Васіль IV Шуйскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль IV Шуйскі
цар усяе Русі[d]
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1552[1],
Памёр 12 верасьня 1612(1612-09-12)[1][2],
Пахаваны
Нашчадкі Настасься Васілеўна[d]
Дынастыя Шуйскія
Сужэнец Марыя Буйносава-Растоўская[d] і Yelena Repnina[d]
Бацька Іван Шуйскі[d]

Васі́ль IV Шу́йскі (1552 — 12 верасьня 1612) — маскоўскі князь, цар з 1606 да 1610 году. З роду князёў Шуйскіх, сын князя Івана Андрэевіча Шуйскага.

Біяграфія да ўзыходжаньня на царства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баярын і кіраўнік Маскоўскай суднай палаты з 1584 году. Рында зь вялікім саадакам у паходах 1574, 1576, 1577 і 1579. Ваявода Вялікага палка ў паходзе да Серпухава летам 1581. Ваявода Вялікага палка ў паходзе да Ноўгараду ў ліпені 1582 пры браце Андрэі. Ваявода палка правай рукі ў паходзе да Серпухава ў красавіку 1583. Ваявода смаленскі ў 1585—1587. Па невядомых чыньніках быў у недоўгачасовай ссылцы ў 1586.

Падчас перасьледу Шуйскіх Гадуновым з 1587 знаходзіўся ў ссылцы ў Галічы. У 1591 Гадуноў, ужо ня бачачы небясьпекі ад Шуйскіх, вяртае іх у Маскву. З тых часоў Шуйскія ў цэлым паводзілі сябе лаяльна.

У 1591 вёў сьледзтва па справе царэвіча Дзьмітрыя. Быўшы пад строгім наглядам Гадунова, Шуйскі прызнаў чыньнікам сьмерці царэвіча самазабойства, няшчасны выпадак. З гэтага жа году ізноў уведзены ў Баярскую думу. Пасьля гэтага быў ваяводай наўгародзкім. Першы ваявода палка правай рукі ў войску Мсьціслаўскага ў Крымскім паходзе да Серпухава 1598.

Са студзеня 1605 прызначаны ваяводам палка правай рукі ў паходзе супраць Ілжэдзьмітрыя і ў бітве пад Дабрынічамі атрымаў перамогу. Аднак, ня моцна жадаючы перамогі Гадунова, бязьдзейнасьцю даў узмацніцца самазванцу.

Пасьля падзеньня Гадунова спрабаваў ажыцьцявіць пераварот, аднак быў арыштаваны й сасланы разам з братамі. Але Лжэдзьмітрыю неабходна была баярская падтрымка, і ў канцы 1605 Шуйскія вярнуліся ў Маскву.

Падчас паўстаньня 17 траўня 1606 Ілжэдзьмітры I быў забіты, а 19 траўня група прыхільнікаў Васіля Іванавіча абвясьціла Шуйскага царом. Быў каранаваны 1 чэрвеня Наўгародзкім мітрапалітам Ісідарам. Васіль Іванавіч даў крыжацалавальны запіс, які абмяжоўваў яго ўладу. У пачатку чэрвеня ўрад Шуйскага абвясьціў Барыса Гадунова забойцам царэвіча Дзьмітрыя.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўленьне палоннага цара Васіля Шуйскага Сэнату і Жыгімонту III у Варшаве. 1611 год

Прыход Шуйскага да ўлады ўзмацніў барацьбу сярод баярства і паміж паўднёвым і сталічным дваранствам, што прывяло да паўстаньня пад кіраўніцтвам І. Балотнікава. У барацьбе зь ім Шуйскі высунуў праграму кансалідацыі ўсіх пластоў клясы фэадалаў, улічваючы іх інтарэсы ў палітыцы па сялянскім (Укладаньне 9 сакавіка 1607), халопскім (загады 1607—1608), зямельным і фінансавым пытаньнях.

Асобныя саступкі ў заканадаўстве аб халопах былі накіраваныя на раскол лягеру паўстанцаў. Згуртаваньне клясы фэадалаў да вясны 1607 і падтрымка найбуйнейшых гарадоў Паволжа і поўначы дазволілі Шуйскаму ў кастрычніку 1607 разграміць паўстаньне. Але ўжо ў жніўні 1607 пачаўся новы этап інтэрвэнцыі Рэчы Паспалітай у Расею (Лжэдзьмітры II). Пасьля паразы пад Волхавам (1 траўня 1608), урад Шуйскага быў абложаны ў Маскве. Да канца 1608 шматлікія раёны краіны апынуліся пад уладай Ілжэдзьмітрыя II. У лютым 1609 урад Шуйскага склаў дамову са Швэцыяй, па якім за найманьне швэдзкіх войскаў саступаў частку расейскае тэрыторыі.

З канца 1608 пачаўся стыхійны народны рух супраць інтэрвэнтаў, узначаліць які ўрад Шуйскага (у асобе камандуючага расейска-швэдзкім войскам князя Міхаіла Скопіна-Шуйскага) здолеў толькі з канца зімы 1609. Да сакавіка 1610 Масква і вялікая частка краіны былі вызваленыя. Але яшчэ ў верасьні 1609 пачалася адкрытая інтэрвэнцыя Рэчы Паспалітай.

Параза войскаў Дзьмітрыя Шуйскага пад Клушынам ад войска Жыгімонта III 24 чэрвеня 1610 і паўстаньне ў Маскве прывялі да падзеньня Шуйскага. 27 ліпеня 1610 часткай баярства, сталічнага і правінцыйнага дваранства Васіль IV Іванавіч быў зрынуты з пасады й гвалтоўна пастрыжаны ў манахі. У верасьні 1610 ён быў выдадзены гетману Жалкеўскаму, які вывёз яго ў кастрычніку пад Смаленск, а пазьней у Рэч Паспалітаю. Памёр у зьняволеньні ў Гастынском замку, за 130 вёрстаў ад Варшавы.

Шлюбы і дзеці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • князёўна Алена Міхайлаўна Рапніна (? — 1592), дачка баярына князя Міхаіла Пятровіча Рапніна
  • (з 1608) князёўна Марыя Пятроўна Буйносава-Растоўская (? — 1626), дачка князя Пятра Іванавіча Буйносава-Растоўскага
    • Ганна Шуйская (1609 — памерла ў маленстве)
    • Настасься Шуйская (1610 — памерла ў маленстве)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Vasily (IV) Shuysky // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б в Basili IV de Rússia // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.
Папярэднік
Лжэдзьмітры I
Цар і вялікі князь маскоўскі
1606—1610
Наступнік
Сямібаяршчына, Уладзіслаў Ваза

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Васіль IV Шуйскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў