Геаграфія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Геаграфія
Навука
Землеапісаньне
Зьвесткі
Падкляса ад прадмет дасьледаваньня[d] і навукі пра Зямлю
Тэма 1323
Вывучаецца ў гісторыі геаграфіі[d] і Q3589295?
Прадмет вывучэньня Зямля й плянэты
Пэрыяд заснаваньня антычнасьць
Гісторыя гісторыі геаграфіі[d]
Асноўныя кірункі навукі ўваходзяць у сыстэму геаграфічных навук
Цэнтры дасьледаваньняў ва ўсім сьвеце
Геаграфія ў Вікісховішчы

Геагра́фія вывучае месцазнаходжаньне, працягласьць, распаўсюджаньне і ўзаемадзеяньне ўсіх значных элемэнтаў чалавечага і фізычнага асяродзьдзя зямельнай паверхні, распаўсюджаньне жыцьця на зямлі, уключаючы чалавечае жыцьцё і ўплыў чалавечай дзейнасьці. Слова геаграфія (па-грэцку: γεωγραφία) паходзіць ад грэцкіх словаў γη (ге) — Зямля і γραφειν (графеін) — пісаць, апісваць.

Фізычная геаграфія засяроджваецца на вывучэньні фізычных аспэктаў Зямлі, што ўключае ў сябе фізычную, мэтэаралягічную і экалягічную мадэль.

Грамадзкая геаграфія уключае эканамічную, палітычную, культурную геаграфію і засяроджваецца на вывучэньні грамадзкіх ці не-фізычных аспэктаў Зямлі. Яна вывучае як чалавек прыстасоўваецца да фізычных умоў і які ў сваю чаргу робіць уплыў на фізычную Зямлю.

Акрамя гэтага геаграфія вывучае асаблівасьці месцазнаходжаньня Зямлі ў Сонечнай сыстэме і ў сусьвеце і як гэта ўплывае на фізычныя ўмовы на Зямлі.

Разьвіцьцё геаграфіі як навукі, важнейшыя геаграфічныя адкрыцьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя ўяўленьні аб геаграфічных аб’ектах і зьявах меліся ў чалавека ўжо ў глыбокай старажытнасьці. Сьведчаньні гэтага — малюнкі зьяваў прыроды, значковыя карты-схемы, створаныя першабытнымі людзьмі. Але геаграфіі, як навукі ў тыя часы яшчэ не існавала.

Радзімай геаграфіі можна лічыць Старажытную Грэцыю. Менавіта тут зьявіліся першыя ўяўленьні аб шарападобнасьці Зямлі (Плятон), аб існаваньні геаграфічных паясоў (Арыстотэль), былі створаныя першыя мапы сьвету, сабраныя геаграфічныя зтвесткі аб Эўропе, Блізкім Ўсходзе і Лівіі (Паўночнай Афрыцы). Эратасфэн, які жыў у III ст. да н. э. у г. Александрыя ўпершыню даволі дакладна вылічыў радыюс Зямлі, ён жа прапанаваў назваць навуку аб Зямлі «геаграфіяй». Страбон на мяжы нашай эры ў 17-томнай працы «Геаграфія» абагульніў веды старажытнагрэцкіх навукоўцаў. Старажытнарымскі вучоны Пталемей у II ст. стварыў першую мапу сьвету з выкарыстаньнем сеткі геаграфічных каардынатаў.

Аднак у Сярэднявечнай Эўропе стала панаваць біблейская карціна сьвету. Веды антычных навукоўцаў былі незапатрабаванымі, увесь сьветапогляд засноўвалася на Бібліі. Толькі асобныя падарожнікі пашыралі геаграфічны далягляд эўрапейцаў. Сярод іх: вэнэцыянец Марка Пола, які зьдзейсьніў у другой палове XIII ст. падарожжа ў Кітай; Афанасій Нікіцін першы расейскі падарожнік па Індыі (XV ст.).

Прарыў у адкрыцьці эўрапейцамі новых земляў быў зроблены ў канцы XV ст. З гэтага часу пачалася эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Вось найважныя зь іх: дасягненьне Хрыстафорам Калюмбам берагоў Амэрыкі (1492), плаваньне Васка ды Гамы вакол Афрыкі да берагоў Індыі (1497-99), першае кругасьветнае плаваньне экспэдыцыі Магелана (1519-22), адкрыцьцё галяндцамі берагоў Аўстраліі (пач. XVII ст.), адкрыцтцё расейскімі землепраходцамі Сыбіры і Далёкага Ўсходу (кан. XVI—XVII стагодзьдзе). Аднак у той час географы абмяжоўваліся толькі зборам інфармацыі аб краінах і морах.

У Новы час (XVII—XIX стагодзьдзі) геаграфія стала разьвівацца, як навука аб тэрытарыяльных заканамернасьцях. Нямецкі навуковец Б. Варэн прапанаваў падзяліць геаграфію на спэцыяльную (занятую апісаньнем асобных краінаў) і агульную (мае вывучаць агульныя геаграфічныя заканамернасьці). Яго суайчынтнік А. Гумбальдт заснаваў вучэньне аб прыродных комплексах (ляндшафтах) і вылучыў ляндшафтныя зоны на Зямлі. Немец К. Рытэр прапанаваў падзяліць геаграфію на прыродазнаўчую і грамадзкую галіны. У Новы час зьявіліся паняцьці «фізычная геаграфія» (А. Гумбальдт) і «эканамічная геаграфія» (Міхаіл Ламаносаў). Географ і падарожнік XIX стагодзьдзя П. П. Сямёнаў-Цян-Шанскі казаў, што прадмет вывучэньня геаграфіі — прырода і дзейнасьць чалавека, які зьмяняе прыроду.

Выбітныя падарожнікі Новага часу: Джэймз Кук; расейскія мараплаўцы М. П. Лазараў і Ф. Ф. Белінсгаўзэн, якія адкрылі Антарктыду; Дэйвід Лівінгстан; выхадцы зь Беларусі: Ян Чэрскі, Ігнат Дамейка; Руаль Амундсэн.

Да пачатку XIX ст. геаграфія ператварылася ў сыстэму навук. Расейскі навуковец В. В. Дакучаеў заклаў асновы глебазнаўства і геаграфіі глебаў, А. І. Ваейкаў — кліматалёгіі, У. І. Вярнадзкі — біягеаграфіі, амэрыканец У. Дэвіс — геамарфалёгіі (навукі аб рэльефе). Савецкі навуковец-географ Л. С. Бэрг стварыў сучаснае вучэньне аб ляндшафтах, М. М. Баранскі сфармуляваў важныя канцэпцыі эканамічнай геаграфіі. А. А. Грыгор’еў упершыню акрэсьліў паняцьце геаграфічная абалонка, як плянэтарны комплекс, кампанэнты якога знаходзяцца ў цесным узаемадзеяньні. Геаграфічная абалонка і яе складовыя часткі — гэта і ёсьць аб’ект вывучэньня сучаснай геаграфіі.

Асноўныя крыніцы геаграфічных ведаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да цяперашняга часу добра вывучаныя шматлікія рэгіёны Землі, таму важнай крыніцай геаграфічных ведаў зьяўляецца геаграфічная літаратура. Нараўне з гэтым, геаграфічныя дасьледаваньні працягваюцца. Пры палявых дасьледаваньнях вывучэньне геаграфічных аб’ектаў вядзецца непасрэдна на мясцовасьці. Экспэдыцыі таксама зьяўляюцца важнай крыніцай геаграфічнай інфармацыі. У сучаснай геаграфіі замест кароткатэрміновых экспэдыцыяў сталі арганізоўваць комплексныя стацыянары і пастаянна дзейныя станцыі і лябараторыі. Дзякуючы гэтаму, створана сыстэма маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. Гэта інфармацыйная сыстэма, задача якой складаецца ў назіраньні за станам прыроднага асяродзьдзя і зьменамі, якія адбываюцца ў ім пад уплывам дзейнасьці чалавека.

Акрамя таго, у геаграфіі знайшлі ўжываньне і дыстанцыйныя мэтады дасьледаваньняў, у прыватнасьці: вывучэньне аэрафатаздымкаў і дасьледаваньне Землі з космасу. Пры выкарыстаньні дыстанцыйных мэтадаў дасьледаваньняў значна павялічваецца тэрыторыя, ахопленая назіраньнем.

Велізарнае значэньне, як крыніцы геаграфічнай інфармацыі, маюць геаграфічныя мапы. Не выпадкова мапу завуць «другой мовай» геаграфіі, бо любое геаграфічнае дасьледаваньне пачынаецца з вывучэньня мапаў і заканчваецца складаньнем новых геаграфічных мапаў.

Для вывучэньня працэсаў і зьяваў у геаграфіі ў цяперашні час шырока ўжываюцца мэтады экспэрымэнтальных дасьледаваньняў, мадэляваньне разнастайных геаграфічных працэсаў і зьяваў.

Вынікі геаграфічных дасьледаваньняў ужываюцца для плянаваньня разьвіцьця тэрыторыяў, прагназаваньня працэсаў і зьяваў, якія адбываюцца ў прыродзе.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў