Дамаклёіды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дамаклёіды — нябесныя целы Сонечнай сыстэмы, якія маюць арбіты, аналягічныя арбітам камэт па парамэтрах (вялікі эксцэнтрысытэт і нахіл да плоскасьці экліптыкі), але не праяўляюць камэтнай актыўнасьці ў выглядзе камы або камэтнага хваста.

Назву дамаклёіды атрымалі ад імя першага прадстаўніка клясы — Дамокла (5335 Damocles). Дамаклёіды маюць параўнальна невялікія памеры — самы вялікі зь іх, 2002 XU93, мае дыямэтар 72 км, а сярэдні складае каля 8 км. Вымярэньні альбеда чатырох зь іх (0,02—0,04) паказалі, што дамаклёіды зьяўляюцца аднымі з самых цёмных цел сонечнай сыстэмы, тым ня менш, валодаючы чырванаватым адценьнем. Па стане на верасень 2005 году вядома больш за 20 дамаклёідаў. З-за вялікіх эксцэнтрысытэтаў іх арбіты вельмі выцягнутыя, і ў афэліі яны знаходзяцца далей за Ўран (аж да 1996 PW — 571,7 а. а.), а ў пэрыгеліі — бліжэй за Юпітэр, а часам і Марс.

Лічыцца, што дамаклёіды зьяўляюцца ядрамі камэтаў тыпу Галея, якія зарадзіліся ў воблаку Аорта і страцілі свае хвасты. Гэтая гіпотэза лічыцца дакладнай таму, што ў досыць шматлікіх аб’ектаў, якія лічыліся дамаклёідамі, пасьля выяўлялі каму і прылічалі да клясы камэт. Іншае пацьверджаньне складаецца ў тым, што арбіты большасьці дамаклёідаў моцна нахіленыя да плоскасьці экліптыкі, часам больш, чым на 90 градусаў, а адсюль вынікае, што некаторыя зь іх абарочваюцца вакол Сонца ў кірунку, процілеглым руху вялікіх плянэт, што рэзка адрозьнівае іх ад астэроідаў. Першае з такіх целаў, выяўленае ў 1999 годзе, было названа Дыярэтса (20461 Dioretsa) — «астэроід» наадварот.