Мсьціслаў Уладзімеравіч Харобры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Мсьціслаў Уладзімеравіч Харобры або Ўдалыправаслаўі Канстанцін; ?-1036 ці 1034) — князь тмутараканскі, сын Уладзімера Сьвятаславіча і Рагнеды.

У 1016 вёў барацьбу з хазарамі і дапамог грэкам авалодаць Таўрыдай. У 1022 аб’явіў вайну касогам, якая скончылася шчасьлівым для Мсьціслава паядынкам з касоскім князем Радзедзям. У 1023 Мсьціслаў, сабраўшы падуладных яму касогаў і хазараў, пайшоў на Кіеў падчас адсутнасьці там Яраслава, але кіяне не прынялі яго. Каля Лісьцьвена, на берагах ракі Руды, адбылася бітва паміж Мсьціславам і Яраславам, якая скончылася перамогай Мсьціслава. Тым ня менш Мсьціслаў перадаў вялікае княжаньне Яраславу, а сам абмежаваўся ўсходняй часткай тагачаснае Русі (на ўсход ад Дняпра). У 1031 дапамог Яраславу авалодаць чэрвенскімі гарадамі. Памёр у 1036, паводле іншых зьвестак — у 1034. Паводле летапісу, Мсьціслаў ніколі ня быў пераможаны, быў міласьцівы да народа, любіў дружыну і вызначыўся рэлігійнасьцю. Мсьціслава таксама завуць першым северскім князем, з прычыны валоданьня ім краінай па левым беразе Дняпра, якая адпавядала зямлі севяранаў. Адзіны сын Яўстах памёр у 1033.