Геаграфія Славаччыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тапаграфічная мапа Славаччыны

Слава́ччына — пераважна горная краіна ў Цэнтральнай Эўропе, якая ня мае выхаду да мора.

Плошча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя мястэчкі і гарады Славаччыны

Славаччына распасьціраецца паміж 49°36’48" і 47°44’21" паўночнай шыраты і 16°50’56" і 22°33’53" усходняй даўгаты.

Самым паўночным пунктам зьяўляецца Бэскідак, гара на мяжы з Польшчай каля вёскі Ораўска Полгара ў Бяскідах. Самы паўднёвы пункт краіны разьмяшчаецца непадалёк ад вёскі Пацінцэ, што на мяжы з Вугоршчынай. Самым заходнім пунктам зьяўляецца рака Морава каля Закарскай Вэсі на аўстрыйскай мяжы. Самы ўсходні пункт Славаччыны — гара Крэмэнец ля вёскі Новая Сэдліца на ростанях славацкай, польскай і ўкраінскай граніцаў.

Найвышэйшы пункт Славаччыны — Герлахаўскі-Шціт у Высокіх Татрах (2655 м), найніжэйшы — паверхня ракі Бодраг на вугорскай мяжы (94 м).

Плошча краіны складае 49 035 км² (31% — ворная зямля, 17% — пашавая, 41% — лясы, 3% — апрацаваная зямля). Астатнія 8% пакрытыя людзкімі збудаваньнямі і інфраструктурай (часткова горнымі хрыбтамі і іншымі невыкарыстальнымі тэрыторыямі)[1].

Агульная працягласьць граніцы — 1 672 км. Мяжуе зь дзяржавай Аўстрыя на працягласьці 91 км (паўднёвы захад), Чэхія — 197 км (паўночны захад), Вугоршчына — 676 км (поўдзень), Польшча — 420 км (поўнач), Украіна — 90 км (усход).

Сацыяльна-эканамічная геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканамічная геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальны банк Славаччыны ў Браціславе
Асноўны артыкул: Эканоміка Славаччыны

Па стане на 2006 год сукупны ўнутраны прадукт Славаччыны складаў 1,66 трлн славацкіх кронаў, што складае прыкладна €50 млрд ці 71 млрд USD[2] агулам і 8800 € ці 13 000 USD на душу насельніцтва.

СУП па сэктарах:[3]

  • сельская гаспадарка (3,6%)
  • прамысловасьць (сыравіна, вытворчасьць, энэргетыка, водныя рэсурсы) 31,6%
  • сфэра паслугаў (64,8%)

Заходнія рэгіёны Славаччыны больш разьвітыя за ўсходнія. Па стане на 2004 год найвышэйшы СУП на душу насельніцтва складаў 573,976 SK у Браціслаўскім краі, які пераўзыходзіў у больш за два разы сярэдні СУП па краіне (251,814 SK). СУП на душу насельніцтва ў Прэшаўскім краі склаў 152,786 SK (60% ад агульнага па краіне).

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апрацаваныя палі займаюць каля 29% тэрыторыі Славаччыны. Асноўныя збожжавыя культуры — пшаніца, ячмень, кукуруза, цукар, буракі і бульба. У паўднёвых зонах шырока разьвіта вінаградзтва, у асноўным вакол Малых Карпатаў і Дунайскай нізіны. Гадоўля буйной рагатай жывёлы (сьвіньні, быдла, авечкі) таксама практыкуецца[4].

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славаччына была часткова індустрыялізаваная ў XIX ст, але цалкам індустрыялізаванай краінай Славаччына стала толькі ў другой палове XX ст. Камуністычны ўрад Чэхаславаччыны рабіў моцны акцэнт на цяжкую і вайсковую прамысловасьць. Пасьля Аксамітнай рэвалюцыі і абвяшчэньня незалежнасьці ў 1993 годзе эфэктыўнасьць прамысловасьці спала. На сёньняшні дзень асноўнымі прамысловымі сэктарамі зьяўляюцца: апрацоўчая, электратэхнічная, хімічная, паліўная, мэталюргічная, тэкстыльная і харчовая індустрыі. У апошнія гады разьвіваецца машынабудаваньне з аўтамабільнымі заводамі ў Браціславе, Трнаве і Жыліне. Іншыя істотныя прамысловыя гарады — Трэнчын, Прэшаў і Кошыцэ.

Энэргетыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атамная станцыя ў Мохаўцах

Выкапнёвае паліва, часткова нафта і газ, імпартуецца. Па стане на 2004 год найбольш істотнымі крыніцамі энэргіі зьяўляліся атамныя станцыя (55,7%) у Яслаўскай Богуніцы і Мохаўцы. Іншымі крыніцамі энэргіі былі гідраэлектрычныя станцыі (13,9%), з асноўнай дамбай у Габчыкава на рэках Дунай, Ваг, Слана, Орава і Горнад. Дадатковыя крыніцы — вугаль (10,9%), прыродны газ (7,9%) і нафта (2,4%). У 2005 годзе Славаччына спажыла 24,93 млрд кВт·г электрычнасьці[3].

Сацыяльная геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Насельніцтва Славаччыны

Насельніцтва Славаччыны на 2006 год складала каля 5 391 000 чалавек. Паводле перапісу 2001 году: славакі (85,8%), вугорцы (9,7%), цыгане (1,7%), чэхі (0,8%), русіны (0,4%), украінцы (0,2%) і іншыя[5].

Прыкладна 5600 чалавек эмігравалі ў Славаччыну ў 2006 годзе, тым часам як 1700 чалавек эмігравалі па-за межы краіны. Па стане на 2006 год назіралася 53 904 нараджэньні на 53 301 сьмерцяў[6].

Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва Славаччыны — 110 чал/км², якая неістотна вагаецца па рэгіёнах. Найбольш заселенымі зьяўляюцца Браціслава і яе ваколіцы, Дунайская нізіна, ніжняя і цэнтральная даліны ракі Ваг і аглямэрацыі вакол Кошыцэ і Прэшава. Найменш заселенымі тэрыторыямі зьяўляюцца горныя рэгіёны цэнтральнай Славаччыны і паўночны ўсход, дзе ў некаторых раёнах сярэдняя шчыльнасьць сягае ніжэй за 50—70 чал/км².

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]