Бярэзіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Бярэзіна
лац. Biarezina
Бярэзіна каля Асіпавічаў
Бярэзіна каля Асіпавічаў
Агульныя зьвесткі
Выток каля м. Докшыцаў
Вусьце Дняпро
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Віцебская вобласьць, Магілёўская вобласьць, Менская вобласьць і Гомельская вобласьць
Даўжыня 613 км
Сярэднегадавы сьцёк 142 м³/с
Плошча басэйну 24,5 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,11 ‰
Месцазнаходжаньне
Бярэзіна на мапе

Бярэ́зіна — рака ў Беларусі, правы прыток Дняпра. Цячэ ў Віцебскай, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях. Даўжыня 613 км. Плошча вадазбору 24,5 тыс. км². Выдатак вады ў вусьці 142 м³/с. Агульны спад 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 .

Асноўныя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На рацэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лета 2021 году на Бярэзіне

Пачынаецца на паўднёвым захадзе ад места Докшыцаў. Агульная даўжыня рачной сыстэмы (425 рэчак) 8490 км, шчыльнасьць рачной сеткі 0,35 км/км². Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоваў працяканьня падзяляецца на 3 дзялянкі: верхняя (ад вытоку да вусьця Гайны, 168 км), сярэдняя (паміж вусьцямі Гайны і Сьвіслачы, 205 км), ніжняя (ад утоку Сьвіслачы да вусьця 240 км).

Асаблівасьць воднага рэжыму — высокія паводкі позна ўвосень і іхны спад у пэрыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасьць сьцёку. Веснавое разводзьдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяглым сьнегараставаньні — некалькімі хвалямі. Пад′ём узроўню (працягласьць 20—30 дзён) пачынаецца зь сярэдзіны сакавіка; сярэдняя вышыня 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найбольшая 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводзьдзя ад вытоку да вусьця на працягу 8 дзён. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 дзён, у ніжняй плыні да 2 месяцаў. Замярзае ў 1-й палове сьнежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 30—60 см (канец лютага — пачатак сакавіка). Веснавы ледаход 4—7 дзён. Сярэдняя тэмпэратура вады ўлетку 18—20 °С. Сярэдні сьцёк завіслых наносаў каля Барысава 7,2 тыс. т.

Верхняя плынь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верхняй плыні цячэ празь Бярэзінскі біясфэрны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Пялік. Мае 12,8 км каналізаванага рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зьліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасьцю. Абалона забалочаная, купістая, шырынёй 2—3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,3—1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназьвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясковымі выспамі. Шырыня ракі 15—20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных дзялянках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясковыя, забалочаныя.

Сярэдняя плынь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдняй плыні даліна выразная, трапэцападобная, шырыня яе 2—3 км, месцамі — да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызьняком. Каля падэшвы схілаў багата выйсьцяў грунтавых водаў. Абалона да вусьця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5—2 км, хмызьнякова-лугавая. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,5—3 м, тэрмінам ад 10—20 дзён да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча зьвілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60—80 м, найбольшая 100—300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1—2 м.

Ніжняя плынь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ніжняй плыні да вусьця даліна пераважна трапэцападобная, шырынёй 2—8 км, месцамі звужаецца да 0,3—0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6—15 м, месцамі 20—25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Абалона вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5—5 км. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,2—3,5 м тэрмінам да 1,5 месяца. Рэчышча зьвілістае, шмат плаўных лукавінаў, адмелінаў, затокаў, рукавоў, старыцаў і абалонавых азёраў. Шырыня ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1—2 м да 15 м[1].

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вадазбор на паўднёва-ўсходнім схіле Беларускай грады, якая зьяўляецца водападзелам паміж Балтыйскім і Чорным морамі. На поўначы мяжуе з басэйнам ракі Дзьвіны, на захадзе, усходзе і поўдні — адпаведна з басэйнамі рэчак Пцічы, Друці і Прыпяці. Найбольшая даўжыня басэйну 320 км, сярэдняя шырыня — 77 км. У верхняй плыні перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з марэннымі і дзюнавымі пагоркамі, што ўзвышаюцца на 10—15 м. Значную частку басэйну займае плоскахвалістая Цэнтральнабярэзінская раўніна (сярэдняя вышыня 150—180 м), дзе сустракаюцца дзялянкі марэнавых градаў вышынёй 20—30 м. У ніжняй плыні Цэнтральнабярэзінская раўніна плыўна пераходзіць у забалочаную нізіну Гомельскага Палесься (сярэдняя вышыня 140—160 м) зь невялікімі пясковымі падвышэньнямі і неглыбокімі праточнымі лагчынамі. Тут знаходзіцца найніжэйшае (118 м над узроўнем мора) месца вадазбору. Найбольш прыпаднятая паўночна-заходняя частка вадазбору знаходзіцца на ўсходніх схілах моцна падзеленага Менскага ўзвышша з адноснымі вышынямі асобных узгоркаў да 80—100 м.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Значную частку басэйну (каля 35%) займаюць лясныя масівы. Вялікія масівы засяроджваюцца ў верхняй частцы вадазбору (Бярэзінскі біясфэрны запаведнік), у басэйнах прытокаў рэчак Гайны, Ольсы, Алы і ў нізоўях ракі Сьвіслачы. Пераважаюць хвоя, елка, у далінах нярэдка сустракаюцца абалонавыя дубровы і асінава-бярозавыя гаі.

Жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Суднаходзтва ад вёскі Бродаў Барысаўскага раёну (494 км ад вусьця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік мэліярацыйных каналаў.

На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы. На 1 студзеня 2006 году мэліяраваныя каля 16% плошчы басэйну, здадзеныя ў эксплюатацыю каля 15 700 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. Найбольш схільнымі да мэліярацыйных пераўтварэньняў зьяўляюцца вадазборы наступных прытокаў: Поня (29%), Пліса (27%), Ала (18%), Сьведзь (30%), Ведрыч (25%)[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 82—83.
  2. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]