Мельнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мельнік
лац. Mielnik
польск. Mielnik
Замкавая гара
Замкавая гара
Герб Мельніка
Першыя згадкі: 1240
Магдэбурскае права: 1440/1501
Мясцовая назва: Melnik
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Сямяціцкі
Гміна: Мельнік
Насельніцтва: 980 чал.
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Паштовы індэкс: 17-307
Геаграфічныя каардынаты: 52°19′48″ пн. ш. 23°2′55″ у. д. / 52.33° пн. ш. 23.04861° у. д. / 52.33; 23.04861Каардынаты: 52°19′48″ пн. ш. 23°2′55″ у. д. / 52.33° пн. ш. 23.04861° у. д. / 52.33; 23.04861
Мельнік на мапе Польшчы
Мельнік
Мельнік
Мельнік
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мельнік (польск. Mielnik, падляск.: Mélnik) — вёска ў Польшчы, на рацэ Бугу. Цэнтар сельскай гміны Сямяціцкага павету Падляскага ваяводзтва. Знаходзіцца за 17 км на паўднёвы ўсход ад Сямяцічаў, за 88 км на поўдзень ад Беластоку.

Мельнік — даўняе магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся руіны касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі готыкі і барока, а таксама цэрквы Покрыва Багародзіцы ў стылі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і Прачыстай Багародзіцы ў стылі клясыцызму, мастацкае аблічча якіх пацярпела ад маскоўскіх перабудоваў, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Мельнік утварыўся ад пакладаў крэйды, якія знаходзяцца пад вёскай.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Мельнік зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1240 годам. У гэты час ён уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства. У 1260 годзе князь Васілька Раманавіч маліўся ў тутэйшай царкве Багародзіцы перад паходам на яцьвягаў.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1324 годзе Мельнік разам з Дарагічынскай зямлёй далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1378 годзе, паводле хронікі Віганда, крыжакі ўзялі Мельніцкі замак у аблогу. У 1420 годзе вялікі князь Вітаўт заснаваў тут першы касьцёл (Божага Цела, Унебаўзяцьця Божае Маці і Ўсіх Сьвятых). У 1430—1444 гадох Мельнік знаходзіцца ў руках мазавецкіх князёў. У 1440 годзе места атрымала Хэлмінскае права ад князя Баляслава Варшаўскага. 23 кастрычніка 1501 году кароль і вялікі князь Аляксандар падпісаў у тутэйшым замку акт Мельніцкае уніі і неўзабаве надаў месту Магдэбурскае права. У 1520 годзе Мельнік стаў цэнтрам павету Падляскага ваяводзтва. У 1551 годзе тутэйшы замак перабудавалі ў стылі рэнэсансу.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Мельнік перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1657 годзе места зруйнавалі швэдзкія войскі. У 1776 годзе тут збудавалі драўляную Пакроўскую царкву.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) і да падпісаньня Тыльзіцкае дамовы 1807 году тэрыторыяй сучаснага Мельніка праходзіла граніца між прускім, аўстрыйскім і расейскім падзеламі. У 1825 годзе ў месьце збудавалі Прачысьценскую царкву. 16 лютага 1869 году зьявіўся праект расейскага гербу Мельніку: «у зялёным полі залаты вятрак»[1]. У 1871 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі Замкавы Траецкі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі. На 1878 год у месьце было 206 будынкаў. У 1912—1920 гадох тут вялося будаваньне новага касьцёла.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Мельнік занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты ж час Замкавы касьцёл пацярпеў ад ваенных дзеяньняў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мельнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час тут было 184 будынкі. У 1934 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Мельнік акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Мельнік увайшоў у склад БССР, у Берасьцейскую вобласьць. У 1940 годзе ў час пабудовы Лініі Молатава жыхары мусілі пакінуць вёску. З чэрвеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году Мельнік зноў знаходзіўся пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі вёску Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1953 годзе тут заснавалі камбінату па здабычы крэйды.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1878 год — 1147 чал., зь іх 463 праваслаўныя, 224 каталікі і 460 юдэяў[2]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 1091 чал. (538 муж. і 553 жан.), зь іх згодна з афіцыйнай польскай статыскай паводле нацыянальнасьці 476 беларусаў, 408 палякаў, 206 юдэяў і 1 расеец, паводле веры 535 праваслаўных, 323 каталікі і 233 юдэі[3]
  • XXI стагодзьдзе: 2011 год — 879 чал. (419 муж і 460 жан.)

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пакроўская царква

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замчышча
  • Касьцёл Перамяненьня Пана (1912—1920)
  • Касьцёл Сьвятой Тройцы (Замкавы; XV—XVIII стагодзьдзі)
  • Сынагога (сярэдзіна XIX ст.)
  • Царква Покрыва Багародзіцы (1776)
  • Царква Прачыстай Багародзіцы (1825)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замак

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 196.
  2. ^ Krzywicki J. Mielnik // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 346.
  3. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 28 (19).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]