Дон Жуан (Байран)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дон Жуан
Don Juan
Жанр: паэма
Аўтар: Джордж Гордан Байран
Мова арыгіналу: ангельская
Год напісаньня: 1818—1824
Публікацыя: 26 сакавіка 1824
Пераклад на беларускую: Уладзімер Скарынкін
Папярэдні твор: Childe Harold's Pilgrimage[d]
Наступны твор: Mazeppa[d]
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Дон Жуан» (па-ангельску: Don Juan) — сатырычная паэма[1], напісаная Джорджам Горданам Байранам на аснове легенды пра Дон Жуана, якую Байран перайначыў, паказваючы Жуана ня ў вобразе бабніка, а ў якасьці асобы, якая лёгка спакушаецца жанчынамі. Сучасныя крытыкі лічаць гэты твор найлепшым байранавым шэдэўрам. Пісьменьнік скончыў 16 песьняў (кантонаў), пакінуўшы незавершуную сямнаццатую незадоўга да сваёй сьмерці ў 1824. Байран сьцьвярджаў, што падчас напісаньня паэмы ён ня меў аніякае думкі наконт падзеяў, якія мусяць адбыцца ў наступных частках.

Калі першыя дзьве кантоны былі ананімна апублікаваныя ў 1819, паэма была раскрытыкаваная за свой амаральны зьмест, хоць разам з тым мела ашаламляючы посьпех.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Песьня Першая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дон Жуан жыве ў Сэвільі разам з бацькам Хасэ й яго маці, Доннай Інэсай, адукаванай і начытанай жанчынай. Хасэ і Донна Інэс знаходзяцца ў вельмі нешчасьлівым шлюбе. Разгульнае жыцьцё Хасэ вымушае Інэс падазраваць яго ў здрадзе, і ў выніку, падаць на развод, але заўчасная сьмерць Хасэ, спраўджаная пакутамі ад падкопаў жонкавых халопаў не дазволіла аформіць развод канчаткова. Пасьля сьмерці мужа, Інэс дае Жуану клясычную адукацыю, каб абараніць яго ад непажаданых ведаў. Пасьля, Інэс заводзіць раман зь пяцідзесяцігадовым Дон Альфонса, мужам 23-гадовай Джулі. Джулі ўлюбляецца ў 16-гадовага Жуана. Дон Альфонса, падазраваючы сваю жонку ў нявернасьці, адной ноччу ўрываецца ў яе спальню з мэтай адшукаць яе палюбоўніка. Аднак у яе ложку знаходзіць толькі Антонію, яе пакаёўку. Слугі Дона Альфонса абшукваюць пакой на наяўнасьць мужчыны, але, ня знойдучы якога, выслухваюць поўную пагарды прамову абуранай Джулі. Дон Жуан здолеў схавацца ў самым ложку, дзе прабыў падчас ператрусу, і схавацца ў шафу з адзежай. Тым ня менш, Альфонса вяртаецца ў пакой за прабачэньнем і выпадкова знаходзіць мужчынскія сапагі, тым самым раптоўна выяўляючы Жуана. Пасьля гэткай знаходкі Дон Альфонса бяжыць па шпагу, але не пасьпеўшы вярнуцца атрымлівае ад Жуана кулаком у твар. Пачынаецца бойка, у выніку якой Дон Жуан уцякае з дому, а Дон Альфонса застаецца з разьбітым носам. Пасьля гэтай падзеі адбываецца гучны развод паміж Альфонса і Джулі, якая неўзабаве адсылаецца ў кляштар. Донна Інэс плянуе адправіць сына ў марскую вандроўку, каб паглядзець сьвет. У другой Песьні ён выправіцца ў падарожжа да Кадыса.

Песьня Другая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эжэн Дэлякруа — «Караблекрушэньне Дон Жуана», 1840

Другая песьня апісвае як Жуан адпраўляецца ў падарожжа да Кадыса разам са слугамі і яго настаўнікам Пэдрыла. Жуан яшчэ закаханы ў Джулію. Пасьля прыступу марской хваробы неспадзяваны шторм паглынае карабель. Карабельная каманда ратуецца ў доўгай лодцы, але хутка пакутуе ад недахопу ежы. Тады яны вырашаюць кінуць жэрабя, каб выбраць таго, хто мусіць быць зьедзены. Пасьля таго, як зьелі жуанаву сабаку, Педрыла апынуўся другім па чарзе на зьядзеньне. Жуан ня можа пераадолець сябе і сілкавацца сваім настаўнікам. Неўзабаве, тыя хто зьелі Пэдрыла звар’яцелі і хутка памерлі. Дон Жуан апынаецца адзіным з выжылых, даплыўшы да зямлі ў Кікладах у Эгейскім моры. Гайдэ й яе служанка Зоя знаходзяць Жуана на беразе мора і клапоцяцца аб ім у калябярэжнай пячоры. Жуан і Гайдэ адказваюць адзін аднаму ўзаемным каханьнем, нягледзчы на тое, што Жуан не разумее грэцкай мовы, як і Гайдэ гішпанскай, бацька якой зьяўляецца «рыбаком», які зарабляе грошы на продажы захопленых рабоў.

Песьня Трэцяя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3-я Песьня ўяўляе сабой адступленьне ад асноўнай тэмы аповеду, у якой Байран кпіць са сваіх сучасьнікаў Ўільяма Ўордсўарта, Робэрта Саўці і Сэмюэля Тэйлара Колрыджа. Таксама гэтая канцона зьмяшчае асобную частку, прысьвечаную Грэцыі, напісаную пад іншай нумэрацыяй і вершаваным памерам, якая адлюстроўвае байранавы погляды на рабскую залежнасьць Грэцыі ад Асманскай імпэрыі.

Песьня Чацьвёртая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гайдэ і Жуан прачынаюцца і заўважаюць прыезд бацькі Гайдэ Ламбро. Жуан ускоквае і бярэ са сьцяны шаблю, пагражаючы ёю стараму пірату. Той, у сваю чаргу, настаўляе на Жуана пісталет, але Гайдэ нечакана засланяе сабою свайго каханка. Бацька апускае зброю, але неўзабаве кліча падначаленых яму карсараў, якія схопліваюць і кідаюць параненага дон Жуана ў трум карабля. Ад перажытага адчаю і хваляваньня пра стан свайго каханага Гайдэ губляе прытомнасьць і падае на бацькавы рукі. Пасьля вяртаньня прытомнасьці яна ня можа заснуць дваннацаць содняў, чахнучы да моманту сваёй сьмерці. Гайдэ загінае разам зь ненарадзіўшымся дзіцяці ў яе ўлоньні.

Жуана разам зь іншымі рабаўнікамі адправілі на продаж у Стамбул.

Песьня Пятая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жуан на рынку рабоў. Ён гутарыць з Брытам (англ. Englishman), распавядаючы пра сваё згубленае каханьне. Больш дасьведчаны Джон адказвае, што ён быў вымушаны ўцячы ад сваёй трэцяй па ліку жонцы. Чорны еўнух-негр Баба́ пакупае Жуана і Джона і вядзе іх да султанавага палацу. Ён праводзіць іх ва ўнутраны пакой, дзе прымушае дон Жуана апрануцца ў жаночае адзеньне і ў выпадку адмаўленьня пагражае лягчаньнем. Зрэшты, Жуана прыводзяць у султанавы пакой на сустрэчу з султаншай Гульбэяй, 26-гадовай красуняй, султанавай чацьвёртай жонкай. Поўны ўпартага гонару Жуан адмаўляецца цалаваць яе ступню і, нарэшце, пагаджаецца на пацалунак у руку. Яна заўважыла Жуана яшчэ на аўкцыёне і загадала Баба патаемна яго для яе купіць, нягледзчы на рызыку выкрыцьця з боку султана. Яна жадае, каб ён яе «кахаў» і падае яму на грудзі. Але Жуан дагэтуль не жадае здраджваць Гайдэ й адмаўляе з пагардай заляцаньні султаншы, кажучы «кахаць сябе не прымушай арла / які ня можа разьвінуць крыла!». Разьюшаная неспадзяванай адмова Жуана, яна плянуе яго абезгаловіць, але замест гэтага кідаецца ў сьлёзы. У гэты момант у пакой урываецца Баба з навіной аб прыезьдзе султана: «Бо Сонца неўзабаве зойдзе ў дзьверы / Каб асьляпіць вас бляскам залатым / І я — прамень, да Вас пасланы Ім». Султан прыбывае ў суправаджэньні сваіх наложніцаў і еўнухаў (яму 59 гадоў і ён мае 1500 каханак). Аглядваючыся навокал, ён заўважае прывабную жанчыну-хрысьціянку (Жуана), выказваючы шкадаваньне, што звычайная хрысьціянка выглядае гэтак прывабна.

Песьня Шостая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Султан адасобліваецца з Гульбэяй. Жуана, дагэтуль апранутага ў жаночае адзеньне, прыводзяць у перапоўнены гарэм. Яго просяць падзяліць ложак з прывабнай і маладой 17-гадовай Дуду, якая кліча яго Жуаннай. У яе было «Штось ад Вэнэры сьпячай (што б / бяссоньніцу прынесьці тым, хто скоса / Убачыў бы яе высокі лоб)», яна была «Задумлівай, прасьветленай была / І надта ўжо меланхалічнай паннай». Яна дае Жуаньне сьціплы пацалунак і распранаецца. У 3:00 ночы, калі ўсе наложніцы ў гарэме сьпяць, Дуду зьнянацку пачала лямантаваць і ўсхваляванай паднялася з ложку, пакуль Жуанна яшчэ храпчучы сьпала. Наложніцы пытаюць прычыну яе ляманту, і яна тлумачыць гэта дзіўным сном. У ім яна была ў дуброве, як Дантэ, дзе на адным з дрэваў на недасяжнай вышыні вісеў залаты яблык накшталт забароненага плода, які ўчэпіста трымаўся за свой сук і неўзабаве спакусьліва ўпаў далоўку. Пасьля таго, як Дуду нахілілася да яблыка, зь яго вылецела пчала і ўджгунла яе ў сэрца. Пасьля яе тлумачэньняў, матрона гарэма вырашае пакласьці Джуанну на ноч зь іншай наложніцай, але Дуду ўмольвае пакінуць яе ў яе ложку, хавючы твар у Джуаннавыя грудзі.

Ранкам султана просіць Баба распавесьці, якім чынам Дон Жуан правёў ноч. Ён распавядае, як той застаўся ў гарэме, увішна абыходзячы дэталі пра Дуду і яе сон, але ня вытрымаўшы позірку Гульбэі, паведамляе ёй усё ў дэталях. Даведаўшыся ад еўнуха пра падзеі мінулае ночы, Гульбэя загадвае скінуць Жуана і Дуду ў мяшку ў воду. Баба адказвае, што забойства Жуана ня вылечыць яе ад таго, што яе цьвеліць. Султана загадвае прывесьці ў свой пакой Дуду і Жуана.

Песьня Сёмая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жуан і Джон уцяклі з гарэму зь дзьвюма жанчынамі і зьяўляюцца падчас аблогі Ізмаіла (гістарычна 1790) — турэцкай фартэцыі ля вусьця Дуная. Фэльдмаршал Аляксандар Сувораў, афіцэр расейскага войска, рыхтуецца кінуць апошнія высілкі на абложаную крэпасьць. Яму было загадана Грыгорыям Пацёмкіным, галоўнакамандуючым расейскага войска, любым коштам узяць Ізмаіл. Джон Джонсан трапляе да Суворава (зь якім ён дагэтуль бачыўся ў бітве пад Відзінам) і прадстаўляе свайго сябра Жуана — абодва яны гатовыя ўступіць у бойку супраць «паганскіх» туркаў. Сувораў незадаволены дзьвюма жанчынамі, якіх яны прывялі, але Джон і Жуан паведамляюць, што яны дапамаглі ім зладзіць уцёкі. Сувораў пагаджаецца пакінуць іх у лазарэце.

Песьня Восьмая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жуан і Джон няўрымсьліва і адважна далучаюцца да аблогі Ізмаіла. Перайшоўшы праз гарадзкі вал яны кідаюцца ў бойку. Узяцьце Ізмаіла каштавала туркам 40 000 згубленых, сярод якіх былі таксама жанчыны (часам згвалчаныя) і дзеці. Жуан выратоўвае 10-гадовую мусульманскую дзяўчыну Леілу ад двух крыважэрных казакаў, якія мерыліся яе забіць, і без ваганьняў вырашае ўзяць яе пад сваё апякунства.

Жуан становіцца героем і па загадзе адпраўляецца ў Санкт-Пецярбург у суправаджэньні Леілы, якую ён пакляўся абараняць.

Песьня Дзявятая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апрануты ў ваенны мундзір, Жуан прыцягвае да сябе ўвагу двара і самой імпэратрыцы Кацярыны, якую прываблівае прыгажосьць маладога юнака. Жуан становіцца адным зь яе фаварытаў. Яму лісьлівіць ўвага гэтакай царскае асобы. Жуан працягвае пяшчотна клапаціцца аб Леіле.

Песьня Дзясятая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жуан пачынае хварэць з-за халоднага расейскага клімату. Клапоцячыся аб ім, расейская імпэратрыца Кацярына адсылае яго ў паўднёвую Ангельшчыну з больш цёплым надвор’ем. Мэтай яго прыбыцьця ў Ангельшчыну зьяўляецца нібыта спэцыяльная дыпляматычная місія зь неакрэсьленым задачамі па абмеркаваньню ўмоваў пэўнага дагавора, але яго прыезд уяўляе сабой нічога больш, як бэнэфіцыю з боку Кацярыны, якая паклапаціўшыся аб здароўі Жуана, забясьпечыла яго грошамі і дарагімі падарункамі.

Песьня Адзінаццатая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жуан прыбывае ў Ангельшчыну і, шпацыруючы па вуліцах Лёндану, разважае аб велічы Вялікабрытаніі як абаронцы свабодаў, пакуль яго не прыпыняе вулічны рабаўнік, які, запугваючы Жуана, патрабуе ад яго грошай. Жуан нечакана страляе ў злодзея, але, будучы чалавекам высокага сумленьня, неўзабаве шкадуе аб сваёй пасьпешнасьці і спрабуе аказаць паміраючаму рабаўніку якую-кольвек дапамогу. Тым ня менш, злодзей памірае на вуліцы, прамармытаўшы свае апошнія словы.

Пазьней Жуан прыбывае да ангельскага двара, дзе, як звычайна, ловіць на сабе захопленыя позіркі, часам не бяз зайдрасьці з боку некаторых састарэлых пэраў.

Песьня Дванаццатая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дон Жуан, усьвядоміўшы, што ён не пэдагог, мерыцца знайсьці ахоўніцу і апякуншу для Леілы, сіраты з разбуранага гораду Ізмаілу. Яго выбар падае на лэдзі Пінчбэк, якая вызначалася прыстойнасьцю і дасьціпнасьцю.

Песьня Сямнаццатая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошняй песьні, якую Байран ня здолеў скончыць, уласьціва адсутнасьць вызначанай лініі аповеду і згадкаў галоўнага героя п’есы. Гэтая кантона зьяўляецца адказам на пярэчаньні літаратурных крытыкаў. У сваю абарону Байран пералічвае шматлікіх выбітных людзей, якіх спачатку лічылі аўтсайдэрамі і рэвалюцыянэрамі, ўключаючы Мартына Лютэра і Галілея.

Песьня сканчваецца напачатку ўзнаўленьня асноўнага аповеду шаснаццатай песьні, у якой Дон Жуан апынуўся «ў становішчы пікантным».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]