Венскі кангрэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карціна Венскі кангрэс работы Жана-Баптыста Ісабэя (1819). Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі з усіх дзяржаваў, якія прымалі ўдзел у войнах, былі запрошаныя, найбольш значныя перамовы вяла г. зв. «Вялікая Чацьвёрка» (Брытанія, Расея, Прусія і Аўстрыя) і, неўзабаве, раялісцкая Францыя.

Венскі кангрэс 1814—1815 гадоў — канфэрэнцыя прадстаўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў пад старшынствам эўрапейскага дыплямата Клемэнса Вэнцэля фон Мэтэрніха, якая праходзіла зь верасьня 1814 па чэрвень 1815. Мэтай паседжаньня было ўрэгуляваньне шматлікіх спрэчных пытаньняў, якія ўзьніклі пасьля францускіх рэвалюцыйных войнаў, напалеонаўскіх войнаў і распаду Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі. Вынікам кангрэсу стала зьмена палітычнай мапы Эўропы, зацьвярджэньне граніцаў Францыі, напалеонаўскага герцагства Варшаўскага, Нідэрляндаў, калярайнскіх княстваў, нямецкіх правінцыяў Саксоніі, шматлікіх італьянскіх тэрыторыяў, а таксама, ініцыявала стварэньне сфэры ўплываў, празь якую Францыя, Аўстрыя, Расея і Брытанія ўладжвалі лякальныя і рэгіянальныя канфлікты. Пазьней Венскі кангрэс паслужыў мадэльлю для Лігі Нацыяў і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з-за сваёй скіраванасьці да дасягненьня агульнай пазыцыі ўсімі зацікаўленымі бакамі.

Непасрэднай перадпасылкай скліканьня кангрэсу паслужыла параза і капітуляцыя напалеонаўскай Францыі ў траўні 1814, што паклала канец амаль дваццаціпяцігадовай бесьперапыннай вайне. Перамовы працягваліся нягледзячы на выбух паўстаньня, ініцыяванага драматычным вяртаньнем Напалеона з Эльбы і аднаўленьнем улады ў Францыі цягам Ста Дзён сакавіка-ліпеня 1815 году. Заключны акт Венскага кангрэсу быў падпісаны за дзевяць дзён да фінальнай паразы Напалеона пад Ватэрло 18 чэрвеня 1815 году.

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Сьцяг Вялікабрытаніі Артур Ўэлсьлі Вэлінгтан
  2. Сьцяг Партугаліі Жоакін Лоба да Сылвэіра
  3. Сьцяг Партугаліі Антоніё дэ Салданга да Ґама
  4. Сьцяг Швэцыі Граф Карл Лёвэнгайлм
  5. Сьцяг Францыі Жан-Луі-Поль-Франсуа Нуалес
  6. Сьцяг Аўстрыйскай імпэрыі Клемэнс Вэнцэль фон Мэтэрніх
  7. Сьцяг Францыі Андрэ Дзюпін
  8. Сьцяг Расейскай імпэрыі Князь Карл Робэрт Нэсэльродэ
  9. Сьцяг Партугаліі Пэдра дэ Саўса Гольстайн, граф Палмэлы
10. Сьцяг Вялікабрытаніі Робэрт Сьцюарт Каслры
11. Сьцяг Францыі Эмэрых Ёзаф Дальбэрг
12. Сьцяг Аўстрыйскай імпэрыі Барон Ёган фон Вэсэнбэрґ
13. Сьцяг Расейскай імпэрыі Прынц Андрэй Кірылавіч Разумоўскі
14. Сьцяг Вялікабрытаніі Чарлз Вэйн Ландандэры
15. Сьцяг Гішпаніі Пэдра Ґомэс Лабрадор
16. Сьцяг Вялікабрытаніі Рычард ле Пуэр Трэнч Кланкарці
17. Вакэн (пратакаліст)
18. Фрыдрых фон Ґанц (сакратар кангрэсу)
19. Сьцяг Аўстрыі Барон Вільгельм фон Гумбальдт
20. Сьцяг Вялікабрытаніі Ўільям Шоў Кэткарт
21. Сьцяг Аўстрыі Прныц Карл Аўгуст фон Гардэнбэрґ
22. Сьцяг Францыі Шарль Марыс дэ Талейран-Пэрыґор
23. Сьцяг Расейскай імпэрыі Князь Ґюстаф Эрнст фон Стакльбэрґ
24. Сьцяг Аўстрыйскай імпэрыі Аўстрыйскі імпэратар Франц I (верагодна)
25. Сьцяг Аўстрыйскай імпэрыі Вэнцэль Антон фон Каўніц

Чатыры Вялікія дзяржавы і Прусія

Рашэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кангрэс санкцыянаваў уключэньне ў склад новага каралеўства Нідэрлянды тэрыторыі Аўстрыйскіх Нідэрляндаў (сучасная Бэльгія), аднак усе астатнія ўладаньні Аўстрыі вярнуліся пад кантроль Габсбургаў, у тым ліку Лямбардыя, Вэнэцыянская вобласьць, Таскана, Парма й Тыроль. Прусіі дасталася частка Саксоніі, значная тэрыторыя Вэстфаліі й Райнскай вобласьці. Данія, былая саюзьніца Францыі, пазбавілася Нарвэгіі, перададзенай Швэцыі. У Італіі была адноўленая ўлада папы рымскага над Ватыканам і Папскай вобласьцю, а Бурбонам вярнулі Каралеўства Абедзьвюх Сіцыліяў. Быў таксама створаны Нямецкі саюз. Частка створанага Напалеонам Герцагства варшаўскага ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі пад назвай Царства Польскае, а расейскі імпэратар станавіўся й польскім каралём.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]