Калектывізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Калектывіза́цыя — працэс каапэрацыі сялянскіх гаспадарак, пераход ад індывідуальнай да калектыўнай вытворчасьці.

Першыя калектыўныя гаспадаркі (калгасы, саўгасы, камуны, арцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі) ўзьніклі з усталяваньнем савецкай улады (1917—1920 гг.) У 1922—1928 гг. ўлады БССР падтрымлівалі дабраахвотную калектывізацыю з мэтай аб’яднаньня дробных сялянскіх гаспадарак.

2 сьнежня 1927 г. у Маскве (Расейская СФСР) пачаўся 15-ы зьезд(ru) Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў), які ўхваліў Рэзалюцыю «Аб рабоце на вёсцы» з абвяшчэньнем калектывізацыі сельскай гаспадаркі: «У цяперашні час задача аб’яднаньня і пераўтварэньня дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектывы мае быць пастаўленая ў якасьці асноўнай задачы партыі на вёсцы»[1].

У 1929 г. былі абвешчаны суцэльная калектывізацыя і ліквідацыя кулакоў. Пастановы ЦК КП(б)Б 1930 г. арыентаваліся на паскоранае завяршэньне стварэньня калгасаў і саўгасаў. У выніку, працэс калектывізацыі набыў прымусовы характар. Да 1939 г. было калектывізавана 90% сялянскіх гаспадарак. У кожным раёне дзейнічалі МТС.

У лютым 1945 г. на Ялцінскай канфэрэнцыі (Крымская АССР(uk), Расейская СФСР; цяпер АР Крым, Украіна) старшыня Савету міністраў СССР Ёсіф Сталін прызнаўся брытанскаму прэм’еру Ўінстану Чэрчылю, што калектывізацыя забрала каля 10 млн чалавечых жыцьцяў[1].

У Заходняй Беларусі суцэльная калектывізацыя была праведзена ў 1949—1952 гг. Адмоўнымі вынікамі прымусовай калектывізацыі сталі рэпрэсіі ў дачыненьні сялянства, штучны голад 1933 г., масавы забой рагатай жывёлы, раскулачваньне заможных сялянскіх гаспадарак.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 2 сьнежня 2011. — № 230 (27094). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]