Калдуны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Калдуны
Калдуны з падлівамі
Калдуны з падлівамі
Нацыянальная страваБеларуская, летувіская, польская
ПаходжаньнеБеларусь, Летува, Польшча
РэгіёнУсходняя Эўропа
Дата зьяўленьняXV стагодзьдзе
Асноўны складнікмука
Распаўсюджаныя складніківада, соль, алей (або яйка, сода), тварог (або мяса, рыба, фрукты)

Калдуны́ (лац. calidus — «цёплы») — усходнеэўрапейская страва зь цеста і начыньня. У старабеларускую мову слова трапіла ў XV ст.

Складнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для прыгатаваньня цеста выкарыстоўваюць 2 шклянкі мукі і 2/3 шклянкі вады. Для начыньня бяруць па 200 грамаў сьцягна бараніны і ялавічнай паляндвіцы, 2 лыжкі булёну, маяран і часнок. Для варкі выкарыстоўваюць 2 літры булёну з кубікаў і 80 грамаў масла[1].

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калдуны можна варыць, запякаць, смажыць на патэльні, блясе або ў фрыцюры. Даўней беларускія татары смажылі іх у баранім лоі. Цеста робяць з мукі, замяшанай на цеплаватай вадзе з дадаткам солі. Даўней у цеста дадавалі яйкі, алей або соду. «Літвінскія» калдуны замешваюць на соку з цыбулі. Цеста на калдуны мусіць быць мяккім, элястычным, добра цягнуцца, каб кавалкі ягоныя можна было лёгка фармаваць і склейваць. Вымешанае цеста належыць завінуць у анучку і пакінуць у холадзе, каб «адпачыла». Пры ляпленьні варта ўкладаць сфармаваны калдун на пасыпаную мукой паверхню, пакідаючы астатняе цеста накрытым ручніком, каб не высыхала.

Фарш можна рабіць з тварага, мяса, рыбы і нават фруктаў — з сушаных вішань, сьліў або чарніц. Так што калдуны могуць быць і цяжкай, асноўнай стравай, а могуць і дэсэртам. Фарш мусіць быць ані занадта цьвёрды, ані занадта глейкі, і сфармаваны ў невялікія «галкі». Таксама фарш не павінен трапляць паміж зьлепленымі краямі цеста, каб потым калдуны не расклеіліся. Варыць найлепш у пляскатым шырокім рандэлку, на малым агні, ў вялікай колькасьці добра пасоленай вады, каля 5 хвілін ад моманту ўсплываньня на паверхню. Але некаторыя гатункі калдуноў лепей смажыць. Напрыклад, «палескія» (фарш з варанай рыбы і крутых яек) найлепш смажыць у фрыцюры.

Беларускія татары называюць гэтую страву «кундумы» і гатуюць на сьвяты. Цеста замешваюць на вадзе і яйках. Для начынкі ўжываюць сечаную цяляціну ці ялавічыну з дадаткам прыпраў, цыбулі, перца і солі. З прычыны вялікага памеру беларускія татары ядуць іх лыжкай, каб не разарваць цеста і не дазволіць выцячы соку.

Падліўка, якую належыць падаваць да калдуноў, залежыць ад фаршу. Да «віленскага» фаршу (з шынкі і грыбоў) пасуе топленае масла або сала, а да «рускага» (з варанай бульбы і тварагу) — густая кіслая сьмятана. Да «грубых» — пасераваная цыбуля, а да далікатных — узьбітыя вяршкі з цынамонам, або нават і фруктовы сыроп.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кухмістар Верашчака. Цукар, які мацуе, і калдуны з паляндвіцы і бараніны // Ігуменскі тракт. — 14 студзеня 2014. — № 1 (59).
Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»