Генрык Батута

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сапраўдная вуліца Батуты ў Варшаве

Ге́нрык Бату́та (па-польску: Henryk Batuta) — выдуманы сацыяліст, рэвалюцыянэр, польскі камуніст, які першапачаткова зьявіўся ў польскай Вікіпэдыі. Вядомы як прыклад самай вялікай раскрытай фальсыфікацыі ў Вікіпэдыі на сёньняшні дзень (акрамя фальсыфікацыі ў ангельскай Вікіпэдыі з удзельнікам Essjay, які згадваўся ў Бі-Бі-Сі).

Паводле сваёй выдуманай біяграфіі, Батута нарадзіўся ў Адэсе ў 1898 годзе, браў удзел у грамадзянскай вайне ў Расеі, разам з Эрнэстам Хэмінгуэем удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Гішпаніі. Артыкул аб ім быў створаны 8 лістапада 2004 г. і праіснаваў 15 месяцаў, пакуль ня быў ўключаны ў сьпіс артыкулаў на выдаленьне.

Датуль пакуль фальсыфікацыя не была выяўленая, артыкул налічаваў 10 сказаў і ўвесь гэты час заставаўся невялікім, што, магчыма, спрыяла гэтак доўгаму існаваньню гэтай фальсыфікацыі. Артыкул атрымаў вядомасьць, калі нататкі аб ім зьявіліся ў польскай газэце «Газэта Выборча» і часопісе «Пшэкруй», а таксама ў брытанскім часопісе «The Observer».

У артыкуле таксама гаварылася аб тым, што «вуліца Генрыка Батуты» ў Варшаве была названая ў гонар дадзенага камуністычнага дзеяча. Ананімныя фальсыфікатары, якія стварылі гэты артыкул, называлі сябе «войскам Батуты». Паводле паведамленьняў прэсы яны нібы жадалі прыцягнуць увагу да таго факту, што ў Польшчы дагэтуль ёсьць месцы, названыя ў гонар камуністычных дзеячаў, на іх думку, яны не заслужылі такой павагі.

Фальсыфікацыя была выяўленая, калі артыкул занесьлі ў сьпіс артыкулаў на выдаленьне. Нават пасьля таго, як зман быў выкрыты, яго аўтары спрабавалі пераканаць іншых у сапраўднасьці Батуты, падаючы ілжывыя бібліяграфічныя дадзеныя і нават загрузіўшы адрэтушаваную ў графічным рэдактары фатаграфію, на якой была намаляваная таблічка на хаце з надпісам «вуліца Генрыка Батуты». Містыфікацыя была «афіцыйна» пацьверджаная 9 лютага 2006 г., калі польскі штодзёньнік «Газэта Выборча» і штотыднёвік «Пшэкруй» апублікавалі артыкулы аб фальсыфікацыі.

У рэчаіснасьці ў Варшаве ёсьць «вуліца Батуты»[1], аднак яе назва паходзіць ад польскага слову «batuta», якое азначае «дырыгенцкая палачка».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]