Акмолінская вобласьць (Расейская імпэрыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Акмалінскай вобласьці
Мапа Акмалінскай вобласьці

Акмалінская вобласьць — вобласьць Расейскае імпэрыі. Створаная 19 траўня 1854 году з часткі Омскае вобласьці й Вобласьці сыбірскіх кіргізаў з цэнтрам у Омску. З 1868 году стала называцца Акмалінскай вобласьцю.

Акмалінская вобласьць у XIX стагодзьдзі займала значна большую тэрыторыю і была самай шырокай вобласьцю ў Сярэднеазіяцкіх уладаньнях Расеі, куды ўваходзіла разам з Уральскай, Тургайскай, Сяміпалацінскай, Сямірэчанскай, Фэрганскай, Сырдар'інскай, Самаркандзкай і Закасьпійскай абласьцямі.

Яна распасьціралася ад Улу-Таў і Ішыма на захадзе да Іртыша на паўночным усходзе прыблізна ад 45° да 54° паўночнае шыраты і ад 82° да 92° усходняй даўгоаты. Плошча яе была 594672,6 км² (у тым ліку пад азёрамі 11747,5 км²). У цяперашні час гэтыя тэрыторыі занятыя сучаснай Акмалінскай (цэнтар), Петрапаўлаўскай абласьцьмі Казахстана (поўнач) і паўднёвай часткай Омскай вобласьці Расеі (поўнач).

Насельніцтва вобласьці ў 1887 складала 463 347 чалавек, у ліку якіх амаль 100 000 казахаў Дзялілася на паветы: Акмалінскі, Какчатаўскі, Омскі, Петрапаўлаўскі і Атбасарскі.

Вобласьць у геалягічна дзялілася на тры часткі, якія рэзка адрозьніваюцца адна ад адной па сваіх фізычных уласьцівасьцях. Паўночная частка была ўтворана нізіннай і пяшчанай, багатай саланчакамі і салёнымі азёрамі раўнінай Іртыша.

Сярэдняя частка, парэзаная невысокімі камлюкамі, абрашалася рэкамі Ішымам, Нурай і Сары-Су. Хоць яна месцамі і камяністая і пазбаўленая леса, але, паводле адзнакаў географаў пачатку XX ст., сям-там была прыдатная да засяленьня. Тут было сканцэнтравана мінэральнае багацьце вобласьці, якое прадстаўлена пераважна золатам, медзю і каменным вуглем.

Паўднёвая частка — пустэльны, бязводны стэп, які распасьціраўся ад вытокаў Сары-Су да ракі Чу. Галоўным горадам вобласьці быў Акмалінск (цяпер Астана), на рацэ Ішым, на месцы яго найбольшага збліжэньня з Нурай, заснаваны ў 1862, быў злучаны пікетнай дарогай з горадам Каркаралінск, фортам Амкаў і Какчатавам і служыў зборным пунктам для караванаў, што ішлі з Ташкенту й Бухары. У вобласьць уваходзілі таксама гарады Омск і Петрапаўлаўск, што ляжалі ў паўночнай мяжы вобласьці.