Герб СССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з 1958 па 1991

Дзяржаўны герб СССР — афіцыйная эмблема Савецкай дзяржавы. Герб СССР усталяваны Канстытуцыяй СССР (ст. 143) і ўяўляе сабой малюнак сярпа і молата на фоне зямнога шару, у прамянях сонцу і ў апраўленьні каласоў, з надпісам на мовах саюзных рэспублік: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». У верхняй частцы гербу — пяціканцовая зорка.

Дзяржаўны герб СССР сымбалізуе аснову агульнанароднай дзяржавы — зьвяз працоўных і сялян, добраахвотнае аб'яднаньне раўнапраўных саюзных рэспублік у адзінай саюзнай дзяржаве, раўнапраўе сацыялістычных нацыяў, і выяўляе ідэю інтэрнацыянальнай салідарнасьці народаў СССР з працаўнікамі ўсіх краінаў.

Мацерыкі на гербе адлюстроўваюцца сьветла-карычневымі, дэвізы — залатымі літарамі па чырвонай стужцы. Серп і молат на гербе ўвасабляюць новую ўладу і мірную працу; каласы — жыцьцяздольнасьць дзяржавы, росквіт; сонца — сьвятло ідэй Кастрычніка, крыніца сілы савецкай дзяржавы, сьветлая будучыня; чырвоная зорка — пралетарскі інтэрнацыяналізм і барацьба працы з капіталізмам на пяці кантынэнтах; а залатая аблямоўка зоркі — водбліск агню рэвалюцыі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы дзяржаўны герб СССР быў зацьверджаны ЦВК СССР 6 ліпеня 1923. Апісаньне яго было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1924 году. У 1923—36 дэвіз «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» быў напісаны на 6 мовах (па ліку саюзных рэспублік, утварылых у 1922 Саюз ССР); далей, у адпаведнасьці з колькасьцю саюзных рэспублік, зьмяняўся і лік чырвоных стужак з перакладам дэвізу на гербе. У 1937—46 - 11 стужак, у 1946—56 — 16, а з 1956 — 15.

Увосень 1922 году на Гознаке пачала працу камісія па выпрацоўцы савецкай сымболікі. (Зацемка: У тыя часы былі створаныя кампазыцыі першых савецкіх марак і купюр.) 10 студзеня 1923 году Прэзыдыўм ЦВК СССР стварыў камісію па распрацоўцы дзяржаўнага гербу і сьцягу. Тады жа ЦВК вызначыў галоўныя элемэнты дзяржаўных знакаў зьвязу: сонца, серп і молат, дэвіз «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». У лютым 1923 году замова на стварэньне гербу была перададзеная на Гознак. Захаваліся эскізы праектаў гербу мастакоў Гознаку Д. С. Галядкіна, Я. Б. Дрэйера, Н. Н. Качуры, В. Д. Купрыянава, П. Румянцава, А. Г. Якімчанка, І. Шадра. Цікавы праект прадставіў мастак К. І. Дунін-Баркоўскі — ён як прыхільнік клясычнай геральдыкі ўяўляў герб СССР як геральдычны шчыт з сярпом і молатам.

Распрацоўкай гербу СССР займаліся шматлікія мастакі. Вядома мноства праектаў гербу.

Адзін з раньніх праектаў (1923) цяпер можна ўбачыць на будынку Цэнтральнага тэлеграфу ў Маскве: зямны шар акружаны каласамі, уверсе чырвоная зорка, па баках серп і молат. Прамалёўка гербу выкананая В. Ламанцовым (1992). Праект Д. С. Галядкіна — пяцікутнік, у сярэдзіне якога серп і молат у сонечных прамянях, вакол — індустрыяльныя сымбалі. Праект Я. Б. Дрэйера — серп, молат, зорка, зямны шар, стужкі з дэвізам. Праект В. П. Корзуна ўжо вельмі блізкі да зацьверджанага пазьней гербу СССР. У працу па стварэньні гербу ўлучыўся і загадчык мастацка-рэпрадукцыённым аддзелам Гознака В. Н. Адрыянаў (1875—1938). Менавіта ён, як картограф, прапанаваў занесьці ў герб малюнак зямнога шару. Апошні павінен быў азначаць, што доступ у Зьвяз адчынены ўсім дзяржавам сьвету. Увогуле ўся кампазыцыя гербу была складзеная менавіта Адрыянавым. За працай над эскізам гербу сачылі органы дзяржаўнай улады. Напрыклад, сакратар Прэзыдыўма ЦВК А. С. Енукідзэ 28 чэрвеня 1923 году прапанаваў наверсе гербу, на месца вэнзэля «СССР», зьмясьціць чырвоную зорку. Яго рэмарка «Замест вэнзэля зорку» захавалася на архіўным малюнку В. П. Корзуна.

На заключнай стадыі да працы над гербам быў запрошаны мастак Я. І. Дубасаў, ён і выканаў канчатковы малюнак. У яго першым праекце дэвізы зьмяшчаліся на чырвонай стужцы, якая зачыняе ніжнюю частку герба. Затым было вырашанае разьмяшчаць дэвізы на 6 мовах на перахопах стужкі.

6 ліпеня 1923 году II сэсія ЦВК СССР прыняла малюнак гербу (адначасова з прыняцьцем праекту Канстытуцыі). 22 верасьня 1923 году малюнак гербу быў канчаткова зацьверджаны старшынёй Прэзыдыўма ЦВК СССР А. С. Енукідзэ. Канстытуцыя СССР, прынятая II зьездам Рад 31 студзеня 1924 году, афіцыйна ўзаконіла новы герб.

Канстытуцыя СССР 1924 году ўтрымоўвала апісаньне дзяржаўных сымбаляў у 11-м разьдзелу:

«70. Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік складаецца з сярпа і молата на зямным шары, намаляваным у прамянях сонца і апраўленым каласамі, з надпісам на мовах, згаданых у ар. 34: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». Наверсе гербу маецца пяціканцовая зорка».

У Канстытуцыі СССР 1936 году герб апісаны ў Разьдзеле XII «ГЕРБ, СЬЦЯГ, СТАЛІЦА». Артыкул 143 абвяшчаў:

"Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік складаецца з сярпа і молата на зямным шары, намаляваным у прамянях сонца і апраўленым каласамі, з надпісам на мовах саюзных рэспублік: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» Наверсе гербу маецца пяціканцовая зорка.

У канцы 1920-х гадоў на герб быў дададзены дэвіз «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» па-цюрску. Расейскі варыянт дэвізу перамясьціўся на цэнтральны перахоп стужкі. Падобныя гербы друкаваліся на казначэйскіх квітках СССР 1934 году выпуску. Надпісы выконваліся на расейскай, украінскай, беларускай, грузінскай (нацыянальны альфабэт), армянскай (нацыянальны альфабэт), цюрка-татарскай (арабская графіка), цюрскай (лацінскі альфабэт) мовах.

Па Канстытуцыі 1936 году СССР складаўся з 11 рэспублік (ЗСФСР была падзеленая на Азэрбайджанскую, Армянскую і Грузінскую Савецкія Сацыялістычныя рэспублікі). Стужак на гербе таксама стала 11.

Сакратарыят Прэзыдыюма Вярхоўнай Рады СССР 3 верасьня 1940 году вырашыў занесьці зьмены ў дзяржаўны герб СССР у сувязі са зьменай ліку саюзных рэспублік і ўдакладненьнем напісаньня дэвізу на нацыянальных мовах. Вялася праца па падрыхтоўцы новай Канстытуцыі, і 3 сакавіка 1941 году Прэзыдыюм Вярхоўнай Рады прыняў папярэдні праект гербу, але завяршэньню прац перашкодзіла вайна. Толькі 26 чэрвеня 1946 году ўказам Прэзыдыюма ВС СССР уведзены новы варыянт гербу, дэвіз на якім быў прайграны на 16 мовах саюзных рэспублік. Да ўжо тых надпісаў што былі дададзеныя дэвізы на малдаўскай, латыскай, эстонскай і фінскай. Прычым надпісы на мовах сярэднеазіяцкіх рэспублік і Азэрбайджану выконваліся ўжо кірыліцай.

16 ліпеня 1956 году Карэла-Фінская ССР была ператвораная ў аўтаномію ў складзе РСФСР, з прычыны чаго ўказам ПВС СССР ад 12 верасьня 1956 году шаснаццатая стужка з дэвізам на фінскай мове была выдаленая з гербу. 1 красавіка 1958 году ўказам ПВС СССР быў удакладнены тэкст дзяржаўнага дэвізу на беларускай мове. Ён стаў гучаць як: «ПРАЛЕТАРЫІ ЎСІХ КРАІН, ЯДНАЙЦЕСЯ!». Зьмена было занесена ў герб СССР. Трохі раней, 21 лютага 1958 году, такое жа ўдакладненьне па ўказе ПВС Беларускай ССР было зроблена на гербе БССР.

Разьмяшчэньне стужак з дэвізамі на гербе СССР адпавядала парадку пераліку саюзных рэспублік у ар. 13 Канстытуцыі, усталяванаму ў адпаведнасьці з колькасьцю насельніцтва.

Удакладненьне і перамалёўку герба ў розны час выраблялі мастакі Гознака І. С. Крылкоў, С. А. Ноўскі, П. М. Чарнышоў, С. А. Паманскі. 31 сакавіка 1980 году ўказам Прэзыдыюма Вярхоўнай Рады СССР зацьверджана Становішча аб Дзяржаўным гербе СССР. 25 чэрвеня яно замацавана Законам СССР. Паводле гэтага Становішча:

«1. Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік зьяўляецца сымбалям дзяржаўнага сувэрэнітэту СССР, непарушнага зьвязу працоўных, сялян і інтэлігенцыі, сяброўства й братэрства працаўнікоў усіх нацый і народнасьцяў краіны, дзяржаўнага адзінства савецкага народу, які будуе камуністычнае грамадзтва.

2. Дзяржаўны герб Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік уяўляе сабой малюнак сярпа і молата на фоне зямнога шару, у прамянях сонца і ў апраўленьні каласоў, з надпісам на мовах саюзных рэспублік: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». У верхняй частцы гербу — пяціканцовая зорка. Надпісы на Дзяржаўным гербе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік на мовах саюзных рэспублік прайграваюцца на стужцы, якая атачае каласы, у наступным парадку: унізе ў цэнтры на расейскай; зьнізу ўверх зь левага боку — на ўкраінскай, узбэцкай, грузінскай, летувіскай, латыскай, таджыцкай, туркмэнскай; з правага боку — на беларускай, казаскай, азэрбайджанскай, малдаўскай, кіргіскай, армянскай, эстонскай. У каляровым малюнку Дзяржаўнага гербу Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік серп і молат, сонца і каласы залатыя; водная паверхня зямнога шару блакітная, мацерыкі сьветла-карычневыя; стужка чырвоная; зорка чырвоная, апраўленая залатой аблямоўкай».

Дзяржаўны герб СССР у параўнаньні з гербамі саюзных і аўтаномных рэспублік (АССР)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўныя гербы маюць усе саюзныя рэспублікі, апісаньне гербаў утрымоўваецца ў Канстытуцыях саюзных рэспублік. Дзяржаўны герб СССР лёг у аснову праектаў гербаў усіх саюзных рэспублік, таму асноўнымі элемэнтамі рэспубліканскіх гербаў таксама зьяўляюцца сымбаль працоўнага зьвязу працоўных і сялян — крыжаваныя серп і молат, і надпіс на мове саюзнай рэспублікі: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!». Акрамя таго, у дзяржаўных гербах саюзных рэспублік адлюстраваныя нацыянальныя асаблівасьці (прыроды, гаспадаркі і т. д.) што адпавядаюць пэўнай рэспубліцы.

Дзяржаўным гербам АССР зьяўляецца герб той саюзнай рэспублікі, у склад якой яна ўваходзіць, з даданьнем найменьня аўтаномнай рэспублікі на мовах дадзенай аўтаномнай і саюзнай рэспублікі і на расейскай мове, надпіс на гербе «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» даецца на мове аўтаномнай Рэспублікі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]