Крыш’яніс Валдэмарс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Крыш’яніс Валдэмарс

Крыш’я́ніс Ва́лдэмарс (па-латыску: Krišjānis Valdemārs, па-расейску: Кришьянис Вальдемар ці Христиан Вальдемар; 2 сьнежня 1825, Вэцьюнкуры Арлаўскай воласьці, Талсінскі раён7 сьнежня 1891, Масква) — латыскі публіцыст, выдавец, грамадзка-палітычны дзеяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 14 гадоў навучаўся ў павятовых школах, затым сам працаваў дарэктарам, памочнікам пісара й пісарам у розных мястэчках Латвіі. У 1849 годзе паступіў у гімназію ў Ліепаі, з 1854 па 1858 год вывучаў народную гаспадарку, дзяржаўнае права й філялёгію ў Тартускім ўнівэрсытэце. Па сканчэньні ўнівэрсытэту перабраўся на жыхарства ў Пецярбург. З 1865 году працаваў у Міністэрстве дзяржаўнай маёмасьці. З 1867 году жыў у Маскве.

У сваіх поглядах Валдэмарс заўсёды вылучаўся дэмакратычнай пазыцыяй, ці то ў справах адукацыі, ці то эканомікі, ці палітыкі. Выступаў супраць нацыянальнага прыгнёту, за роўныя правы латышоў перад немцамі, на той час гаспадарамі Ліфляндзкага краю. Яшчэ ў 1848 годзе Валдэмарс заснаваў першую латыскую публічную бібліятэку ў мястэчку Эдолэ. Да гэтага ж часу адносіцца і стварэньне ім Атмоды — першага агульнаграмадзкага руху латышоў за свае нацыянальныя правы. Доўгія гады затым ён быў ягоным нефармальным кіраўніком. Падчас вучобы ў Тарту Валдэмарс разам зь сябрамі ладзіў вольныя латыскія вечарыны, на якіх студэнты знаёміліся з гісторыяй і культурай латыскага народу. У Пецярбургу Валдэмарс працаваў чыноўнікам Міністэрства фінансаў і заступнікам рэдакара газэты Расейскай акадэміі навук «St. Petersburger Zeitung». Затым на працягу трох гадоў (1862—1865) быў выдаўцом і галоўным рэдактарам газэты «Pēterburgas Avīzes» — першага латыскага выданьня дэмакратычнага кірунку. Пад ягоным кіраўніцтвам упершыню ў гісторыі былі складзеныя й выдадзеныя расейска-латыска-нямецкі (1872) і латыска-расейска-нямцкі (1879) слоўнікі.

Вялікую пашану Валдэмарс здабыў таксама як «бацька» латыскага флёту. У 1864 годзе ён заснаваў першую мараплаўную школу для латышоў у Айнажы. На ўзор гэтай школы ягонымі намаганьнямі па ўсёй Расеі ствараліся мараплаўныя клясы, а сам Валдэмарс у 1873 годзе нават стаў сакратаром Расейскага мараплаўнага таварыства.

Крыш’яніс Валдэмарс справядліва лічыцца адным з стваральнікаў латыскай нацыі. Ягоная руплівая праца на ніве змаганьня латышоў за права быць гаспадарамі на сваёй зямлі заслужыла найвялікшага прызнаньня ў памяці нашчадкаў. У гонар гэтага дзеяча былі названыя дзясяткі вуліцаў і праспэктаў у гарадох Латвіі й нават адзін ледакол. А ў 1926 годзе горад Сасмака, у якім шмат гадоў вучыўся й працаваў Валдэмарс, быў перайменаваны ў Валдэмарпілс.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыш’яніс Валдэмарссховішча мультымэдыйных матэрыялаў