Аляксандар Дубчак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Дубчак

Аляксандар Дубчак (1989 год)
28 сьнежня 1989 — 25 чэрвеня 1992
Папярэднік Peter Colotka[d]
Наступнік Міхал Ковач
5 студзеня 1968 — 17 красавіка 1969
Папярэднік Антанін Новатны[d]
Наступнік Густаў Гусак
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 27 лістапада 1921(1921-11-27)[1][2][3][…]
Памёр: 7 лістапада 1992(1992-11-07)[1][2][3][…] (70 гадоў)
Партыя:
Сужэнец: Anna Dubček[d]
Дзеці: Pavol Dubček[d][10]
Адукацыя:
Узнагароды:
Кавалер ордэна Людавіта Штура I ступені
Кавалер ордэна Людавіта Штура I ступені

Аляксандар Ду́бчак (славац. Alexander Dubček; 27 лістапада 1921, Угравэц, Чэхаславаччына — 7 лістапада 1992, Прага, Чэхаславаччына) — чэхаславацкі дзяржаўны і грамадзкі дзяяч, на пасту першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны ў студзені 1968 — красавіку 1969 — галоўны ініцыятар курсу рэформаў, вядомых як Праская вясна[11][12].

Дзяцінства і маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнічны славак, Аляксандар Дубчак нарадзіўся ў мястэчку Угравэц каля гораду Банаўце-над-Бебравоў у сям’і сталяра. Ягоныя бацькі, рабочыя-мігранты, пазнаёміліся ў ЗША.

У 1925 годзе сям’я Дубчака ў складзе групы славацкіх камуністаў выехала ў СССР, у Кыргыстан, дзе яны арганізавалі каапэратыў "Інтэргельпо" (на мове іда "узаемадапамога"); потым сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад. Вучыўся ў сярэдніх школах Бішкека і Ніжняга Ноўгарада да вяртаньня на радзіму ў 1938 годзе. У Славаччыне працаваў на заводах Трэнчына ў якасьці спачатку вучня сьлесара, за потым сьлесара па рамонце абсталяваньня.

У 1939 годзе ўступіў у Кампартыю Чэхаславаччыны, а пасьля ўварваньня нямецкіх войскаў у Чэхію і Маравію і абвяшчэньня незалежнасьці Славаччыны пад кіраўніцтвам Ёзэфа Ціса ўдзельнічаў у антыфашыстоўскім руху. Працаваў кавалём на заводзе "Шкода" ў Дубніцы над Вагам, пад час Другой сусьветнай вайны 1941—1944 будучы рэфарматар падтрымліваў цесныя сувязі з падпольшчыкамі. Удзельнічаў у Славацкім нацыянальным паўстаньні, двойчы паранены.

Пасьля вайны ад 1945 да 1949 году працягваў сваю працоўную дзейнасьць на харчовым прадпрыемстве ў Трэнчыне, якое спэцыялізавалася на вырабе дражджэй.

У 1949 годзе быў канчаткова пераведзены на партыйную працу, стаўшы спачатку сакратаром, потым першым сакратаром Трэнчынскага абкама Кампартыі Славаччыны, а з 1951 году — першым сакратаром у Банскай Быстрыцы (да 1952) і дэпутатам Нацыянальнага сходу (да 1955). Скончыўшы ў 1955 годзе юрыдычны факультэт Унівэрсытэту Коменскага (Браціслава), паступіў у Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. Пасьля сканчэньня гэтай вучэбнай установы ў 1958 годзе быў прызначаны на пасаду першага сакратара абкама Кампартыі Славаччыны. У 1960—1969 гады — сакратар, першы сакратар і сябар прэзыдыюма ЦК Кампартыі Славаччыны, а таксама дэпутат і Старшыня Фэдэральнага сходу ЧССР.

Лідар рэфарматараў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На хвалі сваёй папулярнасьці, выкліканай ягонымі выступамі ў абарону інтэлігенцыі, пастаўленай у жорсткія рамкі дзяржаўнага кантролю рэжымам прэзыдэнта Антаніна Новатнага (які адначасова займаў пост першага сакратара ЦК КПЧ), Дубчак ператварыўся ў прызнанага лідэра апазыцыі супраць кансэрватыўных нэасталіністаў, якія дамініравалі ў кіраўніцтве чэхаславацкай Кампартыі. Ён прыйшоў да высновы, што краіна патрабуе абнаўленьня дзяржаўнага апарату, стварэньня прынцыпова новай мадэлі сацыялістычнай дэмакратыі, якая магла б спалучыць найлепшыя традыцыі сацыялістычнага будаўніцтва ў краінах сацыялістычнага лягеру і здабыткі эўрапэйскай сацыял-дэмакратыі, галоснасьці, свабоды слова і друку. Праекты Дубчака адносна дэцэнтралізацыі эканомікі і пашырэньня ўдзелу рабочых у кіраваньні, атрымалі назву "сацыялізму з чалавечым тварам". Паказальна, што першым патрабаваньнем, якое высунуў Дубчак яшчэ напрыканцы 1950-х гадоў, было вызваленьне ахвяраў папярэдніх палітычных рэпрэсій, у тым ліку аднаго зь лідэраў славацкіх камуністаў — Густава Гусака, які пазьней прыйдзе на зьмену Дубчаку на пасадзе першага сакратара КПЧ з падачы Масквы і кансэрватараў.

Праская вясна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама: Праская вясна

Стаўшы 5 студзеня 1968 году першым сакратаром ЦК КП Чэхаславаччыны, Дубчак пры падтрымцы прэзыдэнта Людовіка Свобады, які прыйшоў на зьмену Новатнаму, ініцыяваў шэраг ператварэньняў, накіраваных на істотную лібэралізацыю і дэмакратызацыю рэжыма.

Праграма дзеяньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бюст з надпісам на словацкай мове: «Славацкі дзяржаўны дзяяч»
А. Дубчак — зьлева ў першым шэрагу, Людвік Свобада (у цэнтры) і Нікалае Чаўшэску (справа) пад час візыта ў Чэхаславаччыну. (1968)
Помнік на магіле А. Дубчака. Братыслава
Памятны знак Дубчаку, каля месца аўтакатастрофы недалёка ад горада Гумполец

У красавіку 1968 паплечнікі Дубчака (Р. Рыхта, О. Шык, П. Аўэспэрг) прапанавалі сваю "Праграму дзеяньняў"[13], зацьверджаную кіраўніцтвам КПЧ, — праграму рэфармаваньня і забесьпячэньня "ідэйнага плюралізму".

Палітыка першага сакратара заваявала падтрымку шырокіх слаёў насельніцтва краіны. 70 вядучых дзеячаў навукі і культуры падпісаліся пад артыкулам "Дзьве тысячы слоў", накіраванай на ўхваленьне курса рэформ. Адначасова пачаўся перасьлед артадаксальных колаў партыі, перш за ўсё Новатнага. Яны былі звольненыя з кіруючых пастоў пад падставай спробы дзяржаўнага перавароту. Праходзілі мітынгі і дэманстрацыі.

Рэакцыя СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Такая сытуацыя выклікала апаску з боку Савецкага Саюза. Юры Андропаў, сьведка падзей 1956 году ў Вугоршчыне, казаў пра небясьпеку страты кантролю над Чэхаславаччынай: "Яны зьбіраюцца зрабіць с краіны нешта накшталт Югаславіі, а потым - Аўстрыі".

Кіраўнікі пяці краінаў Арганізацыі Варшаўскай дамовы 15 ліпеня 1968 году адрасавалі КПЧ ліст аб неабходнасьці наступу на "правае крыло" ў партыі і "антысацыялістычныя сілы" ў краіне. Тым ня менш, ліст ня толькі не стрымаў рэфарматараў з чэхаславацкага ўраду ў іх імкненьні да рэформаў, але таксама выклікаў рэзкую рэакцыю грамадзкасьці. У адказе на "ліст пяці" чэхаславацкая Кампартыя выказала сваю нязгоду з "дэскрыдытыраванымі бюракратычна-паліцэйскімі мэтадамі", але пацьвердзіла ляяльнасьць да Масквы.

Ужо 29 ліпеня 1968 году на закрытых перамовах з Брэжневым і іншымі кіраўнікамі СССР (Касыгіным, які па сутнасьці і вёў усе перамовы) у памежным гарадку Чыерна-над-Цісаў Дубчак патрабаваў вываду савецкіх войскаў, якія засталіся ў Чэхаславаччыне пасьля сумесных манэўраў, справядліва боячыся выкарыстаньня савецкіх сіл для задушэньня Праскай вясны; савецкія прадстаўнікі настаялі на "стабілізацыі" настрою ў ЧССР. Заключная Браціслаўская дамова 3 жніўня 1968 году замацавала вывад усіх войскаў іншых удзельнікаў АВД з тэрыторыі краіны. СССР абавязваўся не перашкаджаць правядзеньню абмежаваных рэформаў і спыніць напады ў прэсе. Чэхаславаччына, са свайго боку, пагадзілася абмежаваць антысавецкія настроі і ў далейшым праводзіць узгодненую з Крамлём палітыку.

Увод войскаў Варшаўскай дамовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама: Апэрацыя «Дунай»

Нягледзячы на заключэньне пагадненьня, кіраўніцтва краінаў Варшаўскай дамовы працягвала распрацоўваць плян ваеннага ўмяшаньня. 19 жніўня 1968 году нарада пяці сябраў АВД асудзіла чэхаславацкае кіраўніцтва, дзейнасьць якога нібыта "пагражала заваёвам сацыялізму". Пад маркай прадухіленьня контррэвалюцыйнага перавароту, сілы 5 краінаў — сябраў Варшаўскай дамовы (СССР, Польшчы, ГДР, Вугоршчыны і Баўгарыі), заручыўшыся падтрымкай цэлага шэрагу значных грамадзкіх дзеячаў Чэхаславаччыны, якія падпісаліся пад просьбай увесьці войскі для абароны сацыялізму, 20 жніўня 1968 году перасяклі мяжу краіны на мэце зьняць рэфарматараў у яе кіраўніцтве. За лічаныя гадзіны магутны 124-тысячны кантынгент "сяброўскіх дзяржаў" заняў усе ключавыя пункты Чэхіі і Славаччыны.

Пры паведамленьні пра ўварваньне ў кабінэце Дубчака ў ЦК КПЧ тэрмінова сабраўся Прэзыдыюм КПЧ. Ён прыняў адозву, у якой асудзіў деяньні саюзных дзяржаваў, лічачы, што яны парушаюць нормы міжнароднага права, а таксама прыняў рашэньне аб тэрміновым скліканьні партыйнага зьезда. Сам Дубчак у сваім радыёзвароце да жыхароў краіны заклікаў грамадзян захоўваць спакой і не дапусьціць праліцьця крыві і фактычнага паўтору вугорскіх падзей 1956 году.

Па сьцьвярджэньні савецкага дыплямата Валянтына Фаліна, які пад час гэтых падзей узначальваў 2-гі Эўрапэйскі (брытанскі) аддзел МЗС СССР 16 жніўня Дубчак сам прасіў Брэжнева ўвесьці савецкія войскі ў Чэхаславаччыну[14].

У 4:30 раніцы 21 жніўня будынак ЦК быў акружаны савецкімі войскамі і бронетэхнікай, унутр уварваліся салдаты Таманскай дывізіі і арыштавалі прысутных. Некалькі гадзін Дубчак і іншыя сябры ЦК правялі пад дуламі савецкіх аўтаматаў. У 10 гадзін раніцы Дубчака, прэм’ер-міністра Чэрніка, старшыню парляманту Смркоўскага, старшыню Нацыянальнага фронту Францішка Крыгеля і шэраг іншых дубчакцаў на савецкіх БТРах вывезьлі на аэрадром і даставілі ў Маскву.

Між тым пратэстоўцы аказвалі вайскоўцам краінаў Варшаўскай дамовы, уведзеным у Прагу для задушэньня паўстаньня актыўны супраціў, у большасьці сваёй (але далёка не заўсёды) негвалтоўнае. XIV (Высачанскі) зьезд КПЧ, які прайшоў падпольна ў рабочым раёне Прагі, зьвярнуўся да ўсіх камуністычных і рабочых партыяў сьвету з просьбай асудзіць савецкае ўварваньне (супраць дзеяньняў АВД, у прыватнасьці, выступілі Кампартыі Югаславіі, Румыніі, КНР, Альбаніі, Кубы і большасьці краінаў Заходняй Эўропы).

Першапачатковы плян Масквы прадугледжваў арышт дубчакаўцаў і стварэньне "часовага рэвалюцыйнага ўраду" зь сябраў антыдубчакаўскай фракцыі на чале з Індрам. Аднак ва ўмовах грамадзянскага непадпарадкаваньня, падтрыманага рашэньнямі Высачанскага зьезда, і таго факту, што прэзыдэнта Свобада катэгарычна адмовіўся ўзаконіць магчымы "ўрад", Масква зьмяніла свае намеры і прыйшла да высновы пра неабходнасьць дамовіцца з законным чэхаславацкім кіраўніцтвам. 23 жніўня ў Маскву выляцеў Свобада разам с віцэ-прэм’ерам Густавам Гусакам. 25 жніўня з Дубчакам і яго таварышамі пачаліся перамовы, і 26 жніўня яны закончыліся падпісаньнем так званага Маскоўскага пратакола з 15 пунктаў (афіцыйная назва "Праграма выйсьця з крызыснай сытуацыі"), у цэлым на савецкіх умовах. Пратакол прадугледжваў непрызнаньне законнасьці XIV зьезда, згортваньне дэмакратычных пераўтварэньняў і працяг знаходжаньня ў Чэхаславаччыне пастаяннага кантынгэнту савецкіх войск. Дубчак пагадзіўся зь неабходнасьцю падпісаць пратакол, які фактычна ліквідаваў заваёвы "Праскай вясны" і абмяжоўваў сувэрэнітэт Чэхаславаччыны, бачачы ў гэтым неабходную цану за прадухіленьне рэпрэсій, праліцьця крыві і жахаў жорсткага акупацыйнага рэжыму. Гэтым таксама кіраваўся прэзыдэнт Свобада, які прыбыў у Маскву і энэргічна настойваў на падпісаньні пагадненьня. Гэтага ж патрабаваў сябра чэхаславацкай дэлегацыі Густаў Гусак, які адкрыта перайшоў на бок Масквы і пасьля быў прызначаны лідэрам КПЧ. Паводле ўспамінаў сакратара Прэзыдыюму Млынаржа, Дубчак некалькі радоў гістэрычна крыкнуў: "Я не падпішу - і усё!", аднак пасьля ўведзенага яму заспакойлівага ўколу згадзіўся падпісаць. З усіх сябраў "чэхаславацкай дэлегацыі" (такую афіцыйную назву атрымала гэтая група) падпісаць пратакол адмовіўся толькі Францішак Крыгель. Савецкія таварышы за гэта паспрабавалі пакінуць яго ў СССР, але Дубчак і іншыя сябры дэлегацыі адмовіліся вылятаць безь яго, і Крыгель быў сьпешна дастаўлены ў аэрапорт[15][16][17][18].

25 жніўня 1968 году савецкія дысыдэнты выйшлі ў Маскве на дэманстрацыю, адзін зь лёзунгаў якой гучаў: "Свабоду Дубчаку"[19].

Паміж Праскай вясной і Аксамітнай рэвалюцыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вяртаньня ў Прагу да красавіка 1969 году Дубчак фармальна быў на пасту першага сакратара ЦК КПЧ і ўзначальваў Фэдэральны сход Чэхаславаччыны, паколькі зьняцьцё рэфарматарскага крыла КПЧ праводзілася паступова. Таму на красавіцкім пленуме ЦК КПЧ (1969) Дубчак быў адхілены ад улады і заменены іншым славакам — Густавам Гусакам, цалкам ляяльным да СССР.

Зьняты з пастоў у сваёй краіне, у 1969—1970 гадах быў амбасадарам у Турцыі.

Паказальна, што напрамую Дубчаку абвінавачваньні ў апартунізьме не прад’яўляліся, але ён абвінавачваўся ў патуральніцтве "праваапартуністычным апанэнтам". З-за гэтых абвінавачваньняў ў 1970 годзе Дубчак быў выключаны з Кампартыі Чэхаславаччыны, пазбаўлены статусу дэпутата і накіраваны на работу кіраўніком лясьніцтвамі ў сыстэме славацкай лясной гаспадаркі, дзе прапрацаваў да выхаду на пенсію ў 1981 годзе.

Дубчак і "новая эпоха"[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1989 годзе Дубчак стаў адным з самых актыўных удзельнікаў Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне. Ад 28 сьнежня 1989 году займаў пост старшыні Фэдэральнага сходу Чэхаславаччыны. У лютым 1990 году аднавіў Сацыял-дэмакратычную партыю Славаччыны (СДПС), якая неўзабаве была прынятая ў Сацыялістычны інтэрнацыянал. 25 чэрвеня 1992 яго на пасту старшыні Фэдэральнага сходу зьмяніў Міхал Ковач.

Разглядаўся ў якасьці вядучага дзеяча дэмакратычных левых; створаная ім СДПС да 1992 году налічвала 10 тыс сябраў (у аналягічнай партыі ў Чэхіі, ЧСДП, да сярэдзіны 1990-х было 12 тыс сябраў). Будучы славакам, быў прынцыповым праціўнікам распаду Чэхаславаччыны.

1 верасьня 1992 году аўтамабіль, у якім ехаз Дубчак па чэскай аўтастрадзе D1 Прага — Браціслава, трапіў у сур’ёзную аварыю. Атрымаўшы цяжкія пашкоджаньні хрыбетніка і грудной клеткі, Дубчак быў шпіталізаваны і больш за два месяцы знаходзіўся ў шпіталі, дзе яму была зробленая хірургічная апэрацыя. Напрыканцы кастрычніка ў стане ягонага здароўя наступіла сур’ёзнае пагаршэньне, і праз два тыдні, 7 лістапада 1992 году, памёр[20].

Пасьля гібелі аўтарытэтнага лідэра партыі і краіны некаторыя палітыкі выказвалі меркаваньні пра тое, што гэты няшчасны выпадак мог быць падстроены, каб вывесьці Аляксандра Дубчака з палітычнай арэны краіны[21]. Сьледзтва па гэтай справе працягвалася доўгія гады, у 2000 годзе справа была зачыненая, і славакае міністэрства ўнутраных спраў аб’явіла, што гібель Дубчака не была рэзультатам замовы. Паводле праведзеных разьлікаў аўтамабіль Дубчака рухаўся па трасе з высокай хуткасьцю, недапушчальнай ва ўмовах дрэннага надвор’я. За перавышэньне хуткасьці шафёр Дубчака, які выпадкова застаўся ў жывых, быў асуджаны на 12 месяцаў турмы[21].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Alexander Dubcek // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б в г Alexander Dubček // filmportal.de — 2005.
  3. ^ а б в г Alexander Dubček // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б http://spectator.sme.sk/articles/view/50436/9/dubcek_in_public_and_private.html
  5. ^ а б https://www.princeton.edu/~achaney/tmve/wiki100k/docs/Alexander_Dub%C4%8Dek.html
  6. ^ а б https://www.private-prague-guide.com/article/alexander-dubcek-the-leader-of-the-1968-prague-spring/
  7. ^ а б http://www.themoscowtimes.com/news/article/prague-spring-buried-in-moscows-history/369924.html
  8. ^ а б http://www.sheilaomalley.com/?p=45851
  9. ^ а б http://spartacus-educational.com/COLDprague.htm
  10. ^ Zomrel Pavol Dubček, syn Alexandra Dubčeka (славац.) — 2022.
  11. ^ Антон Каймаков (17 жніўня 2005) Шестидесятые годы - «оттепель» и Пражская весна. «Радыё Прага», Чэскае радыё. Праверана 5 лютага 2011 г.
  12. ^ Уладзімер Лукін «Пражская весна» 1968 года.
  13. ^ Rezoluce ústředního výboru KSČ k politické situaci
  14. ^ Пересин, О. (28 октября 2013) Посол Советского Союза (рас.). Итоги. Архіўная копія ад 22 чэрвеня 2016 г.
  15. ^ Франтишек Яноух. Франтишек Кригель (рас.)
  16. ^ Начало и конец пражской весны(рас.) Глава из книги Роя Медведева «Неизвестный Андропов».
  17. ^ Тот, кто не подписал… Памяти Франтишека Кригеля (рас.)
  18. ^ «Прости нас, Прага». Рассказывает Александр Дубчек  (рас.) // Еженедельник «Секрет». — № 43 (705).
  19. ^ Полный текст защитительной речи Л. Богораз на «процессе семерых» 1968 г (рас.) Архіўная копія ад 28 верасьня 2007 г.
  20. ^ Alexander Dubcek, 70, Dies in Prague (New York Times, 8 November 1992)
  21. ^ а б Kopanic, Michael J Jr Case closed: Dubček’s death declared an accident, not murder  (анг.) // Central Europe Review. — Vol. 2. — № 8.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]