скарга карэспандэнта часопіса «New Times» Наталі Марар на адмову ва ўезьдзе на тэрыторыю Расеі была разгледжаная Масгарсудом 5 чэрвеня 2008 году.[7]

21 жніўня 2008 году Наталі Марар было адмоўлена ў расейскім грамадзянстве. Чыньнік — заклікі да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу Расейскай Фэдэрацыі гвалтоўнымі мэтадамі і пагроза бясьпекі дзяржавы.[8]

Па паведамленьні радыё «Эхо Москвы», у канцы жніўня 2008 году Марар падала пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека.[9]

Арганізацыя акцыяў пратэсту ў Кішынёве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2008—2009 гадах узначальвала фонд «Think Moldova». Удзельнічала ў арганізацыі акцыяў пратэсту 6 красавіка 2009 году пасьля парлямэнцкіх выбараў у Малдове, перарослых потым у масавыя беспарадкі ў Кішынёве 7 красавіка[10][11]. МУС Малдовы паведаміла, што Наталя Марар апынулася ў ліку грамадзян, затрыманых па падазрэньні ў дачыненьні да масавых беспарадкаў. Але ўжо ўвечар 8 красавіка муж журналісткі Ільля Барабанаў аспрэчыў гэтую інфармацыю. Паводле ягоных словаў, Марар у найбліжэйшыя некалькі дзён будзе знаходзіцца ў бясьпечным месцы і ня будзе выходзіць на сувязь[12].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Службоўцы адводзяць грошы на Захад. (рас.) Н. Марар The New Times № 15 21 траўня 2007 г.
  2. ^ Аўстрыйская паліцыя можа ўзбудзіць справу супраць ключавых службоўцаў Крамля, сьцьвярджае New Times (рас.) NEWSru.com 23 траўня 2007 г.
  3. ^ «Чорная каса» Крамля (рас.), Наталя Марар // The New Times, Выпуск № 44.
  4. ^ Самалёт паляцеў без журналіста (рас.) // Расейская газэта, 29 лютага 2008
  5. ^ Галадаючая Наталя Марар зноў адмовілася ляцець у Кішынёў і напісала ліст Пуціну зь Мядзьведзевым (рас.)
  6. ^ Natalia Morar barred from entering Russia  (фр.), Réseau de l'information, 28 лютага 2008 г.
  7. ^ Скарга карэспандэнта часопіса «New Times» Наталі Марар на адмову ва ўезьдзе на тэрыторыю Расеі будзе разгледжаная Масгарсудом 5 чэрвеня (рас.). Новая газэта. 5 траўня 2008 г.
  8. ^ Наталя Марар адказала па асноўным законе (рас.), Кацярына Савіна, «Коммерсантъ» № 150/П(3967) ад 25 жніўня 2008 г.
  9. ^ Наталя Марар атрымала афіцыйную адмову ў атрыманьні грамадзянства (рас.), радыёстанцыя «Эхо Москвы», 25 жніўня 2008 г.
  10. ^ МУС Малдовы: журналістка Наталя Марар затрыманая як арганізатар акцыяў пратэсту ў Кішынёве (рас.) // Newsru.com, 08 красавіка 2009
  11. ^ Затрыманая ў Кішынёве Марар апынулася цёзкай журналісткі (рас.) // Lenta.ru, 09 красавіка 2009
  12. ^ Lenta.ru, Прокуратура Молдовы предъявила обвинение блогерше(недаступная спасылка) (рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]