Навамоўе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Навамоўе
Арыгінальная назва: Newspeak
Рэгулюецца: Міністэрства праўды
Катэгорыя: выдуманая
Тып пісьма: Лацінка
Статус: Афіцыйная мова Акіяніі
Моўныя коды
ISO 639-1:
ISO 639-2:
ISO/DIS 639-3:
Гл. таксама:
Штучныя мовы

Навамо́ўе (па-ангельску: Newspeak) — выдуманая мова з раману-антыўтопіі Джорджа Орўэла «1984». У рамане навамоўем завецца мова таталітарнага грамадзтва, зьнявечанага партыйнаю ідэалёґіяю і партыйна-бюракратычнымі лексычнымі зваротамі, у якім словы губляюць свой першапачатковы сэнс і азначаюць нешта процілеглае (напрыклад, «Вайна ёсьць мір»). Сэнс — іранічна пра недарэчнае, створанае насуперак нормам і традыцыям мовы[1].

У рамане навамоўе апісваецца як «адзіная на сьвеце мова, чый слоўнік з кожным годам скарачаецца». Орўэл уключыў у раман у форме прыкладаньня эсэ «Пра навамоўе», у якім тлумачацца базавыя прынцыпы пабудовы мовы. Навамоўе ў Орўэла ўтворыцца з ангельскай мовы шляхам істотнага скарачэньня і спрашчэньня яе слоўніка і граматычных правілаў. Мова ў рамане служыць таталітарнаму рэжыму Партыі («Ангсоц») і заклікана зрабіць немагчымым апазыцыйны вобраз мысьленьня («злачынства думкі») ці гаворкі шляхам выключэньня словаў ці выразаў, якія апісваюць паняцьці волі, рэвалюцыі і г. д. Адзін з пэрсанажаў раману так кажа пра скарачальны слоўнік новай мовы: «Гэта выдатна — зьнішчаць словы».

Ангельская мова на навамоўі атрымлівае назву «старамоўе». Старамоўе ў рамане павінна было быць цалкам выцесьнена навамоўем да 2050 году.

Мадэльлю для пабудовы навамоўя паслужылі афіцыйныя дакумэнты сучасных для Орўэла таталітарных рэжымаў Трэцяга райху і сталінскага СССР. Паходжаньне навамоўя злучана з «бэйсік-інгліш», плянавай моваю, выкарыстаньне якой Орўэл прапагандаваў з 1942 па 1944 год, пазьней адпрэчыўшы яго ў эсэ «Палітыка і ангельская мова». У гэтай працы ён крытыкаваў якасьць сучаснай яму ангельскай мовы, прыводзячы прыклады зьнікаючых мэтафараў, прэтэнцыёзнага красамоўства і бессэнсоўных словаў, якія прыводзяць да размываньня ўтрыманьня паняцьцяў і недахопу лёґікі ў выказваньнях. У заключэньні гэтага эсэ Орўэл піша:

Калі вы ня ведаеце, што ўяўляе сабою фашызм, як вы можаце супраць яго дужацца? Нельга прымаць на веру падобную бяссэнсіцу, а трэба ўсьвядоміць, што сучасны палітычны хаос злучаны з дэградацыяю мовы, і тады, магчыма атрымаецца ўнесьці некаторыя паляпшэньні і прадухіліць скон, які насоўваецца. …Палітычная мова (гэта можна аднесьці практычна да ўсіх палітычных партыяў, пачынальна з кансэрватараў і сканчаючы анархістамі) створана, каб прымусіць хлусьню выглядаць праўдападобна, і змушае нас, пазабываўшы аб усіх прыстойнасьцях, прызнаць непахіснаю праўдаю тое, што зьяўляецца найчыстым глупствам.

Асноўныя прынцыпы навамоўя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўнымі характарыстыкамі навамоўя ў тым выглядзе, у якім ён быў сфармуляваны Орўэлам у прыкладаньні да рамана «1984»[2], зьяўляюцца наступныя.

Падзел лексыкі мовы на тры слоўніка па сфэры ўжываньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слоўнік A[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У слоўнік A ўваходзяць словы, неабходныя ў штодзённым жыцьці, напрыклад, пры ядзеньні, піцьці, працы, адзяваньні, падніманьні і апусканьні па сходах, ежджаньні транспартам, гатаваньні і гэтак далей. Ён амаль цалкам складаецца са словаў, якія мы ўжо маем, такіх як: біць, бегчы, сабака, дрэва, цукар, дом, поле — але ў параўнаньні зь сёньняшнім слоўнікам колькасьць іх абмежавана, а сэнс сьцісла акрэсьлены. Яны былі ачышчаны ад усіх двухсэнсоўнасьцяў і няяснасьцяў. Наколькі гэта было магчыма, навамоўнае слова гэтай клясы ўяўляла сабою просты гук стаката, які азначаў адзінае вузкаакрэсьленае паняцьце. Было цалкам немагчыма ўжываць слоўнік А для літаратурных мэтаў або ў палітычнай ці філязофскай дыскусіі. Ён прызначаўся для выказваньня простых і мэтазгодных думак, што датычыліся звычайна канкрэтных рэчаў або фізычных дзеяньняў. Граматыка навамоўя мела дзьве выдатныя асаблівасьці. Першай была амаль поўная ўзаемазамяняльнасьць паміж рознымі часьцінамі мовы. Любое слова ў мове (гэта датычылася нават найбольш абстрактных словаў, як, напрыклад, калі або як) магло быць ужытае як дзеяслоў, як назоўнік, як прыметнік і як прыслоўе. Не было ніякае розьніцы паміж формамі дзеяслова і назоўніка, калі яны паходзілі ад аднаго кораня, і ўжо адно гэта прыводзіла да зьнішчэньня шматлікіх архаічных формаў. Слова думка, напрыклад, у навамоўі не існавала. Яно было заменена на дум, якое магло быць і дзеясловам і назоўнікам. Пры ўтварэньні такіх словаў не вытрымліваўся пэўны этымаляґічны прынцып: часам у якасьці адзінай бралася форма дзеяслова, а часам — назоўніка. Нават калі блізкія сэнсам дзеяслоў і назоўнік паходзілі ад розных каранёў, адзін зь іх часта касаваўся. Напрыклад, не існавала слова рэзаць, яго сэнс з дастатковай поўнасьцю выказваўся назоўнікам, дзеясловам нож. Прыметнікі ўтвараліся дадаваньнем да назоўніка-дзеяслова суфікса -ны, а прыслоўі — суфікса -на. Так, напрыклад, прыметнік ад слова праўд быў праўдны, а прыслоўе — праўдна. Былі захаваныя некаторыя цяперашнія прыметнікі, напрыклад, добры, дужы, вялікі, чорны, мяккі, але іх было вельмі мала. Яны былі малаўжываныя, бо практычна любы прыметнік можна было ўтварыць, дадаўшы -ны да назоўніка-дзеяслова. Не захавалася ніводнага цяперашняга прыслоўя, акрамя невялікае колькасьці тых, што ўжо канчаліся на -на. Канчатак -на быў абавязковы. Слова шмат было, напрыклад, заменена на вялікна. Да таго ж, кожнае слова — гэта датычылася ў прынцыпе любога слова ў мове — магло прыняць адмоўную форму праз дадаваньне прыстаўкі не-. Сэнс слова ўзмацняўся прыстаўкай плюс-, а найбольш — прыстаўкай звышплюс-. Так, напрыклад, нехалодны значыла «цёплы», а плюсхалодны і звышплюсхалодны значыла адпаведна «вельмі халодны» і «надзвычай халодны». Як і ў цяперашняй мове, зьмест амаль кожнага слова можна было зьмяніць, дадаўшы да яго прыстаўкі-прыназоўнікі, гэткія як перад-, па-, над-, пад- і гэтак далей. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўдалося нязьмерна скараціць слоўнік. Скажам, калі ёсьць слова добры, няма патрэбы ў слове дрэнны, бо неабходны сэнс гэтак жа добра, ці нават яшчэ й лепш, выказваецца словам нядобры. У выпадку, калі два словы ўтваралі антанімічную пару, трэба было проста вырашыць, якое з гэтых словаў скасаваць. Цёмны, напрыклад, можна было замяніць на нясьветлы, або сьветлы на няцёмны, як каму падабаецца. Другой адметнаю рысай навамоўнае граматыкі была яе рэґулярнасьць. Усе граматычныя формы, за нешматлікімі выключэньнямі, падпарадкоўваліся аднолькавым правілам. Тымі клясамі словаў, якім дазвалялася зьмяняцца насуперак агульным правілам, былі займеньнікі і дапаможныя дзеясловы. Усе яны захавалі свае ранейшыя формы, апроч займеньніка каму, які быў скасаваны дзеля непатрэбнасьці. Зьніклі таксама мадальныя дзеясловы магу, можаш, хачу, хочаш, іх сэнс быў цалкам ахоплены дзеясловам мушу, мусіш. Былі таксама пэўныя адхіленьні ў словаўтварэньня, выкліканыя патрэбамі паскарэньня і спрашчэньня маўленьня. Слова, якое цяжка вымавіць або можна зблытаць зь іншым словам, аўтаматычна лічылася дрэнным словам. Тады часам дзеля мілагучнасьці ўстаўляліся дадатковыя гукі або захоўвалася архаічная форма. Асабліва выразна гэта адчуваецца ў слоўніку В. Чаму зручнасьці вымаўленьня надавалася такая вялікая ўвага, станецца зразумела далей.

Слоўнік B[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слоўнік B складаўся са словаў, штучна створаных дзеля пэўных палітычных мэтаў: гэта значыць словаў, якія ня толькі ў кожным выпадку мелі палітычны сэнс, але й настройвалі на пажаданы манер думкі тых, хто іх ужываў. Бяз поўнага разуменьня прынцыпаў Ангсоцу было цяжка ўжываць гэтыя словы правільна. У некаторых выпадках яны маглі быць перакладзеныя на старамоўе і нават на словы са слоўніка А, але звычайна гэта патрабавала доўгіх апісальных зваротаў і заўсёды губляліся пэўныя адценьні. Словы са слоўніка В былі своеасаблівай стэнаграфіяй, калі цэлы шэраг паняцьцяў зьмяшчаўся ў некалькіх складах, і разам з тым яны былі больш дакладныя і пераканальныя, чым у звычайнай мове.

Словы са слоўніка В былі ва ўсіх выпадках складанымі словамі*. Яны будаваліся з двух ці болей словаў або кавалкаў словаў, злучаных разам у лёгкую для вымаўленьня форму. У выніку атрымліваўся заўсёды назоўнік-дзеяслоў, які падлягаў агульным правілам словазьмяненьня. Прыклад: слова дабрадум, якое вельмі прыблізна можна перакласьці як «добранадзейнасьць», або, калі разглядаць яго як дзеяслоў, «думаць добранадзейна». Яно зьмянялася гэтак: назоўнік-дзеяслоў дабрадум; мінулы час добрадумаў; цяперашні час добрадумае; прыметнік дабрадумны; прыслоўе дабрадумна; аддзеяслоўны назоўнік дабрадумнік.

  • Складаныя словы, як, напрыклад, мовапіс, сустракаліся, вядома ж, і ў слоўніку А, але гэта былі ўсяго толькі зручныя скароты, якія ня мелі адмысловай ідэаляґічнай афарбоўкі.

Словы ў слоўніку В будаваліся безь ніякіх этымаляґічных прынцыпаў. Словы, зь якіх яны складаліся, маглі належаць да любой часьціны мовы, маглі быць разьмешчаны ў любым парадку і маглі быць зьменены любым манэрам, каб толькі іх было лёгка вымаўляць і можна было распазнаць зыходныя формы. У слове злачындум (думзлачынства), напрыклад, дум стаяла на другім месцы, а ў слове думпол (Паліцыя Думак) — на першым, да таго ж у другім спалучэньні слова паліцыя страціла сваю другую частку. У слоўніку В захаваць мілагучнасьць было цяжэй, і таму адхіленьні ад агульных правілаў сустракаліся тут часьцей, чым у слоўніку А.

Некаторыя словы са слоўніка В мелі вельмі тонкія адценьні значэньняў, амаль няўлоўныя для тых, хто не меў цэласнага ўяўленьня пра навамоўе. Напрыклад, такі тыповы сказ зь перадавога артыкула «Таймз»: «Старадумы ненутромчуюць Ангсоц». На старамоўі найкарацейшым чынам гэта можна было б перадаць так: «Тыя людзі, чый сьветапогляд сфармаваўся да Рэвалюцыі, ня могуць дасягнуць поўнага пачуцьцёвага разуменьня прынцыпаў Ангельскага Сацыялізму». Але гэты пераклад недакладны. Па-першае, каб цалкам ахапіць сэнс працытаванага вышэй навамоўнага сказа, неабходна было мець выразнае ўяўленьне пра тое, што значыць Ангсоц. Да таго ж толькі той, хто старанна засвоіў прынцыпы Ангсоцу, мог ацаніць усю вобразную моц слова нутромчуць, якое азначала сьляпую, безаглядную згоду з чым-небудзь, амаль неўяўляльную сёньня; або слова старадум, неадрыўна зьвязанага з паняцьцямі злачыннай заганы і ўпадніцтва. Але адмысловым прызначэньнем некаторых навамоўных словаў, у тым ліку і слова «старадум», было не так выказваць значэньні, як разбураць іх. Гэтыя словы, дарэчы, нешматлікія, пашырылі свае значэньні да гэткай ступені, што ўвабралі ў сябе цэлыя плоймы словаў, якія цяпер можна было скасаваць і забыць, бо для выказаньня іх сэнсу дастаткова аднаго добра зразумелага слова. Найвялікшай цяжкасьцю, якая паўставала перад складальнікамі Слоўніка Навамоўя, было не прыдумляць новыя словы, а, прыдумаўшы іх, вызначыць, што яны значылі, а прасьцей кажучы, вызначыць, якія шэрагі словаў можна выкінуць з мовы. Словы, якія некалі мелі шкодныя значэньні, часам захоўваліся ў мове дзеля зручнасьці, папярэдне ачышчаныя ад гэтых непажаданых значэньняў. Безьліч іншых словаў, як, напрыклад, «гонар», «справядлівасць», «маральнасць», «інтэрнацыяналізм», «дэмакратыя», «навука» і «рэлігія», проста перасталі існаваць. Некалькі агульных словаў цалкам ахаплялі іх сэнс і, ахапіўшы, паглыналі іх. Усе словы, згрупаваныя вакол паняцьцяў «свабода» і «роўнасьць», уліліся ў адзінае слова злачындум, а ўсе словы, што групаваліся вакол паняцьцяў «аб’ектыўнасьць» і «здаровы розум», замяніліся цяпер адзіным словам старадум. Большая дакладнасьць магла б быць небясьпечнай. Ад сябры Партыі патрабаваўся погляд на сьвет, падобны да таго, які мелі старажытныя жыды, якія ведалі, што ўсе народы, апроч іхнага, пакланяліся «фальшывым багам». Ім не трэба было ведаць, што тыя багі зваліся Ваал, Асырыс, Малох, Аштарта і гэтак далей: чым меней яны пра іх ведалі, тым лепей было для іх прававернасьці. Падобным чынам сябра Партыі ведаў, што лічылася добрымі паводзінамі, і вельмі цьмяна, у агульных рысах — магчымыя ад іх адхіленьні. Яго палавое жыцьцё, напрыклад, цалкам рэґулявалася двума навамоўнымі словамі: ползлачын (палавая амаральнасьць) і дабрапол (цнатлівасьць). Ползлачын ахапляў усе магчымыя амаральныя палавыя ўчынкі — блудадзейства, чужаложніцтва, мужаблудзьдзе і іншыя праявы распусты, а таксама звычайныя палавыя зносіны, калі яны ня мелі за мэту працяг роду. Не было патрэбы мець для іх паасобныя назвы, бо ўсе яны былі аднолькава злачынныя і часьцей за ўсё гэтак жа аднолькава караліся сьмерцю. У слоўніку С, які складаўся з навукова-тэхнічнай тэрміналёґіі, часам узьнікала патрэба даць адмысловыя назвы пэўным палавым адхіленьням, але звычайнаму грамадзяніну такія словы былі непатрэбныя. Ён ведаў, што значыла слова дабрапол — звычайныя палавыя зносіны паміж мужчынам і жанчынай з адзінаю мэтай нарадзіць дзяцей, пры гэтым безь фізычнага задавальненьня жанчыны, усё астатняе было ползлачынам. У навамоўі часьцей за ўсё было немагчыма прасачыць разьвіцьцё шкоднай думкі далей за разуменьне таго, што яна шкодная; за гэтай мяжою проста не існавала патрэбных словаў.

Ніводнае слова ў слоўніку В не было ідэаляґічна нэўтральнае. Вялікая частка іх была эўфэмізмамі. Такія словы, напрыклад, як радляг (ляґер прымусовай працы) або Мінмір (Міністэрства Міру, г.зн. Міністэрства Вайны), значылі амаль дакладна адваротнае таму, што яны меліся значыць. З другога боку, некаторыя словы выяўлялі адкрытае і пагардлівае разуменьне сапраўднай сутнасьці акіянійскага грамадзтва. Прыклад — слова пролхарч, якое значыла танныя забавы і хлусьлівыя навіны, якімі Партыя карміла масы. Іншыя ж словы былі двухсэнсоўныя і мелі «добрае» значэньне, калі ўжываліся ў дачыненьні да Партыі, і «дрэннае» ў дачыненьні да яе ворагаў. Да таго ж было шмат словаў, якія на першы погляд здаваліся простымі скаротамі і выводзілі сваю ідэаляґічную афарбоўку не ад значэньня, а ад самой структуры. Усе словы, якія мелі або маглі мець хоць нейкае палітычнае значэньне, былі, наколькі гэта магчыма, прыстасаваны да слоўніка В. Назвы ўсіх арґанізацыяў, таварыстваў, вучэньняў, краінаў, установаў, грамадзкіх будынкаў скарачаліся да звыклае формы, гэта значыць да адзінага лёгкага ў вымаўленьні слова зь мінімальнай колькасьцю складоў, неабходных для разуменьня сэнсу. У Міністэрстве Праўды, напрыклад, аддзел дакумэнтацыі, дзе працаваў Ўінстан Сьміт, называўся аддок, аддзел мастацкай літаратуры называўся адліт, аддзел тэлепраграмаў называўся адтэл і гэтак далей. Гэта рабілася ня толькі з мэтай эканоміі часу. Ужо ў першыя дзесяцігодзьдзі дваццатага стагодзьдзя складанаскарочаныя словы і сказы былі адной з характэрных уласьцівасьцяў палітычнае мовы. Было заўважана, што тэндэнцыя да ўжываньня скаротаў такога тыпу найбольш выявілася ў таталітарных краінах і таталітарных арґанізацыях. Прыкладамі могуць быць такія словы, як нацы, гестапа, Камінтэрн, рабкор, агітпроп. Напачатку практыка ўжываньня такіх словаў была адвольная і выпадковая, у навамоўі ж яны ўжываліся сьвядома. Было заўважана, што разам са скарачэньнем слова звужалася і трансфармавалася яго значэньне, яно губляла большасьць уласьцівых яму раней асацыяцыяў. Словы Камуністычны Інтэрнацыянал, напрыклад, выклікаюць ва ўяўленьні вобраз усеагульнага братэрства людзей, чырвоныя сьцягі, барыкады, Карла Маркса і Парыскую Камуну. Калі ж узяць слова Камінтэрн, дык яно хутчэй нагадае нам пра цесна згуртаваную арґанізацыю і выразна акрэсьленыя ідэаляґічныя прынцыпы. За ім стаіць штосьці гэткае ж звычайнае і сьцісла мэтазгоднае, як крэсла або стол. Слова Камінтэрн можна вымавіць амаль не задумваючыся, тым часам як Камуністычны Інтэрнацыянал — гэта ўжо цэлае словаспалучэньне, над якім хочаш ці не, але затрымаешся хоць на хвілінку. Гэтак жа сама асацыяцыі, выкліканыя словам Мінпраў, меншыя колькасьцю і больш падаюцца кантролю, чым асацыяцыі, выкліканыя спалучэньнем Міністэрства Праўды. Гэтым тлумачылася ня толькі схільнасьць скарачаць словы там, дзе толькі магчыма, але і залішняе дбаньне аб тым, каб кожнае слова лёгка вымаўлялася. У навамоўі зручнасьць вымаўленьня пераважала над усімі іншымі характарыстыкамі слова, апроч дакладнасьці значэньня. Дзеля яе, там, дзе гэта было неабходна, заўсёды ахвяравалі рэґулярнасьцю граматыкі. І ў гэтым была свая рацыя, бо дзеля палітычных меркаваньняў якраз і патрабаваліся кароткія ўрывістыя словы зь беспамылкова зразумелым значэньнем, якія вымаўляліся хутка і выклікалі ў галаве ў прамоўцы як найменей асацыяцыяў. Словы са слоўніка В нават яшчэ і выйгравалі ад таго, што амаль усе яны былі падобныя між сабою. Амаль заўсёды гэтыя словы — дабрадум, Мінмір, пролхарч, ползлачын, радляг, Ангсоц, нутромчуць, думпол і незьлічоныя іншыя — былі двух- або трохскладовымі словамі з націскам, аднастайна разьмеркаваным на ўсіх складах. Ужываньне такіх словаў рабіла гаворку траскатлівай, адначасова ўрывістай і аднастайнай. А гэта было якраз тое, што патрабавалася. Мэтаю было зрабіць маўленьне, асабліва калі гаворка ішла на тэмы ідэаляґічнага характару, як мага больш незалежным ад сьвядомасьці. Дзеля патрэбаў штодзённага жыцьця без сумненьня было неабходна, хоць бы час ад часу, падумаць, перш чым сказаць, але калі сябру Партыі даецца слова, каб выказаць палітычныя або этычныя меркаваньні, правільныя думкі і ацэнкі павінны аўтаматычна вылятаць у яго з вуснаў, як кулі з аўтамата. Гэта дасягалася старанным вышкаленьнем, мова давала надзейны і просты інструмэнт, а структура словаў, іх рэзкаватае гучаньне і нават пэўная наўмысная нязграбнасьць — адпаведна духу Ангсоцу, яшчэ болей аблягчала справу. Аблягчала справу і сьціслая абмежаванасьць выбару словаў. У параўнаньні зь цяперашняй мовай, навамоўе мела вельмі ўбогі слоўнік, а новыя спосабы яго скарачэньня ўвесь час распрацоўваліся. І сапраўды, у адрозьненьне ад усіх іншых моў, колькасьць словаў у навамоўі замест таго, каб расьці з кожным годам, усё болей і болей памяншалася. Кожная страта была дасягненьнем, бо чым меншы выбар, тым меншая спакуса разважаць. Канчатковай мэтай было зрабіць так, каб словы ішлі непасрэдна з глоткі, безь ніякага ўдзелу вышэйшых мазгавых цэнтраў. Мэта гэтая адкрыта выказвалася ў навамоўным слове качакрак, якое значыла «кракаць як качка». Як шматлікія іншыя словы слоўніка В, качакрак мела два адрозныя значэньні. Калі толькі думкі, выкраканыя прамоўцам, былі ідэаляґічна слушныя, яно значыла пахвалу і калі «Таймз» называў аднаго з партыйных прамоўцаў звышплюсдобры качакракар, дык гэта значыла сардэчны і поўны павагі камплімэнт.

Слоўнік C[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слоўнік C меў дапаможны характар у дачыненьні да двух папярэдніх і цалкам складаўся з навукова-тэхнічных тэрмінаў. Яны нагадвалі навуковыя тэрміны, што ўжываюцца сёньня, і былі пабудаваныя з тых самых каранёў, але, як звычайна, сэнс іх быў сьцісла акрэсьлены і былі зьліквідаваныя ўсе непажаданыя значэньні. Яны падпарадкоўваліся тым самым граматычным правілам, што і словы з двух папярэдніх слоўнікаў. Вельмі мала словаў слоўніка С ужываліся ў паўсядзённых гутарках або палітычных прамовах. Любы навуковец або тэхнічны спэцыяліст мог знайсьці ўсе патрэбныя яму словы ў адмысловым сьпісе, складзеным выключна для яго спэцыяльнасьці, і часьцей за ўсё ён меў вельмі цьмянае ўяўленьне пра словы, што ўваходзілі ў іншыя сьпісы. Толькі вельмі нязначная колькасьць словаў была агульная для ўсіх сьпісаў, і не існавала ўвогуле словаў, якія б апісвалі функцыі навукі як складу розуму або мэтаду мысьленьня, незалежна ад нейкіх канкрэтных яе галін. Не існавала нават і слова для паняцьця «навука», а ўсе значэньні, якія магло заключаць у сабе гэтае паняцьце, з дастатковай поўнасьцю ахапляліся словам Ангсоц.

Ліквідацыя сэнсавых адценьняў і скарачэньне слоўніка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як адзначалася вышэй, навамоўе было сканструявана такім чынам, каб яго словамі лёгка можна было выказаць дазволеныя ідэалёгіяю значэньні, але нельга ні прама, ні ўскосна выказаць усе астатнія. Для гэтага зь яго выключаліся словы, якія маюць непажаданыя значэньні, а тыя зь іх, якія захоўваліся, былі вычышчаны ад усіх «лішніх» значэньняў. Оруэллом прыводзіцца наступны прыклад:

Слова «свабодны» у навамоўі засталося, але яго можна было выкарыстоўваць толькі ў такіх выказваньнях, як «свабодныя боты», «туалет свабодны». Яно не ўжывалася ў старым значэньні «палітычна свабодны», «інтэлектуальна вольны», паколькі свабода думкі і палітычная свабода не існавалі нават як паняцьці, а такім чынам, не патрабавалі пазначэньняў.

Напрыклад, навамоўе дазваляла сказаць: «Усе людзі роўныя», — але толькі ў тым сэнсе, у якім старамоўе дазваляла сказаць: «Усе людзі рудыя». Фраза не ўтрымоўвала граматычных памылак, але сьцьвярджала відавочную няпраўду, а менавіта што ўсе людзі роўныя па росьце, вазе і сіле. Паняцьце грамадзянскай роўнасьці больш не існавала, і гэта другое значэньне слова «роўны», зразумела, адмерла.

Мэтаю навамоўя было звужэньне магчымых межаў чалавечага мысленьня, для чаго слоўнікавы запас мовы зводзіўся да мінімуму: калі бязь нейкага слова можна было абыйсьціся, яно павінна было быць выключана са слоўніка навамоўя.

Лімітава спрошчаная граматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужываньне тэрміна «навамоўе» у публіцыстыцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучаснай публіцыстыцы тэрмін «навамоўе» ужываецца ў трох значэньнях:

Мова прэсы пакуль яшчэ даволі аднастайная, журналісты з колькі-небудзь індывідуалізаваным стылем — на вагу золата. У ґазэтах пераважае сумесь дзбвюх навамоўяў: гэта мова ранейшае эпохі, моцна разведзены англіцызмамі.

Навамоўе і натуральныя мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неабходна адзначыць, што шматлікія прыёмы, скарыстаныя пры канструяваньні навамоўя зьяўляюцца натуральнымі для некаторых групаў моваў: так, выкарыстаньне складанаскарочаных словаў характэрна для расейскай і нямецкай, словаўтварэньне шляхам даданьня дарэчы прэфіксаў і суфіксаў — для аглютынатыўных моваў і т. д. Ня можа служыць прыкметаю новояза само па сабе зьяўленьне эўфэмізмаў, якое таксама зьяўляецца натуральным моўным працэсам.

Акрамя таго, любая мова ўтрымоўвае ў сабе асобныя элемэнты навамоўя, паколькі любой натуральнай мове ўласьцівая рэґулятыўная функцыя (узьдзеяньне на адрасата з мэтаю стварыць у яго пэўнае ўяўленьне пра прадмет ці заахвоціць яго да зьдзяйсьненьня якіх-небудзь дзеяньняў).

Таму ў мовазнаўстве і сацыяльнае філязофіі тэрмін «навамоўе» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да сытуацыі, калі канструктыўныя элемэнты навамоўя наўмысна і масава выкарыстоўваюцца для ўзьдзеяньня на сьвядомасць чалавека.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Энцыкляпэдычны слоўнік крылатых словаў і выразаў, аўтар-складальнік Вадзім Сяроў
  2. ^ Апісаньне навамоўя прыводзіцца ў адпаведнасьці з беларускім перакладам рамана і можа некалькі адрозьнівацца ў пэўных дэталях ад ангельскага арыгінала.
  3. ^ Гл.: «Падонкі» зь Піцера стварылі навамоўе; «Аффтар жжот» ці «навамоўе» па-расейску і т. д.
  4. ^ А праблема ў тым, што Зьміцер Алегавіч ужо на ўсю моц карыстаецца навамоўем. У той час як яго калегі па Думе ніяк не могуць растацца са старамоўем. [1]
  5. ^ Б. Сарноў. Наша савецкае навамоўе. Маленькая энцыкляпэдыя рэальнага сацыялізму. М., 2005.
  6. ^ Індывідуальны стыль у журналістыцы

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скарыстаная пры напісаньні артыкула[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навуковыя і публіцыстычныя працы пра ролю мовы ў фармаваньні ідэалёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]