Вэрдыкт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вэрдыкт (па-лацінску: Vere dictum — праўдзіва сказанае) — у судзе прысяжных рашэньне (прысуд) прысяжных засядацеляў па пытаньні аб вінаватасьці або невінаватасьці падсуднага (абвінаваўчы або апраўдальны вэрдыкт). Заканадаўства й судовая практыка розных дзяржаваў маюць вусны й пісьмовы вэрдыкт, прычым яны могуць быць у форме адказаў на пытаньні суду або ў форме згоды з абвінаваўчым актам альбо яго адхіленьне. У судовай практыцы ЗША адрозьніваюць агульны вэрдыкт па пытаньні аб вінаватасьці й спэцыяльны вэрдыкт па пытаньні аб даказанасьці пэўных фактаў, вывад зь якіх робяць пастаянныя суды. На аснове вэрдыкту суд выносіць рашэньне аб пакараньні. Вэрдыкт прымаецца прысяжнымі аднагалосна або большасьцю галасоў. Напрыклад, у Вялікабрытаніі з 1967 году аднагалоснасьці засядацеляў пры вынясеньні вэрдыктаў не патрабуецца, такі ж парадак устаноўлены ў заканадаўстве шэрагу штатаў ЗША.