Біблія і гомасэксуальнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Біблія і гомасэксуалізм»)

Бі́блія згадвае гомасэксуальнасьць некалькі разоў як у Старым, так і ў Новым Запаветах. Рэлігіі, заснаваныя на Бібліі, — юдаізм і хрысьціянства — разглядаюць гомасэксуальныя зносіны як грэх[1]. У Новым Запавеце апостал Павал называе аднаплоцевае паяднаньне «ганебнай пажадай» і «аблудай»[2].

Стары Запавет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне чалавека[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрэска «Стварэньне Адама»

У аповедзе пра стварэньне чалавека (Быцьцё, 1:27—28):

І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.

І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю…

Хам і Ной[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя глуму Хама над сваім бацькам Ноем (Быцьцё, 9:20—27), на думку шэрагу багасловаў, утрымлівае прымёк на нейкія сэксуальныя дзеяньні.[Крыніца?]

Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;

і выпіў ён віна, і ап’янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.

І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.

А Сім і Яфэт узялі вопратку і, паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго…

Садом і Гамора[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Садом і Гамора
«Зьнішчэньне Садома і Гаморы». Джон Мартын, 1852

Аповед пра грэх жыхароў Садома і Гаморы і вынішчэньне гэтых местаў зьмешчанае ў тэксьце кнігі Быцьця, 19:4-11. Гэты аповед зьяўляецца адным з найбольш частых аргумэнтаў супраць гомасэксуальных адносінаў і, адначасна, выклікае разнастайныя супярэчнасьці і спрэчкі.[Крыніца?]

Яшчэ ня леглі яны спаць, як гарадзкія жыхары, Садомцы, ад маладога да старога, увесь люд з усіх канцоў горада, абступілі дом

і выклікалі Лота і казалі яму: дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? выведзі іх да нас; мы спазнаем іх.

Лот выйшаў да іх да ўваходу і замкнуў за сабою дзьверы,

і сказаў: братове мае, не рабеце ліхога;

вось, у мяне дзьве дачкі, якія не спазналі мужчыны; лепей я выведу іх да вас, рабеце зь імі, што вам заўгодна; толькі людзям гэтым не рабеце нічога, бо яны прыйшлі пад дах дома майго…

Сьвятарская кніга (Лявіт)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьвятарская кніга

Прарок Майсей у 18-м разьдзеле Сьвятарскай кнігі (Лявіт) абвяшчае наказ Госпада ня класьціся «з мужчынам, як з жанчынаю», каб «ня скінула зь сябе зямля», бо «душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаны будуць з народу свайго». Тамсама аднаплоцевае ўзьляжаньне называецца «мярзотай» і часткай «агідных завядзёнак», «апаганьваньня», «беззаконьня», «брыдотаў» і «гідотаў»:

«1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: Я Гасподзь, Бог ваш. ...

4. Мае законы выконвайце і Мае пастановы шануйце, учыняючы паводле іх. Я Гасподзь, Бог ваш.

5. Шануйце пастановы Мае і законы Мае, выконваючы якія, чалавек будзе жывы. Я Гасподзь. ...

22. Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота. ...

24. Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас;

25. і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконьне яе, і скінула зямля тых, што жывуць на ёй.

26. А вы шануйце пастановы Мае і законы Мае і не рабеце ўсіх гэтых гідотаў, ні тубылец, ні прыхадзень, што жыве сярод вас,

27. бо ўсе гэтыя брыдоты рабілі людзі гэтай зямлі, што перад вамі, і апаганілася зямля;

28. каб і вас ня скінула зь сябе зямля, калі вы пачняце паганіць яе, як яна скінула людзей, што былі да вас;

29. бо калі хто будзе рабіць усе гэтыя брыдоты, дык душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаныя будуць з народу свайго.

30. Дык вось, шануйце загады Мае, каб ня ўчыняць паводле агідных завядзёнак, паводле якіх учынялі да вас, і каб не апаганьвацца імі. Я Гасподзь, Бог ваш»[1].

У 20-м разьдзеле Сьвятарскай кнігі Майсей кажа, што згодна з наказам Госпада абодва аднаплоцевыя ўзьляжальнікі «хай будуць аддадзеныя сьмерці», бо ўчынілі «гідоту»:

«1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: ...

13. Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх»[1].

Гіва Веньямінава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У аповедзе 19 разьдзелу кнігі Судзьдзяў апісаная гісторыя, вельмі падобная да гісторыі Садома й Гаморы. Нейкі лявіт са сваёй рабыняй апынуўся ў чужым месьце (Гіве Веньямінавай), дзе іх гасьцінна прымае адзін з жыхароў. Аднак іншыя месьцічы намагаюцца зьдзейсьніць над госьцем сэксуальны глум.

Калі яны разьвесялілі сэрцы свае, вось, жыхары гораду, людзі распусныя, атачылі дом, стукаліся ў дзьверы і казалі старому, гаспадару дома: выведзі чалавека, які ўвайшоў у дом твой, мы спазнаем яго…

Давід і Ёнатан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Давід і Ёнатан, «La Somme le Roy», 1290; Фрагмэнт ілюстрацыі манускрыпту; Брытанскі музэй

Гісторыя сяброўства Давіда і Ёнатана, якая зьмешчаная ў тэкстах 1-й кнігі Царстваў, традыцыйна разглядаецца як біблійны прыклад мужчынскага сяброўства і сяброўскай любові. У апошнія дзесяцігодзьдзі XX стагодзьдзя шэраг дасьледнікаў вылучылі розныя інтэрпрэтацыі таго, што аповед пра блізкасьць між Давідам і Ёнатанам сьведчуць пра аднаполае каханьне між імі.[Крыніца?]

Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу…

Новы Запавет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апостал Павал у 1-м разьдзеле Пасланьня да рымлянаў называе аднаплоцевае паяднаньне «ганебнай пажадай» і «аблудай», выкліканай адмовай «мець Бога ў розуме»:

«21 Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца:

22 называючы сябе мудрымі, здурнелі

23 і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, —

24 дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы;

25 яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін.

26 Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае;

27 гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.

28 І як што яны не стараліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог розуму перавернутаму — чыніць непатрэбшчыну;

29 так што яны поўныя ўсялякай няпраўды, распусты, зламыснасьці, ліхазьдзірства, злосьці, поўныя зайздрасьці, душагубства, звады, ашуканства, ліхадушнасьці,

30 яны паклёпнікі, хлусы, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, вынаходлівыя на зло, бацькам непакорлівыя,

31 неразумныя, вераломныя, нелюбы, няпрымірцы, нелітасьціўцы.

32 Яны ведаюць праведны вырак Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя сьмерці; аднак жа ня толькі гэта робяць, але і сабе падобных падахвочваюць»[2].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Майсей. Лявіт (Разьдзелы 18, 20) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пераклад Васіля Сёмухі, рэд. Юрка Рапецкі. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 164—165, 167—168. — 1536 с.
  2. ^ а б Апостал Павал. Пасланьне да рымлянаў (Разьдзел 1. Вершы 21—32) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пераклад Васіля Сёмухі, рэд. Юрка Рапецкі. — Данканвіл(en): Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 1406-1407. — 1536 с. — 10 000 ас. — ISBN 1-58712-085-2